У цесным супрацоўніцтве – на варце законнасці

У цесным супрацоўніцтве – на варце законнасці

26 чэрвеня прафесійнае свята работнікаў пракуратуры, якое з’яўляецца пацвярджэннем і прызнаннем дзяржаўнай важнасці дзейнасці органаў пракуратуры. Менавіта ў гэты дзень, 94 гады таму, у Беларусі былі зацверджаны дзяржаўная пракуратура і палажэнне аб пракурорскім наглядзе. Увесь гэты час састаўной часткай яе з’яўляецца і пракуратура Жабінкаўскага раёна.den_rabotnikov_prokuratury

Асноўнымі накірункамі нашай дзейнасці з’яўляюцца прыняцце канкрэтных мер, накіраваных на абарону канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, інтарэсаў дзяржавы, паляпшэнне каардынацыі дзейнасці ў барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй і павышэнне персанальнай адказнасці кіруючых кадраў за стан выканаўчай, вытворчай і працоўнай дысцыплін.
Ажыццяўляючы сваю праваахоўную функцыю і каардынуючую ролю ў барацьбе са злачыннасцю, мы накіроўваем намаганні праваахоўных органаў на супрацьдзеянне найбольш небяспечным злачынным замахам на жыццё і здароўе людзей і забеспячэнне іх асабістай бяспекі. Сёлета назіраецца пэўны станоўчы вынік. Так, за пяць месяцаў агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зменшылася з 89 да 65, ці на 28,15 працэнта. Таксама скарацілася колькасць цяжкіх злачынстваў, крадзяжоў маёмасці грамадзян, хуліганстваў. Не было зарэгістравана забойстваў, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, грабяжоў, разбояў.
Работнікі пракуратуры актыўна ўдзельнічаюць у выпрацоўцы і рэалізацыі комплексных мер сумесна з праваахоўнымі структурамі, органамі выканаўчай і заканадаўчай уладаў, іншымі сацыяльнымі інстытутамі, каб замацаваць тэндэнцыі скарачэння ўзроўню злачыннасці, не дапусціць незаконнае прыцягненне грамадзян да крымінальнай адказнасці і забяспечыць няўхільнае пакаранне за здзейсненыя злачынствы.
Мы актыўна працуем са зваротамі людзей. Дзякуючы гэтаму аператыўна ўхіляюцца парушаныя правы і свабоды грамадзян, суб’ектаў гаспадарання і арганізацый. Менавіта даступнасць пракурорскай сістэмы для любога чалавека, аператыўнасць нашага рэагавання забяспечваюць запатрабаванасць насельніцтвам пракурорскіх сродкаў абароны. Штогод мы разглядаем каля 40 зваротаў і прымаем усе меры да таго, каб кожны зварот атрымаў своечасовае, аб’ектыўнае і канчатковае вырашэнне.
Так, паводле скаргі Козела В. пракуратурай раёна праверана законнасць прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці за здзейсненае ім правапарушэнне. Мы выявілі парушэнні ў пакаранні, прымененым да яго, і згодна з пратэстам пракурора раёна пастанова была адменена.
Наша дзейнасць не абмяжоўваецца рэагаваннем на сігналы аб парушэннях правоў і свабод грамадзян. Узмоцнены нагляд за выкананнем заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў у арганізацыях. Матэрыялы пракурорскага нагляду сведчаць аб тым, што кіраўнікі сталі больш уважлівыя ў рабоце са зваротамі. Пра гэта сведчыць значнае зніжэнне скаргаў у пракуратуру на нязгоду з прынятым рашэннем ва ўласнай арганізацыі.
Ажыццяўляючы нагляд за выкананнем законаў і законнасцю прававых актаў сёлета ўжо праведзена 22 праверкі ў арганізацыях раёна, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, а таксама кантрольных. Згодна з патрабаваннем пракурора да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці прыцягнута 70 чалавек. Фізічнымі і юрыдычнымі асобамі кампенсавана без суда 80 мільёнаў рублёў матэрыяльнага ўрону, нанесенага незаконнымі дзеяннямі. Агульныя і эканамічныя суды задаволілі 12 іскаў пракурора і спагналі з вінаватых 1036 мільёнаў рублёў.
Асаблівую ўвагу пракуратура раёна надае гібелі людзей, бяспечным умовам працы на вытворчасці. Ажыццяўленне наглядных паўнамоцтваў па захаванні заканадаўства ў ахове працы садзейнічала скарачэнню выпадкаў вытворчага траўматызму больш чым на 70 працэнтаў. Аднак не ўсімі кіраўнікамі арганізацый раёна на пэўным узроўні выконваюцца патрабаванні згаданага заканадаўства, пра што сведчаць пракурорскія праверкі. Сёлета за пяць месяцаў мы правялі звыш дзесяці праверак у арганізацыях раёна па захаванні заканадаўства ў ахове працы і тэхніцы бяспекі, ва ўсіх выяўлены парушэнні. Асноўнымі з іх з’яўляюцца адсутнасць у работнікаў спецвопраткі, допуск да працы без праходжання стажыроўкі і работа на няспраўных агрэгатах і механізмах. Факты сведчаць і пра неналежны кантроль за гэтым саміх кіраўнікоў вытворчасці. Вынесены 4 прадстаўленні, 22 кіруючыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.
Пракуратура раёна ажыццяўляла нагляд і ў іншых грамадска-знакавых сферах праваадносін. Найперш за захаваннем законнасці пры распараджэнні дзяржаўнай уласнасцю і бюджэтнымі рэсурсамі, у падатковай і крэдытна-фінансавай сферах. Парушэнні згаданага заканадаўства выяўлены ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” і “Жабінкаўскі”, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Мы былі прынцыповыя і актыўныя пры наглядзе за безумоўным выкананнем патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў”. Праверкі выканання заканадаўства ў ахове навакольнага асяроддзя і выкарыстанні жывёльнага свету выявілі факты парушэння яго прыродакарыстальнікамі. А менавіта: недастаткова надаецца ўвагі знішчэнню баршчэўніка Сасноўскага (ААТ “Жабінкаўскі”), своечасоваму выдаленню адходаў (Пятровіцкае лясніцтва, ДРБУ №103).
Адным з важнейшых накірункаў у нашай дзейнасці застаецца барацьба з карупцыяй, тым болей, што гэта прыярытэтная задача ўсіх праваахоўных органаў. Сёлета колькасць злачынстваў, звязаных з ёю, скрацілася на 80 працэнтаў. Такое – вынік прымаемых папераджальных мер і пастаянных уласных намаганняў на ўдасканаленне дзейнасці дзяржаўных органаў па выяўленні фактаў карупцыі. Намі праведзены праверкі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Жабінка”, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і ПУАП “Азяты”. Парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства былі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы і аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Паводле вынікаў праверак унесены два прадстаўленні, адна кіруючая асоба прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.
Цяпер пракурорскія работнікі надаюць вялікую ўвагу арганізацыі і правядзенню дзяржаўных закупак. З гэтай мэтаю штомесячна аналізуецца інфармацыя аб усіх дзяржаўных закупках.
Наш калектыў цяпер – гэта сплаў вопыту і маладосці. Сумленнасць, прынцыповасць і прафесіяналізм – неад’емныя патрабаванні да кожнага работніка. Менавіта такімі якасцямі надзелены намеснік пракурора Алена Сідарук, якая працуе ў гэтай сферы з 1999 года, і памочнік пракурора Таццяна Жарынава (яна прыйшла да нас у 2008 годзе). Самы старэйшы, вядома, я. 1 жніўня будзе ўжо 30 гадоў, як займаюся аховай законнасці і парадку. Дапамагае нам у рабоце загадчыца канцылярыі Жанна Каралюк, якая добрасумленна адносіцца да выканання сваіх службовых абавязкаў.
У гэты дзень хачу выказаць прызнанасць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, суддзям, праваахоўным органам за цеснае і плённае супрацоўніцтва ў справе ўмацавання законнасці. Актыўнае наша ўзаемадзеянне садзейнічала зніжэнню злачынстваў, а значыць, і вырашэнню задач у ахове правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro