Любовь, терпение и мудрость…

Любовь, терпение и мудрость…

У загсе сказалі, што Раіса Уладзіміраўна і Сцяпан Іванавіч Хадакоўскія нядаўна адзначылі 50-годдзе з дня свайго вяселля, цікава разгадаць сакрэт іх сумеснага шчаслівага жыцця. Маўляў, няхай маладыя пары пераймаюць іх вопыт.
І вось я ля дома Хадакоўскіх. Сустрэла мяне, незвычайную госцю, гаспадыня і правяла ў пакой, дзе ўразіла безліч вазонаў, самых розных. Пакуль Раіса Уладзіміраўна дастае фотаальбомы, каб з дапамогай фотаздымкаў пазнаёміць са сваёй сям’ёй, я міжволі задумалася: “50 гадоў разам… Якая прыгожая дата! Колькі ж гэта трэба мудрасці, цярпення і кахання, каб у згодзе і паразуменні пражыць сумесна столькі і пачуць цёплыя і пяшчотныя віншаванні ў дзень залатога вяселля ад сыноў Аляксандра і Сцяпана, дачкі Святланы!..”
На твары ў Раісы Уладзіміраўны спакой, задаволенасць, у той жа час хваляванне, калі яна пачала ўспамінаць пра малодшае пакаленне. “Вось вясельнае фота майго Сашы, — расказвае жанчына, — на жаль рэдка бачымся, жыве з сям’ёй у Латвіі. Нядаўна ў Рызе абвясціла пра сябе свету праўнучка Эля. Дарэчы, у нас ужо пяцёра ўнукаў, якім мы радыя і ганарымся імі. Сын Сцяпан і дачка Святлана са сваімі сем’ямі жывуць у Жабінцы. Хацелася б, канечне, каб больш у мяне было ўнукаў і праўнукаў. Я люблю дзяцей, прыемна і радасна бачыць дружныя і вялікія сем’і”.
Потым Р.Хадакоўская расказала пра сям’ю, у якой выхоўвалася. У яе бацькоў Уладзіміра і Ганны дзетак было шасцёра: двое сыноў і чатыры дачкі. Так здарылася, што малыя вельмі рана засталіся без мацярынскай цеплыні і пяшчоты. Усе клопаты пра дзяцей леглі на плечы бацькі, якому даводзілася шмат працаваць, каб пракарміць усіх. Заробку хапала толькі на самае неабходнае, а малым жа хацелася і цукерак, і новых сукенак. Цяжкі быў час, але не сумавалі, з маленства прывучыліся да працы, усё рабілі па гаспадарцы, з яе і жылі. Яе бацьку Уладзіміра Фёдаравіча Барташука, хто ведаў, і цяпер успамінаюць як чалавека працавітага, тактоўнага і добрага. Да працы, міласэрнасці і спагады ён прывучаў і сваіх дзяцей. Яны разумелі, што адчуваць сябе ўпэўнена, дапаможа толькі праца. І пасля сямігодкі Раіса Уладзіміраўна ўладкавалася ў сталоўку, спачатку была вучаніцай, а потым памочнікам повара. Дарэчы, як высветлілася, ёй заўсёды падабалася кухарская справа: смачна гатаваць, карміць людзей.
Замуж Раіса выйшла рана — у 19. Пачаліся хатнія клопаты: будавалі дом, адзін за адным нараджаліся дзеці. Калі ў Жабінцы пачалося будаўніцтва цукровага завода, Раіса перайшла на будоўлю. Чаго толькі не даводзілася рабіць: насіла цэглу, капала траншэі, залівала бетон. Вядома ж цяжка было, але, як кажуць, маладым усё па плячы. Пазней працавала на аўтазапраўцы, на камбікормавым заводзе памочнікам загадчыка склада. Словам, у розных месцах, а ўсё роўна яе цягнула да любімай справы. У 80-х гадах запрасілі гатаваць абеды меліяратарам, чым займалася 20 гадоў. А на пенсію Раісу Уладзіміраўну Хадакоўскую праводзілі работнікі камбікормавага завода, дзе яна рупілася апошнія чатыры гады.
Гаспадар Сцяпан Іванавіч даўно на пенсіі, але працуе. Відаць, патрэбныя яго сумленнасць, руплівасць завадчанам з камбікормавага. Дарэчы, Жабінку ён памятае з 1947 года, а было яму 12 гадоў у той час. Ягоная радзіма — вёска Успаршчына, што  на Беласточчыне. Пасля вайны ўся іх сям’я была вывезена ў Данбас, дзе пражылі два гады. Адтуль і прыбылі ў Жабінку. У краіне праходзіла калектывізацыя, бацька на працадзень атрымліваў 200 грамаў збожжа, а маці была хатняй гаспадыняй, на руках у якой сямёра дзяцей, Сцяпан — самы старэйшы.
— Мне пашчасціла закончыць 10-годку, да прызыву ў армію меў ужо правы аўтамабіліста, — успамінае Сцяпан Іванавіч. — Служыў у Запаляр’і ў аўтамабільных войсках, потым — у Паўночнаморску ў марской авіяцыі. Дарэчы, у маёй біяграфіі ёсць такі факт: асваенне цалінных земляў, дзе ўдалося ўбачыць кіраўніка дзяржавы М.С.Хрушчова, які прысутнічаў на ўрачыстасці з нагоды перайменавання Акмолінска ў Цалінаград.
Потым працоўную біяграфію Сцяпан Хадакоўскі працягваў пісаць на “Украгазнафтабудзе”, кранаўшчыком на цукровым заводзе ў Жабінцы, начальнікам пажарнай аховы на гэтым жа прадпрыемстве, узначальваў філіял Брэсцкай абласной школы, дзе рыхтаваліся вадзіцелі катэгорыі “А”, “Б”.
… Час надышоў развітвацца. Я задала апошняе пытанне, якое хвалявала мяне з першых хвілін сустрэчы. У чым жа сакрэт сумеснага шчаслівага жыцця?
Раіса Уладзіміраўна на хвілінку задумалася і сказала: “Ніякага сакрэту няма. Маладым сем’ям дала б наступную параду: давяраць адзін аднаму, толькі разам перажываць усе прыемныя і тужлівыя моманты на жыццёвай дарозе”. “І, канечне, кахаць адзін аднаго па-сапраўднаму, — дадае Сцяпан Іванавіч. — Вось і ўвесь сакрэт”.
… Надвор’е сустрэла мяне пранізлівым ветрам і мокрым снегам, але так добра, так цёпла было на душы пасля сустрэчы з гэтымі людзьмі.
Д.НІКАНЧУК, дзесяцікласніца СШ №1 г.Жабінка, сябра гуртка “Юны журналіст”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top