Як нітка з іголкай

_DSC7474Машыніст экскаватара Уладзімір Рыгоравіч Пракапчук і машыніст бульдозера Васіль Васільевіч Хлус часцей за ўсё працуюць у тандэме. На аб’екце “Помпавая станцыя “Заходні” яны – як нітка з іголкай, заўжды побач: адзін насыпае пясок, другі акуратна рассоўвае і раўняе. Машыністы выдатна разумеюць адзін аднаго без слоў – пад час работы, калі гудуць рухавікі і заглушаюць гукі голасу, яны “размаўляюць” гукавымі сігналамі і жэстамі.
Нягледзячы на розніцу ва ўзросце (Уладзімір мае дарослых сыноў, якія ўжо самі працуюць, а ў Васіля першынец Максімка толькі-толькі навучыўся хадзіць), машыністы здорава ладзяць між сабою, адчуваюць сяброўскае плячо. Яны нават па характары падобныя – абодва вытрыманыя, спакойныя, разважлівыя, у рабоце любяць дакладнасць і акуратнасць, адносна нядаўна ўліліся ў калектыў ПМК-19.
Так, Уладзімір Рыгоравіч працаваў вадзіцелем у адной з брэсцкіх арганізацый і пяць гадоў таму перавёўся ў Жабінку. Праўда, давялося будучаму меліяратару падвучыцца ў Чарнаўчыцах. Тут, на новым месцы, капаць траншэі, катлаваны, ачышчаць каналы, рабіць адкосы яго навучыў Мікалай Ігнацюк. Калі работа стала спорыцца і ў руках вучня, Уладзімір Пракапчук атрымаў новенькі экскаватар ЭО-3223.
– Самае складанае – выглажваць каналы і рабіць адкосы, – кажа экскаватаршчык. – Тут павінна быць дакладнасць і акуратнасць. Прыкра было першым часам: адзін няправільны рух – і з каўша высыпаецца зямля не ў кузаў аўтамабіля, а побач, на колы. Цяпер такога не бывае…
Экскаватаршчык расказаў, што за гэты час давялося папрацаваць не толькі на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, але і Брэсцкага, Кобрынскага. Адлегласць – не перашкода для меліяратараў, а падстава для добрага настрою. Ёсць заяўкі – значыць, будуць і заробкі.
Работа меліяратараў пазбаўлена лірызму. Аднак і тут не абыходзіцца без сюрпрызаў: зусім нядаўна Уладзімір Пракапчук, калі капаў сажалку для вёскі Стаўпы, зачапіў каўшом драўляную саху, якая выдатна захавалася. Колькі яна праляжала там – невядома. Экскаватаршчык спадзяецца, што калі-небудзь яму пашчасціць выкапаць сапраўдны скарб з манетамі.
Яго думку падзяляе і напарнік Васіль Хлус – самы малады сярод механізатараў на гэтым аб’екце. Праўда, падкрэслівае: “На скарб спадзявайся, але і працаваць не лянуйся”. Васіль вучыўся ў Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя А.Е.Кляшчова, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Летась ён уладкаваўся ў ПМК-19 (тут, дарэчы, працуе сямейны падрад Хлусаў: тата, мама і ён). Месяц прарабіў на пасадзе механіка і зразумеў: не яго гэта справа, папрасіўся на тэхніку. Пажаданне маладога работніка ўважылі: прапанавалі 17-тонны бульдозер ШАНТУЙ
SP-16. Вопытны механізатар Мікалай Мікалаевіч Мартынаў узяў хлопца пад сваё крыло, вучыў усяму, што ведаў сам. Цяпер Васіль і сам роўненька можа распрацаваць зямлю, якую высыпаюць з кузава або выцягваюць з канала пры яго ачыстцы ад заілення.
– Спрыт у руках ужо ёсць, жаданне ўсяму навучыцца – таксама, – кажа Васіль Хлус. – Калегі, як што, заўжды падкажуць, а да слушных парад прыслухоўваюся абавязкова. Ну, а вопыт прыходзіць з цягам часу. Былі б аб’ёмы работы, і тэхніка каб не падводзіла…

Аўтара-выканаўцу “выдае”…кладка

IMG_2690Пра такіх, як Міхаіл Мікалаевіч Лосеў, кажуць: ён ас у сваёй справе. Аб гэтым сведчыць цэлы стос шматлікіх грамат за выдатную працу.
– Хаця я, не паверыце, самавучка, – кажа муляр. – Вочы бачаць, а рукі цаглінкі кладуць! Затое прыемна як – ідзеш па Жабінцы і адзначаеш: гэты дом будаваў, і той, і той таксама. А ў ім сем’і дзяцей гадуюць. І самому на душы радасна становіцца…
Працоўную біяграфію на Жабінкаўшчыне ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Міхаіл Мікалаевіч пачынаў у ПМК-10. Тут навучыўся ўсім “тонкасцям” сваёй прафесіі. Маючы ўнутранае пачуццё дакладнасці і добры вокамер, без праблем засвоіў усе віды кладкі цаглін. “Чэшскі від мне імпануе, аднак самая надзейная і правераная – савецкая”, – лічыць майстар. Самае складанае ў прафесіі – вывесці арку, таму тут галоўны сакрэт поспеху, як ні банальна гэта прагучыць – яго вялікасць вопыт. Ну, а швы ў кладцы могуць “выдаць” аўтара-выканаўцу.
У ПМК-19, куды перайшоў чатыры гады таму Лосеў, з яго ўдзелам было ўзведзена нямала пабудоў. Меліяратар асвоіў цэлы шэраг іншых інструментаў: бензапілу, зварачны апарат.
– У нашай рабоце трэба ўсё ўмець: і катлаван вырыць, і адмостку зрабіць, і кладку вывесці, – усміхаецца муляр. – Галоўнае – усё рабіць з душою, дасканала.

…Душа прасіла разнастайнасці

_DSC7472Алег Мікалаевіч Міранюк у калектыве ПМК-19 адносна нядаўна – з 2012 года. За плячамі ў маладога чалавека – вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы прыборабудавання і атрыманая спецыяльнасць токара. Пачынаў працоўную біяграфію ў СВК “Арэпічы”. Аднак няўрымслівая душа хлопца не выносіла манатоннасці, прасіла руху і разнастайнасці. Патаемнае жаданне здзейснілася – у ПМК-19 была вакансія вадзіцеля.
Хлопцу спярша прапанавалі ГАЗ-53. На “ГАЗіку” ўвішны юнак абкалясіў нямала дарог па ўсёй Брэстчыне. Паступова давяралі Алегу вялікагрузныя аўто, а цяпер круціць баранку сядзельнага цягача. Ягоная задача – дастаўляць на аб’екты цяжкую тэхніку – бульдозеры, экскаватары. Апошнія і важаць да дзвюх дзясяткаў тон, аўтамабільныя дарогі папсуюць, ды й хуткасць у іх – як у смаўжа. А цягач мігам даімчыць у любы пункт назначэння.
Алег Мікалаевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Ёсць усё: любімая работа, пяшчотная жонка, чатырохгадовы сын Мацвейка, дый маладая сям’я перасялілася ў новую кватэру. Чаго яшчэ жадаць? Бадай, каб аб’ектаў арганізацыя мела паболей.

“…Рабі справу дасканала”

IMG_2697Жыццёвы дэвіз Віктара Уладзіміравіча Хілько: рабі даручаную справу дасканала, каб плён працы задавальняў цябе і радаваў іншых людзей. Можа, таму з павагай заўжды адносіліся да яго кіраўніцтва і калегі як у сельгастэхніцы, дзе працаваў некалі, так і ў ПМК-19, дзе рупіцца апошні дзясятак гадоў машыністам-экскаватаршчыкам.
У перасоўнай механізаванай калоне Віктар Уладзіміравіч асвоіў усе віды цяжкай тэхнікі – яму падуладныя гусенічны трактар, каток, бульдозер, экскаватар, “Амкадор”. Апошні з гэтага спісу жалезны асілак – яго любімец. Манеўраны, спрытны трактар у руках умелага кіроўцы акуратна зразае слой зямлі, плануе і раўняе “пад нуль” грунт. Задача экскаватаршчыка – максімальна механізаваць працэс разраўноўвання зямлі так, каб рыдлёўкамі рабочыя як мага менш выпраўлялі хібы.
Свой вопыт у гэтай далёка не простай справе Віктар Уладзіміравіч з задавальненнем перадае маладым механізатарам, якія папаўняюць калектыў ПМК-19. Адным з найлепшых кемлівых вучняў ён лічыць свайго сына, які, як улюбёныя ў тэхніку яго бацька і некалі нябожчык-дзед, гатовы гадзінамі корпацца ў механізмах, выпраўляць непаладкі. Праўда, 22-гадовы Арцём нядаўна перайшоў у ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” – косіць зялёную масу. Ён таксама на добрым рахунку ў калектыве.
Пасля напружанага працоўнага дня Віктар Уладзіміравіч не спяшаецца ў дом, да тэлевізара: ягоным працавітым, клапатлівым рукам заўжды знойдзецца работа ў дворыку, ля хлява, у майстэрні. У спякотныя дні паліваць шматлікія кветкі ў палісадніку – ягоны абавязак.
Цэлая калекцыя архідэй размясцілася таксама на падаконніках дома – гэта жончына радасць і аддушына. Вазоны з кветкамі самых неверагодных адценняў лашчаць вока гаспадароў і знаёмых.
А якія смачныя кавуны выраслі летась на агародзе!
Радасцю і мітуснёй запаўняецца дом, калі да Хілько прывозяць двухгадовага ўнучка Уладзіка. Стомленасць маладых бабулі і дзядулі як рукой здымае! Непаседа яшчэ малы, аднак ужо зараз аддае перавагу машынкам, ведае назвы ўсіх відаў меліярацыйнай тэхнікі. Дзякуючы дзядулю Віктару гэтая калекцыя рэгулярна папаўняецца цацачнымі мадэлямі. Вадзіцель расце! Спадзяецца Віктар Уладзіміравіч, што ўнучак працягне іх працоўную дынастыю.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro