Ураджай давяраем “Берту”

Ураджай давяраем “Берту”

На палях СВК “Рагазнянскі”, калі ледзь пачынаюць узыходзіць пасевы, амаль штодня можна ўбачыць незвычайны трактар. На вузенькіх і вельмі высокіх колах, з доўгімі і тоненькімі штангамі, аснашчаны процьмай гумавых трубачак, якія здалёк нагадваюць крылы. За сваю лёгкасць і манеўровасць работнікі мясцовай гаспадаркі жартаўліва называюць яго “страказой”. Насамрэч, самаходны апырсквальнік замежнай вытворчасці “Берту” – незаменны памочнік у барацьбе з пустазеллем на палях.

_DSC8181– “Берту” выдатна працуе ў нас ужо трэці сезон, – каменціруе малады аграном-аграхімік “Рагазнянскага” Ігар Карпук. – Ён з лёгкасцю замяняе ўсе прычапныя апырсквальнікі, якія мы маем у гаспадарцы. Фактычна ўся нагрузка ў хімічнай праполцы культурных раслін, унясенні вадкага КАSа, падкормцы кукурузы і зерневых кладзецца менавіта на яго.
“Страказа” мае зайздросную прадукцыйнасць. Уявіце сабе: за дзень можа апрацаваць да 150 гектараў пасеваў! Вясной, калі дарагая кожная пагодлівая хвіліна, гэта вельмі актуальна. Маладзенькія расліны – цукровыя буракі, кукуруза, або каласавыя – пасля праходу апырсквальніка застаюцца непамятымі. Вузенькія – усяго 24 сантыметры – гумавыя колы дазваляюць лёгка манеўраваць у міжрадкоўі, не зачапляючы пры гэтым пасевы. Шырыня праходу – 24 метры, адной запраўкі хімпрэпаратамі хапае на 20 гектараў. “Берту” аснашчаны сістэмай, якая не дазваляе двойчы праходзіць на адным і тым жа ўчастку ці, наадварот, прапускаць неапрацаваны радок. А бартавы камп’ютар адразу прасігналізуе механізатару аб усіх непаладках у сістэме. Пестыцыды ўносяцца раўнамерна і якасна. Аб гэтым сведчаць раўнюткія і чыстыя ад пустазелля пасевы, без выпаленых, або, наадварот, заросшых травою, “плям”.
Галоўнае, каб спрыяла надвор’е, не было дажджу мінімум некалькі гадзін пасля ўнясення хімпрэпаратаў і каб хуткасць ветру не перавышала 5 метраў у секунду. Калі хаця б адно з патрабаванняў не вытрымліваецца – “Берту” ў чаканні свайго часу прастаіць на мехдвары.
Руплівец-апырсквальнік рэдка прахалоджваецца. Гэтай вясной за яго работу адказваў Сяргей Панасюк. Ён апрацаваў звыш 3000 га пасеваў, улічваючы, што ў “Рагазнянскім” налічваецца тры з паловаю тысячы гектараў ворыва! Астатнія тры прычапныя апырсквальнікі фактычна не выкарыстоўваюцца – усю нагрузку на сябе ўзяў “Берту”.
Задача агранома-аграхіміка – правільна падабраць прэпараты, каб на палях буялі толькі пасевы, а не макі, валошкі, асот і іншае пустазелле. У кожнай культуры – свае “суседзі” і хваробы, з якімі даводзіцца змагацца.
У арсенале Ігара Карпука – да двух дзясяткаў прэпаратаў, якія няблага зарэкамендавалі сябе ў папярэднія гады і якім сёлета будзе аддадзена перавага.
Двухдольнае пустазелле не вытрымлівае хімічнага націску “Балерыны”, а пырнік паўзучы гіне ад “Цітуса-Плюс” фірм “Дзюпон” і “Аўгуст”. Гэтымі прэпаратамі апрацоўваюць, напрыклад, пасевы кукурузы. А вось на палях, дзе ўзяліся дружна ў рост пасевы цукровых буракоў, прымяняюцца “Біцэпс”, “Гарант” і “Пілот” фірмы “Аўгуст”. Гэтая бетанальная група ў комплексе з грунтавальнікамі забяспечвае нават пры двухразовым прымяненні чысцюткія палі амаль да ўборкі салодкіх каранёў. На зерневых культурах няблага спрацоўваюць “Баксёр” і “Лінтур”.
– Прыемна назіраць, як пасля апрацоўкі міжрадкоўе становіцца чысценькім, а расліны дружна бяруцца ў рост, – кажа аграном-аграхімік Ігар Карпук. – У такія моманты адчуваю задаволенасць ад праведзенай работы.
Ігар прызнаўся, што нават пасля напружанага працоўнага дня ні разу не пашкадаваў аб аднойчы выбраным жыццёвым шляху. Маладым спецыялістам ён прыйшоў у “Рагазнянскі”. Тут годна ацанілі яго здольнасці, і за шэсць гадоў працы ён стаў паўнавартасным членам кааператыва. Да ягоных меркаванняў прыслухоўваюцца. Тут Ігар атрымаў падтрымку і павагу калег. Пасля адведзеных “адпрацовачных” двух гадоў аграном-аграхімік не стаў шукаць лепшай долі, вырашыў “пусціць карані” на рагазнянскай зямлі. Атрымаў дыхтоўны домік, у якім будуе сваё сямейнае шчасце і разам з жонкай гадуе трохгадовую гарэзу Вікторыю. Толькі вось градкі ля дома дапамагае палоць “па старынцы” – матыкай…
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: механізатар Сяргей Панасюк і аграном-аграхімік Ігар Карпук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro