Рыгор Адамавіч Панасюк, намеснік старшыні СВК “Вазнясенскі” па вытворчасці, дэлегат пятага Усебеларускага народнага сходу:
– Усебеларускі народны сход – гэта форма дэмакратыі, якая дазваляе грамадзянам краіны рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у абмеркаванні і прыняцці рашэнняў па важнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця ў краіне. Мне здаецца, што гэта форма работы і ўзаемадзеяння ўлады і грамадства праз адкрыты дыялог, у ходзе якога ўдзельнікі выказваюць розныя пункты гледжання, думкі, даюць ацэнкі, плануюць, робяць прагнозы і выпрацоўваюць стратэгію і тактыку эканамічных дзеянняў на бліжэйшыя гады і на перспектыву.
Асабіста я задаволены, што мне пашчасціла быць дэлегатам такога ўсенароднага веча, сустрэцца з калегамі, пачуць цікавыя думкі наконт далейшага развіцця беларускай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, іншых галін эканомікі. Як вядома, на сходзе будзе абмеркавана сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі за пяць гадоў, стратэгія развіцця на бліжэйшую перспектыву.
Аналізуючы сацыяльна-эканамічнае развіццё СВК “Вазнясенскі”, бачна, што адбываюцца станоўчыя зрухі як у раслінаводчай галіне, так і ў жывёлагадоўлі. 2015-ы год быў вельмі складаным праз умовы надвор’я. Аднак, нягледзячы на засуху, для хлебаробаў “Вазнясенскага” ён быў выніковым: зерневых з кожнага гектара намалочана ў заліковай вазе 58 цэнтнераў, рапсу – 40 цэнтнераў.
Асобна хачу сказаць пра цукровыя буракі, якія нас вельмі парадавалі. Ажно 600 цэнтнераў накапалі з кожнага гектара ў заліковай вазе. Сакрэт поспеху ў маёй прадбачлівасці як агранома і падтрымцы ідэі кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства. Калі ў жніўні-верасні задажджыла, мы падкармілі пасевы мікраэлементамі, што й паўплывала на рост салодкага кораня. Вядома, захоўвалі тэхналогію сяўбы, вырошчвання буракоў, догляду за пасевамі. А пачалі з падбору плошчаў пад іх і выбару насення. Такі падыход вельмі важны. Мне здаецца, што цукровым буракам трэба адводзіць самыя лепшыя землі, такія знойдуцца ў любым сельгас-прадпрыемстве. У нас асаблівая ўвага надаецца сортаабмену. Стаўку робім на замежную селекцыю насення, пралічваем эфектыўнасць любой тэхналогіі (пераважаюць, вядома, навейшыя). У сёлетнюю пасяўную, напрыклад, закупілі насенне нямецкай кукурузы. Прыйшлі да высновы, што гібрыды зерневых, у прыватнасці жыта, больш ураджайныя. Часам насенне каштуе даражэй, але сваёй прыбаўкай ураджайнасці пакрывае затраты.
Дарэчы, сёлета на базе нашага сельгаспрадпрыемства цукровы завод пасеяў 89 гібрыдаў буракоў розных фірм. У канцы года будзе зроблены гаспадарча-эканамічны аналіз кожнага з іх на магчымасць вырошчвання ў нашым раёне. Тэхналогіі ў раслінаводчай галіне выпрацаваны з улікам мясцовасці. Сёлета пастараемся адшліфаваць падкормкі, недзе пад буракі дададзім борных угнаенняў, мікраэлементаў, “пагуляем” з дозамі гербіцыдаў пры праполках, каб мінімізаваць стрэс на культуру. Калі раней сустракаліся запырэеныя палі, маўляў, не дапалолі, а тут не апрацавалі, то сёлета такога няма, стабільна ўносяцца гліфасаты, праводзяцца рэгулярныя праполкі і фунгіцыдная ахова раслін ад хвароб, амаль на 500 га правялі апрацоўку пасеваў рэгулятарам росту. Словам, сябруем з новымі тэхналогіямі.
Станоўчая дынаміка назіраецца і ў жывёлагадоўлі. Калі раней ставілася мэта проста накарміць жывёлу, то цяпер зусім іншы падыход. У кожнай групы свой рацыён кармлення з указаннем вагі сенажу, сіласу, сена з дакладнасцю да кілаграма. Даецца столькі корму, колькі яго трэба на зададзены аб’ём малака. Утрымліваюцца каровы ў двух МТ комплексах “Агароднікі” і “Стаўпы”, дзе месціцца 800 галоў. Стала лягчэй працаваць, іншы падыход да жывёлы. Калі раней яе заганялі на дойку, то цяпер сама ідзе. Зразумелі ўсе, што немагчыма мець “вялікае” малако на пашы. Трэба карміць жывёлу аднатыпным. Дарэчы, кармоў, назапашаных летась, у нас хопіць да кастрычніка. Мець удосталь іх дапамагае захаванне тэхналогіі пры нарыхтоўцы; няма паглыбленых ям, куды зацякала б вада, кожныя 2-3 гадзіны кантралюецца тэмпературны рэжым, вільготнасць масы.
Прыходжу да высновы: у сельскай гаспадарцы навучыліся атрымліваць як найбольш прадукцыі, каб стварыць харчовую бяспеку ў краіне. Вось бы яшчэ захоўваўся парытэт цэн. Хачу пачуць на сходзе і пра гэта. Да якой высновы прыйдзем, такі і лёс будзе ў нас.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%