Новая “фабрыка малака”

Новая “фабрыка малака”

Спіс рэканструяваных малочнатаварных ферм у раёне папоўніўся сёлета яшчэ адной – МТФ “Панцюхі”.IMG_3180
Паводле слоў га-лоўнага заатэхніка ААТ “Жабінкаўскі” Яўгена Кароткага, мадэрнізацыя жывёлагадоўчых памя-шканняў пачалася вясной 2014 года. Былая ферма ператварылася ў сучасную, аснашчаную найноўшым абсталяваннем – “фабрыку малака” і спатрэбілася на гэта амаль 20 мільярдаў рублёў.
– Вось гэта былы цялятнік, – праводзіць экскурсію загадчык фермы “Панцюхі” Ігар Марчанка. – Мы пакінулі ад яго толькі сцены, паднялі іх вышэй і накрылі шыферам. Ён разлічаны на 100 галоў. Першыя расцёлы пачнуцца ў ліпені. Маленькіх маладняка будзе даглядаць Алена Гаўрыловіч, а з двухмесячнага ўзросту – Людміла Галанава. Таксама для маладняка зрабілі 70 спецыяльных домікаў і закупілі пастэрызатар – так званае “малочнае таксі”.
Вось тут, побач, цэх сухастою. Ён пабудаваны “з нуля”. Жывёле вальготна і прасторна. Асабіста мне імпануе канструкцыя з празрыстым каньком на даху – дадаткова трапляе свет, можна здорава сэканоміць электрычнасць, а высокая столь дазваляе свабодна праходзіць тэхніцы і рэгуляваць свежае паветра, што таксама немалаважна на ферме.
Заходзім у кароўнік. Адразу кідаецца ў вочы чысціня і парадак. Ладныя, дагле-джаныя рагулі ляжаць на саломе ў стойлах, некаторыя шукаюць самае смачнае на кармавым стале. У “меню” ў разліку на кожную галаву сёння ў іх было 35 кілаграмаў люцэрны, 10 – кукурузнага сіласу, 6,5 – камбікорму і 2 – сена. Раздача двойчы ў дзень – у 6 гадзін раніцы і на чатыры вечара. Дояцца каровы таксама два разы.
На ферме “Панцюхі” кароўнік разлічаны на 422 стойлавыя месцы, пакуль у ім знаходзяцца 310 дойных рагуль: 90 з іх прывезлі з “Навасадаў”, а астатніх – з “Якаўчыцаў”. Галоўны заатэхнік запэўнівае, што поўнасцю ўкамплектуецца ферма на працягу трох месяцаў, калі расцеляцца пяршачкі.
Гонар фермы – сучасны даільны блок, які ўпершыню прыняў кароў 16 красавіка бягучага года.IMG_3190
– Тут працаваць – песня, – так лаканічна адазвалася аб сваім новым рабочым месцы аператар машыннага даення Святлана Князева. – Дагэтуль я ў “Якаўчыцах” кароў даіла – умовы не параўнаць. Усё новае. Абсталяванне ізраільскай фірмы, “напічкана” электронікай – як што не так – адразу праінфармуе на табло датчыкаў. Наша задача – памыць вымя каровам, працерці стэрыльнай сурвэткай, здаіць першыя струмені малака, начапіць даільны апарат і, вядома, не дапусціць малако ад мастытных кароў у агульны бак. Жывёлы даволі хутка асвоіліся на новым месцы, пад час дойкі з нецярпеннем чакаюць сваёй чаргі.
Надоі неблагія – за ўчарашні дзень у сярэднім ад кожнай атрымалі звыш 18 кілаграмаў малака. Ёсць свае рэкардсменкі. Яны, як правіла, з напоўненым вымем стараюцца на дойку праскочыць у шэрагу першых.
Святлана Аляксееўна расказвае, і ў той жа час спрытна рыхтуе да дойкі чарговую партыю кароў. Разам з калегай Святланай Барысюк яны звыклымі, адточанымі рухамі хуценька падключылі апараты да ўсіх 24 рагуль, і малако белымі струменьчыкамі пацякло па трубах у халадзільнае абсталяванне. Яшчэ апошнія дзве партыі кароў – і можна будзе нарэшце пайсці ў пакой адпачынку, пераапрануцца ў чыстае. Балазе, для работнікаў фермы (а іх налічваецца ўсяго 18 чалавек) створаны выдатныя ўмовы: ёсць дзе перакусіць, прасушыцца, памыцца. Зімою памяшканні абагрэе цвёрдапаліўны кацёл.
– Ферма толькі ўваходзіць у працоўную каляіну, – кажа загадчык фермы Ігар. – Застанецца завяршыць будаўніцтва майдана для выгулу сухастойных кароў і даўкамплектаваць пагалоўе. Гэта буде з цягам часу. Кажу працаўнікам, каб ашчадна і адказна адносіліся да абсталявання, да даручанай справы.
Дарэчы, калектыў гэтай фермы я падбіраў сам, бо, лічу, толькі з аднадумцамі можна нечага дабіцца. Хочацца, каб укладзеныя 20 мільярдаў у малочную справу хутчэй акупіліся.
28-гадовы загадчык “Панцюхаў” з цікавасцю стараецца ўнікнуць ва ўсе нюансы сваёй справы, ён літаральна жыве на ферме. Балазе, у атрыманым ад гаспадаркі доміку ў Курпічах маладога чалавека пакуль ніхто не чакае. У ягоных бліжэйшых планах – пасадзіць фруктовы сад ля фермы. А там, бачыш, і пра ўласную сям’ю можна будзе падумаць…
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: аператары машыннага даення Святлана Князева, Святлана Барысюк і слесар Іван Кунцэвіч; жывёлаводы Мікалай Буян і Юрый Князеў.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro