Untitled-13

“Прамая лінія” з кіраўніком раёна

У мінулую суботу адбылася “прамая тэлефонная лінія” старшыні Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыя Гарадзецкага, на якую паступіла шэсць званкоў.
Жыхароў Жабінкаўшчыны, у прыватнасці раённага цэнтра, цікавіла праблема ўладкавання з’ездаў з тратуару, бо ў горадзе з надыходам цёплага надвор’я мноства маладых мам гуляюць з каляскамі, на вуліцы выехалі аматары веласіпедаў, для іх высокія з’езды – праблемныя. Як растлумачыў Дзмітрый Мікалаевіч, гэтае пытанне на сённяшні дзень вельмі актуальнае і знаходзіцца на кантролі.
Таксама жыхароў Жабінкаўшчыны цікавілі пытанні, якія тычацца працы службаў ЖКГ, у прыватнасці будаўніцтва водаправода і каналізацыі, дапамогі ў абкошванні ўласнай прысядзібнай тэрыторыі. На ўсе пытанні, што паступілі, былі дадзены дакладныя і грунтоўныя адказы.

Прысвечана Дню ўсенароднай памяці

«22 чэрвеня 1941 года. Брэсцкая крэпасць» – менавіта такую назву носіць VІ міжнародны ваенна–гістарычны фестываль, прысвечаны 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён адбудзецца 20-22 чэрвеня ў абласным цэнтры на Кобрынскім ўмацаванні Брэсцкай крэпасці. Арганізатарамі выступаюць грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, ваенна-гістарычны клуб “Гарнізон” пры падтрымцы Брэсцкага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, а таксама Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і расійскага ваенна-гістарычнага таварыства, ваенна-патрыятычнага парку культуры і адпачынку Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі “Патрыёт”.
У праграму фестывалю ўключаны: удзел афіцыйных дэлегацый у гарадскіх мерапрыемствах, парад ваенна–гістарычных аб’яднанняў па вуліцах горада, інсцэніроўка эпізодаў абароны крэпасці-героя, канцэртная праграма. Таксама адбудзецца гістарычная канферэнцыя з удзелам аўтара шматлікіх даследаванняў па тэме абароны Брэсцкай крэпасці Расціславам Аліевым.
У гэтыя дні у Брэсце на розных пляцоўках пройдуць кіналекторыі, выставачныя і літаратурна-музычныя кампазіцыі, выставы нямецкай тэхнікі і шмат чаго іншага.
У Жабінцы адбудзецца мітынг і ўскладанне кветак да помніка загінулым воінам і партызанам ад кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, а таксама моладзі і ветэранаў.

Вучыліся быць здаровымі

У цукразаводскай гарадской бібліятэцы адбыўся флэшмоб “Вучыся быць здаровым”, прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі. Нават прырода змяніла свой настрой: з-за хмар выглянула сонейка і ўсміхнулася дзецям, якія прыйшлі паўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое праводзілася ля будынка бібліятэкі.
Вясёлае відовішча распачалі казачныя персанажы Карлсан і Божая Кароўка. Паміж імі была разыграна сцэнка аб тым, як няправільны лад жыцця робіцца правільным на вачах у дзяцей. Весялосць і радасць прадоўжыліся ў гарэзлівым танцы пад адкрытым небам, які закончыўся выкрыкам: “Вучыся быць здаровым!”
Потым была раздача саладосцяў і сувеніраў удзельнікам. Спадзяёмся і верым, што бяда, пад назваю наркотыкі, ніколі не датуліцца да гэтых дзяцей. Няхай ім свеціць на ўсім жыццёвым шляху радаснае сонейка.

“Камянецкі драйв” запрашае!

24 і 25 чэрвеня ў гарадскім парку Камянца адбудзецца фестываль “Камянецкі драйв”. Галоўнымі арганізатарамі яго выступаюць абласны выканаўчы камітэт, а таксама раённы. У рамках гэтага моладзевага праекту гасцей чакаюць фестываль фарбаў, выстава рэтра-матацыклаў, мотаконкурсы, выступленні калектываў з Беларусі, Украіны, Расіі. Наведвальнікі “Камянецкага драйву” змогуць пабачыць выступленні брэсцкага гурту “Дай дарогу” і мінскага – “Дразды”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro