Клопат пра ўласнае здароўе – лягчэй працуецца ўрачу

Клопат пра ўласнае здароўе – лягчэй працуецца ўрачу

На пяты Усебеларускі народны сход з’едуцца прадстаўнікі розных галін эканомікі, сферы паслуг, малога і сярэдняга бізнесу, органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў. Сярод яго дэлегатаў будзе ўрач-тэрапеўт участковы – загадчыца Хмелеўскай амбулаторыі Таццяна Георгіеўна Болдырава, якая амаль восем гадоў узначальвае гэтую медустанову. Дарэчы, яна сама вызначылася з месцам працы: было гэта на размеркаванні ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

_DSC6138– Я ўпершыню прыму ўдзел у рабоце такога прадстаўнічага форуму, – расказвала Таццяна Георгіеўна. – Для мяне гэта вялікія гонар і адказнасць, адчуванне далучанасці да прыняцця важнейшых дзяржаўных рашэнняў, ад якіх залежыць будучыня Беларусі. На пытанні, што мяне хвалююць, спадзяюся знайсці адказ на сходзе.
Як Таццяна Болдырава стала ўрачом, вызначылася з прафесіяй? Паспяхова здадзены выпускныя экзамены ў СШ №2 г. Жабінка, дзяўчына паступае ў Брэсцкае медыцынскае вучылішча, якое заканчвае з адзнакай і атрымлівае чырвоны дыплом, уладкоўваецца на працу ў былую чыгуначную бальніцу медыцынскай сястрой. Тут яна разумее, каб дапамагаць людзям у выздараўленні, трэба вучыцца далей. Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на пэўныя гады робіцца для яе альмаматэр, адкуль дзяўчына выходзіць дыпламаваным урачом, каб быць на варце здароўя землякоў, дапамагаць ім у выздараўленні. Амаль восем гадоў яны жывуць у паразуменні: Таццяна Болдыраа стараецца лячыць сваіх пацыентаў эфектыўна, прымяняючы дасягненні навукі і тэхнікі, атуляе іх клапатлівасцю, дыягнастуе іх здароўе і прывучае да праходжання дыспансернага дынамічнага назірання, турбуецца, каб прыём хворых праводзіўся ў камфортных умовах. Малады ўрач, хоць жыве ў Жабінцы, любіць аграгарадок Хмелева, паважае сваіх калег фельчараў Людмілу Макарэвіч, Алену Крыцкую, Алу Юзвік, патранажную медыцынскую сястру Алену Грыцук, санітарку Вольгу Сотнікаву і, канечне, вадзіцеля Сцяпана Грыцука, з якім дабіраецца на выклікі да хворых. Яна аддадзены чалавек роднай Беларусі, таму што была магчымасць нават памяняць месца жыхарства і працы (мужавы бацькі аселі ў Маскве), але маладая сям’я распускае карані на зямлі, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва, у родным куточку сваіх продкаў. Таццяна Георгіеўна не любіць рытм жыцця вялікіх гарадоў, ёй імпануюць спакой, цішыня. Жабінкаўшчына гэтым надзелена спаўна.
– Да нашай амбулаторыі “прыпісаны” яшчэ Шпіталёўскі і Падлескі фельчарска-акушэрскія пункты, пражывае звыш 1900 чалавек, 336 дзяцей да васемнаццацігадовага ўзросту, у Хмелеве дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак да аднаго года, – зазначае ўрач-тэрапеўт участковы Таццяна Болдырава. – Іншых абслугоўваюць фельчары ФАПаў.
Дарэчы, выклікі мы абслугоўваем толькі ў рабочы час, потым хворым трэба ужо звяртацца ў хуткую медыцынскую дапамогу.
Хмелеўская ўрачэбная амбулаторыя працуе ў суботу, што вельмі зручна для людзей шаноўнага ўзросту, якіх падвозяць на прыём дзеці ці ўнукі. Сямнаццаць жа вёсак на абслугоўванні! З Грабаўцоў, Канатопаў, Багдзюкоў вельмі цяжка дабірацца на прыём да доктара. Праца яго ў шосты дзень тыдня для нямоглых і старых вяскоўцаў як глыток вады ў спякоту. Справы ў хмелеўскіх медыкаў ладзяцца, аб чым сведчаць прызавыя месцы ў спаборніцтвах. За 2014 год Хмелеўская ўрачэбная амбулаторыя была другой у вобласці сярод аналагічных устаноў.
Праўда, Таццяна Георгіеўна ўзгадала, што некаторыя нязручнасці для іх стварае адсутнасць лабаранта, якога забралі ў Жабінку (аб’ём работ вялікі ў цэнтральнай раённай бальніцы, а спецыялістаў у клініка-дыягнастычнай лабараторыі недахоп. У Хмелеве, каб своечасова вызначыцца з дыягназам і лячэннем, звяртаюцца па дапамогу да лабаранта з Крыўлянскай урачэбнай амбулаторыі. Загадчык яе Міхаіл Аляксандравіч Кашчэва разумее калег і адгукаецца на просьбу, дазваляе свайму спецыялісту Вользе Бараноўскай дапамагчы суседзям зрабіць аналізы крыві на глюкозу і агульны, мачы.
А яшчэ Таццяна Георгіеўна са сваёй медыцынскай сястрой бывае госцем у пацыентаў з хранічнымі захворваннямі (крывяны ціск змерае, цукар праверыць, дасць рэкамендацыі, адкажа на пытанні хворага). Словам, вяскоўцы паважаюць і цэняць свайго доктара, а яна ім раіць весці здаровы лад жыцця, часцей бываць на свежым паветры, не забываць пра натуральныя вітаміны і найдаўжэй не знацца з хваробамі.
І традыцыйнае пытанне герою нататкі, як дэлегату V Усебеларускага народнага сходу: “Аб чым хацела б сказаць Таццяна Болдырава з трыбуны, калі з’явіцца такая магчымасць?”
– У апошнія гады беларуская медыцына зрабіла значны крок у сваім развіцці, у аказанні насельніцтву якаснай медыцынскай дапамогі, стварэнні камфортных умоў для пацыентаў, у аснашчанасці ўстаноў сучасным медабсталяваннем, а таксама ўкараненнем у практыку навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі. Беларускія медыкі паспяхова займаюцца трансплантацыяй унутраных органаў, маюць поспехі ў кардыялогіі і іншых сферах. Гэта прыкметна і ў нашым раёне, дзе новыя методыкі дыягностыкі і лячэння паспрыялі зніжэнню ў мінулым годзе агульнай смяротнасці насельніцтва, у тым ліку працаздольнага ўзросту, на 23,5%. Станоўчая тэндэнцыя захоўваецца і сёлета.
Цяпер амбулаторна-паліклінічнай дапамозе нададзена прыярытэтнае развіццё, таму ў структуры расходаў на ахову здароўя раёна павялічылася доля фінансавання на гэты від дапамогі з 36,7% у 2011 годзе да 51% у 2015-ым, адпаведна на стацыянарную – зменшылася з 52,1% да 35,5%. З мэтай далейшага паляпшэння даступнасці медыцынскага лячэння жыхарам сельскай мясцовасці выконваецца праграма пераходу з сельскіх урачэбных амбулаторый у амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Цяпер такія ўстановы аснашчаны аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай “Урач агульнай практыкі”. Неабходна на працягу сёлетняга і 2017 года ўкараніць электронны рэцэпт, медыцынскую карту амбулаторнага хворага. А яшчэ прадоўжыць сістэмную работу ўсіх зацікаўленых на дасягненне станоўчай дынамікі асноўных медыка-дэмаграфічных паказчыкаў, і ў першую чаргу станоўчага натуральнага прыросту насельніцтва. Гэта ў многім залежыць ад адказнасці кожнага жыхара за сваё здароўе і якасці дыспансерызацыі насельнітцва. Актуальнай лічу таксама праблему павышэння матывацыі людзей да рэгулярнага праходжання дыспансернага дынамічнага назірання шляхам пошуку новых найбольш эфектыўных форм і метадаў інфармавання іх аб фактарах рызыкі развіцця захворванняў. Небходна паэтапна пераходзіць на страхавую медыцыну, частковую аплату лячэння ў стацыянары.
Асноўныя жыццёвыя прыярытэты чалавек атрымлівае ў дзяцінстве, назіраючы за паводзінамі бацькоў і маючы зносіны з аднагодкамі, таму думаю, што прафілактычную работу трэба пачынаць з сям’і. Прапаную ўвесці ў практыку абавязковы ўдзел бацькоў у мерапрыемствах шостага дня ва ўстановах адукацыі, каб знізіць у вёсцы такую сацыяльную праблему, як п’янства.
Калі чалавек сам клапоціцца пра сваё здароўе, то лягчэй будзе працаваць доктару і хутчэй развівацца медыцыне ў цэлым.
Людміла КОСЦІНА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*