Какая рыба водится в «Соколово»?

Какая рыба водится в «Соколово»?

Рыбгас — гаспадарка складаная. Патрэбна не толькі вырасціць рыбу, атрымаць добрую навеcку, але й выгадна, без затрымак, пачынаючы з асенняй пуціны, рэалізаваць яе. Прычым, праблем з розніцай дастаткова: далёка не ўсе гандлёвыя арганізацыі гатовыя працаваць з жывой рыбай. Таму большасць прадукцыі прадаецца самавывазам, са спецыялізаваных машын. І тут сапраўды неабходна быць свайго роду энтузіястам cправы, пастаянна цікавіцца сітуацыяй на рынку, умець прымаць нестандартныя рашэнні, не баяцца новых праектаў, каб не толькі выжываць, а наладжваць рэнтабельную вытворчасць.
Менавіта з такой кагорты кіраўнікоў А.І.Мелех, дырэктар філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Палессегіправодгас” Рыбгас “Сакалова”. З верасня мінулага года ён узначальвае калектыў, але з яго прыходам ажывілася праца тутэйшых рыбаводаў. Анатоль Ільіч — інжынер прамысловага рыбалоўства. Закончыў Калінінградскі інстытут рыбнай прамысловасці. Хадзіў у мора на рыбалоўных судах, калі працаваў на Калінградскай базе рэфрыжыратарнага флоту, а ў рыбгасе Белаазёрска яму давялося ўжо вырошчваць рыбу.
Рэканструкцыя. Гаспадарка разрастаецца
— Анатоль Ільіч, з чаго пачыналі ў “Сакалове”?
— Наколькі мне вядома, рыбгас “Сакалова” ў Жабінкаўскім раёне ўтвораны на былых панскіх сажалках. Але сённяшняя гаспадарка — гэта 520 гектараў воднай плошчы, дзве трэці якіх знаходзяцца ў Маларыцкім раёне. 20 гектараў ля санаторыя “Буг” ва ўрочышчы “Трасцяніца” прызначаны пад вырошчванне рыбапасадачнага матэрыялу, тут сажалкі ідэальна падыходзяць для гэтай мэты і сваёй планіроўкай, і тым, што не зарастаюць.
Першае, чым трэба было займацца, — гэта рамонтам сажалак, якія з-за недахопу фінансавых сродкаў аднаўляліся слабавата. На гэтыя мэты расходавалі 450 мільёнаў рублёў. Некаторыя рэканструявалі, былі сярод іх і такія, што ўжо не выкарыстоўваліся памянялі выпускныя збудаванні. Прыйшлося адваёўваць плошчы ад чароту. Сёлета пачаліся работы на зімавальных сажалках.
Складанасці ўзнікаюць з захоўваннем рыбы пасля адлову, не хапае плошчаў. Таму запланавалі пачысціць усе рыбазборныя збудаванні, якія моцна заглеены. Ужо “скінулі” ваду. Наперадзе вялікі аб’ём работы. Дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы, якому мы падначалены, паабяцаў выдзеліць на гэтыя мэты дадаткова 160 мільёнаў рублёў.
У краіне прынята Дзяржаўная праграма развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады, якая накіравана на павелічэнне вытворчасці і асартыменту ўласнай рыбапрадукцыі. Насельніцтву рэспублікі неабходна не менш чым 180 тысяч тон рыбы і рыбнай прадукцыі ў год. Асноўная частка імпартуецца ў выглядзе прадуктаў глыбокай замарозкі. На долю ўласнай, найбольш каштоўнай, жывой рыбы прыпадае толькі крыху больш за 8 працэнтаў.
— І тым не менш, штогод рыбгас “Сакалова” павялічвае вытворчасць таварнай прадукцыі…
— Будзем рабіць гэта і надалей. Сёлета вырасцілі 700 тон таварнай рыбы. Плануем 200 тон рэалізаваць у гэтым годзе, а ў наступным — астатнюю. І зрабіць трэба найхутчэй, таму што рыба ў зімавалах штодзень губляе вагу. Наогул, для таго, каб прадпрыемства працавала рэнтабельна, яму неабходна вырошчваць да 700 тон рыбы. Пакуль гэта нам удаецца.
Ёсць добры зачын і на будучае. Так, планавалі атрымаць 30 тон рыбапасадачнага матэрыялу, а ў выніку яго у нас — 57 тон. Навеска — 45 грамаў (сярод роднасных прадпрыемстваў рэспублікі гэта лепшы паказчык). На наступны год поўнасцю забяспечылі сябе рыбапасадачным матэрыялам, закупляць, як раней, не будзем, большую частку пусцім на продаж.
Аднак, каб рэалізаваць жывую прадукцыю, патрэбна тэхніка, якой у нас недастаткова. 9 машын задзейнічана на вывазцы рыбы для продажу. У час аблову 3-4 з іх даводзіцца адпраўляць для перавозкі яе з нагульных сажалак у зімавалы.
Спраўна выконваем заяўкі арганізацый, якія гандлююць нашай рыбай. Зарыбляем вадаёмы (напрыклад, паляўнічых гаспадарак). Акрамя таго, задавальняем запыты у калектыўных пакупках.
Рыба — карысны прадукт
— Як дапамагае ў рэалізацыі карпаў Жабінкаўскае райспажыўтаварыства? У некаторых магазінах устаноўлены акварыумы для жывой прадукцыі.
— Прадае, але ў невялікіх аб’ёмах. Гандаль наогул больш стараецца пераходзіць на рыбапрадукты: вэнджаныя, філіраваныя…
— Верагодна, уплывае таксама, што машына з “Сакалова” пастаянна ёсць на гарадскім рынку.
— Так, людзі ўжо прывыклі да нашага выязнога гандлю. Тым больш на 1,5% рыба танней, чым у магазіне. Наогул у параўнанні з мінулым годам свежай рыбы распрадаецца сёлета больш. Прывыкаюць. Вырасцілі карпаў вагой ад 1 да 2,5 кілаграма. Такая рыба запатрабаваная пакупніком. Драбнейшая ўжо не мае падобных смакавых якасцяў і ўласцівасцяў.
І што там казаць, свежая рыба — прадукт, які вельмі карысны, лёгка засвойваецца арганізмам. Гэта, у прыватнасці, фосфар, які садзейнічае росту здаровых валасоў, умацоўвае косці, пазногці.
Я, як спецыяліст, з рыбай працую даўно, даводзілася лавіць яе ў моры, ведаю, як дастаўляецца яна спажыўцу: перамёрзлая некалькі разоў, у ёй шмат вады, а ў такім разе яна губляе не толькі свае смакавыя ўласцівасці.
Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя Беларусі нормы спажывання рыбы для жыхароў краіны — 16-24 кілаграмы ў год у залежнасці ад узросту чалавека. Летась кожны жыхар рэспублікі з’еў толькі 13,2 кілаграма (прэснаводнай — 1,4 кг).
— І ўсё роўна статыстыка сведчыць, што людзі перавагу аддаюць замарожанай рыбе.
— Прычын тут некалькі. Магчыма, адна з іх, што недастаткова яшчэ прапагандуецца ўжыванне свежай, страваў з яе. Возьмем карп. З галавы можна зварыць уху. Зрабіць з тушкі катлеты. А вы не спрабавалі селядзец з карпа? Цудоўна атрымліваецца.
— Падзяліцеся рэцэптам.
— Даволі проста. Выбіраем косці, рэжам на кавалачкі. На адзін кілаграм рыбы патрэбна 100 грамаў цукру, 200 — солі. Заправіць на суткі (і менш). Потым прамыць, заліць вадой (можна дабавіць крыху воцату, калі ёсць, скажам, пах камбікорму) і паставіць на 3-4 гадзіны адмакаць. Зноў прамыць. Узяць вялікую цыбуліну. Парэзаць саломкай, перамяшаць з рыбай, шчодра пасыпаць каляндрай. Паставіць на пару гадзін у халадзільнік. Вось і гатова да ўжывання. Думаю, хто паспрабуе так зрабіць, не пашкадуе.
Ведаю, што многія гаспадыні робяць у духоўцы кансервы з рыбы. Сажалкавая таксама выдатна падыходзіць для гэтых мэтаў.
Траваедныя і іншыя
— Айчыннае рыбаводства ў большасці заснавана на развядзенні карпа, вырошчванне якога практычна не можа быць самаакупным. Якое вы, Анатоль Ільіч, бачыце выйсце ў гэтай сітуацыі?
— Сапраўды, карп — асноўны від нашай жывой прадукцыі. Патрэбна было здзівіць нечым новенькім. Спачатку гэта былі траваедныя рыбы — таўсталобік, белы амур. Але іх сталі вырошчваць больш не дзеля продажу, а як санітараў сажалак.
Сёлета паспрабавалі вырошчваць буфала. Гэта рыба сямейства карпавых, з добрымі смакавымі якасцямі. Упэўніліся, што выдатна набірае вагу (навеска была 60-70 грамаў). У невялікай колькасці ў сажалках ёсць шчупакі, самы, ліні.
— У некаторых рыбгасах пачынаюць наладжваць вытворчасць асятровых. А вы не плануеце пашырыць асартымент дзякуючы каштоўным відам рыбы?
— Для гэтага не гатовыя пакуль сажалкі. Спачатку іх трэба добра пачысціць, пазбавіцца ад глею. А наогул не выключаем такую магчымасць у перспектыве. У планах таксама будаўніцтва ў Сакалове цэха для вырошчвання афрыканскага сома і адначасова інкубацыйнага аддзялення.
Заваёўваюць расійскі рынак
— Анатоль Ільіч, дагэтуль сакалоўскія карпы не спрабавалі прадаваць у Расію. У гэтым годзе вы выйшлі на расійскі рынак. Якія ўражанні?
— Паверце, не ад добрага жыцця пайшлі на такі крок. Жыццё прымусіла. Штогод становіцца ўсё складаней прадаваць свежую рыбу. Канкурэнцыя. Буйныя рыбгасы “Днепрабуг”, “Сялец” шырока прапаноўваюць сваю прадукцыю. Скажам, апошні вырошчвае 2800 тон рыбы.
Заключылі кантракты з расійскімі прадстаўнікамі. Прадалі 20 тон, плануем яшчэ да 60 тон адправіць, ёсць на тое дамоўленасць.
Дэпартамент выдзеліў нам МАЗ для перавозкі жывой рыбы. Засталося яго абсталяваць кантэйнерамі, адпаведным абсталяваннем, уключаючы вадкі кісларод. Да 10 тон рыбы зможам тады транспарціраваць на далёкія адлегласці, бо пакуль што гандаль з Расіяй упіраецца ў транспарт.
Хоць справа гэта толькі наладжваецца, але адназначна можна сказаць, што наша сажалкавая рыба ў суседзяў запатрабаваная. Менавіта такой прадукцыі ў іх вырошчваецца недастаткова.
— А ці не ў накладзе рыбгас? Усё ж такі транспартныя выдаткі і іншыя…
— Наадварот, нам гэта эканамічна вельмі выгадна. Ідзе валюта ў краіну, экспарціруецца прадукцыя. Дый прадаём па вышэйшай цане, чым тут. У прыватнасці, не плацім падатак на дабаўленую вартасць. Словам, ясна адно: будзем і надалей наладжваць кантакты і супрацоўніцтва з суседзямі.
Будзе прадукцыя на любы густ
— Сярод інавацый рыбаловаў — будаўніцтва цэха перапрацоўкі рыбы, узвядзенне якога побач вёскі Курпічы распачата сёлета.
— І гэта таксама жыццёвая неабходнасць. Каб трывала станавіцца прадпрыемству на ногі, патрэбна ўмацоўваць эканоміку, нарошчваць вытворчасць. Цэх перапрацоўкі рыбы здыме праблему ў рэалізацыі большых аб’ёмаў выгадаванай прадукцыі. Акрамя таго знікнуць усе праблемы, звязаныя з вяртаннем непрададзенай рыбы самавывазам.
У цэху плануецца філіраванне рыбы, халоднае і гарачае вэнджанне. Адходы таксама пусцім у перапрацоўку, наладзім выпуск мукі, якую выкарыстоўваюць пры вырабе камбікармоў. Магчыма, будзем перапрацоўваць не толькі сваю рыбу, але й марскую. Пабудуем і фірменны магазін, дзе заўжды будзе свежая рыба і прадукцыя з цэха перапрацоўкі.
— Калі запланаваны ўвод аб’екта?
— Ужо асвоена 160 мільёнаў рублёў. У 2012 годзе работы павінны быць завершаны.
Пра развіццё рыбгаса “Сакалова” гаворку вялі А.Мелех і С.Вішнеўская.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top