Земля — живая!

Земля — живая!

Амаль кожны год адзначаецца прыроднымі катаклізмамі:у адных рэгіёнах свету ідуць праліўныя дажджы і выклікаюць нябачаныя паводкі, у іншых, наадварот, назіраецца небывалая засуха. Страшэнныя залівы, ураганы сёлета пранесліся па Заходняй Еўропе, не абмінулі яны і Беларусь.
Усе гэтыя непажаданыя з’явы, на думку адмыслоўцаў, выклікаюцца “парніковым эфектам”, звязаным з тэхнагеннай дзейнасцю чалавека. Возьмем выхлапныя газы аўтамабіля: яны не знікаюць у паветры бясследна, а маюць уласцівасць назапашвацца ў верхніх пластах атмасферы. А вось прамысловыя прадпрыемствы. Адны трубы “вэндзяць” неба, другія — скідваюць адходы вытворчасці ў рэкі, якія, вядома ж, цякуць у моры… Калі і далей вытворчасць будзе суправаджацца такім брудам, дык Зямля проста не вытрымае здзеку з сябе.
Яшчэ старажытныя выказалі пункт гледжання: Зямля — Гея — жывая, лясы — яе лёгкія, а рэкі — крывяносныя сасуды. Яна не ўмее гаварыць, затое ўмее рэагаваць на ўсё, што наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Тлумачэнне прыродных катаклізмаў можа быць такое: гэта — адплата стыхійных сіл, папярэджанне чалавецтву.
Аднак, скажаце вы, няхай галава баліць у навукоўцаў. Няхай ліквідуюць трубы, прыдумаюць машыны, якія б працавалі на экалагічна чыстых відах паліва. Вядома, каб выратаваць Зямлю, неабходна развіццё эканомікі накіраваць у разумнае рэчышча. Але не менш важная і змена свядомасці. І вось тут — наша хата не з краю, бо ўсё залежыць ад чалавека. Калі ты ссек дрэва, абавязаны пасадзіць новае. Ты павінен задумацца: а што застанецца пасля нас? Знясіленая, брудная Зямля?..
Ніякія іншапланецяне не дапамогуць нам, калі мы самі не дапаможам сабе. Вось і хочацца паўтарыць простыя і мудрыя словы старажытных: “Беражыце Зямлю! Бо яна — жывая!”
М.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, выпускніца СШ №3 г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top