Крадуць усялякае

zaderzana-vorovkaКрасавіцкія і майскія дні адзначаны шэрагам крадзяжоў. Пад увагу зладзеяў траплялі ўсялякія рэчы: ад розных адкрутак, што прымяняюцца ў гаспадарскіх справах, да шліфавальных машынак “Бош”.
• Нараджэнец Магілёўскай вобласці Аляксандр Ц., якому яшчэ няма й трыццаці, знаходзячыся недалёка ад гарадскога рынку, шляхам абману і злоўжывання даверам украў у Леаніда Усцьянчыка 4830000 рублёў.
• Нараджэнка Кобрына Галіна А. красавіцкім вечарам зайшла ў пад’езд дома №26, што на вуліцы Леніна, аграгарадка Ленінскі і прыкмеціла дзіцячы веласіпедзік “Азімут”. “Спатрэбіцца”, – рашыла яна і прыхапіла з сабой. Зладзейка сваімі дзеяннямі нанесла маёмасную шкоду на 1 мільён рублёў Надзеі Моталь (столькі каштаваў “велік”), якой належала ўкрадзеная рэч.
• Наступны крадзеж адбыўся на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Арляня” 29 мая надвячоркам. Віталь С. і Уладзімір К. укралі мабільны тэлефон “Самсунг”, трохлітровы тэтрапакет з гарэлкай “Ельцын” і літровую бутэльку віскі. Усё гэта належала Вользе Радыванюк.
• Ізноў у крадзяжы абвінавачваецца жыхар з Кобрынскага раёна – Аляксандр К. Злачынства ён здзейсніў раніцай у Сенькавічах. У двары Галіны Чарнецкай знаходзілася вуглавая шліфавальная машына “Бош”, якую і прыгледзеў злодзей. Украў машыну, чым нанёс яе гаспадыні маёмасную шкоду на 1570000 рублёў.
• Дажыліся: крадзём вечназялёныя дрэўцы. Дарэчы, такое ўжо не ўпершыню ў нашым горадзе: у недалёкім мінулым ад злодзея дрэўцаў пацярпела СШ №2 г. Жабінка, а ў маі Галіна Умнова, якая жыве на вуліцы Фядзяя ў доме №10. Невядомая асоба ўкрала ў яе 18 саджанцаў туі конусападобнай формы на агульную суму больш за мільён рублёў.
• Наступны крадзеж адбыўся ў аграгарадку Ракітніца з гаспадарчай пабудовы Сяргея Навумаўца. Невядомы браў усё, што трапляла пад рукі: падаўжальнік, набор ключоў, каніфоль, паяльныя кіслату і флюс, адкрутку і іншыя прылады. Усяго было ўкрадзена гаспадарчых рэчаў на 1230000 рублёў.
Па ўсіх гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы, прадугледжаныя ч. 1 арт. 209 і ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Ігнараваў пакаранне

Іван Н. па-ранейшаму парушае заканадаўства. У жніўні 2011 года судом Жабінкаўскага раёна ён быў пазбаўлены права зай-маца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі на пяць гадоў і штрафам у дзвесце базавых велічыняў (7000000 рублёў); сёлета ў лютым панёс пакаранне за аналагічнае злачынства на 6 месяцаў і 16 дзён са штрафам у 70 базавых велічыняў на суму 14700000 рублёў. У сакавіку яго папярэдзілі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела аб адказнасці паводле арт. 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Аднак ён праігнараваў папярэджанне і 1 мая, не маючы права кіраваць транспартам, раз’язджаў на “Аўдзі А6” па дваровай тэрыторыі на вуліцы Цітова, дзе ля трэцяга дома наехаў на стоўпік агароджы клумбы. Паводле арт. 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа.

Трагедыя на дарозе

Гінуць людзі на дарогах па-ранейшаму. Трагічна закончылася паездка 18 мая для Анатоля Е. і Васіля Н. Першы з іх быў за рулём аўтамабіля “Нісан Кашкай” і ехаў па дарозе Н-148 “Жабінка–Рачкі–Тэльмы” ў накірунку Рачкаў. На другім кіламетры дарогі вадзіцель не выбраў бяспечную хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет, сутыкнуўся з дрэвам і машына перакулілася. У выніку дарожна-транспартнага здарэння пасажыр Васіль Н. памёр на месцы трагедыі.
У адносінах Анатоля Е. узбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса.

Зачасаліся кулакі

Супрацоўнікі Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусі 2 мая ноччу спынілі Віктара П., каб высветліць асобу. Ён, дарэчы, быў п’яны і не доўга раздумваючы ўдарыў кулаком у твар міліцыянеру-кінолагу групы затрымання ўзвода міліцыі Аляксею Гарусу. У адносінах аматара распускаць кулакі ўзбуджана крымінальная справа паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Іх штрафуюць, а яны ўсё ловяць

Летась у маі Андрэй П. пастановай суда Маскоўскага раёна Брэста быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за здабычу рыбы забароненымі прыладамі – штрафу ў даход дзяржавы на суму ў 20 базавых велічыняў – і відаць ужо забыў пра пакаранне.
2 мая сёлета ён выехаў на рыбалоўныя ўгоддзі Мухаўца ля Булькова. Для лоўлі выкарыстаў вудзілішча з прымацаванымі да лескі сецевым экранам трохвугольнай формы і сетку. Гэта быў перыяд агульнай забароны на лоўлю рыбы. Аматар дарункаў ракі злавіў тры ляшчы, чым нанёс шкоду навакольнаму асяроддзю на 5670000 рублёў.
У адносінах рыбалова ўзбуджана крымінальная справа, прадугледжаная ч. 1 арт. 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Аляксей СТРУК, часова выконваючы абавязкі начальніка Жабінкаўскага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, падпалкоўнік;
Ілля ХВАЛКО, часова выконваючы абавязкі начальніка РАУС, падпалкоўнік.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro