Вясёлыя заданні падрыхтавала лета

Вясёлыя заданні падрыхтавала лета

IMG_2405Пачалося лета. Дзеці з прыёмных і апекунскіх сем’яў запомняць першыя чэрвеньскія дні святам, арганізаваным у актавай зале ЦТДіМ спецыялістамі Жабінкаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У першай палове сустрэчы забаўляльныя і цікавыя конкурсы прапаноўвала Таццяна Мартынава, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС. Напрыклад, у конкурсе “Зразумей мяне” неабходна было з дапамогай жэстаў і мімікі “паказаць” сітуацыю (скажам, на чалавека накінуўся сабака, у калідоры задымлена і дзіця хаваецца ў далёкім пакоі і інш).
IMG_2378У наступным конкурсе дзеці праявілі спрыт і кемлівасць. Трэба было разматаць клубочак нітак і адгадаць загадку.
З гэтым выдатна справіўся Аляксандр Габрынеўскі і яго прыёмная мама. У чарговым – “Путаніца” расшыфроўвалі слова, у якім “пераблыталіся” літары. З гэтым заданнем справіліся дарослыя – Віктар і Алена Янушы.
Найбольш смеху і вяселля ва ўдзельнікаў выклікаў конкурс “Самы спрытны”. Думаеце, лёгка ў спецыяльных пальчатках для пажарных (яны называюцца крагі) зняць абгортку з цукеркі ці завязаць банцік? Дзеці доўга корпаліся з заданнем, а вось жонка зваршчыка Марына Дулевіч з элегантнай лёгкасцю завязала банцік, нібыта на далонях не было ніякіх таўшчэзных крагаў! IMG_2470Вельмі спадабалася гасцям свята збіраць мазаіку, гуляць у эвакуацыю, мацаваць аўтаматычны пажарны апавяшчальнік, здагадвацца, што павінна быць на пажарным шчыце, маляваць сваю дружную сям’ю. Усе дзеці – Валерыя Анціпаровіч, Ганна Дземянчук, Раман Нябогаў, Руслан і Аляксандра Круглей, Юра Бакун, Іван Шчыглеўскі, Аляксандр Габрылеўскі і нават самая маленькая – двухгадовая Алачка Грамічук – з задавальненнем уключаліся ў гульню. Вясёлыя і смешныя заданні, а потым – танцавальныя конкурсы і міні-дыскатэка – дазволілі юным гасцям і іх бацькам-апекунам яшчэ больш зразумець адзін аднаго і пасябраваць. На завяршэнне свята ўсе атрымалі падарункі і салодкія прызы ад арганізатараў сустрэчы і РК ГА “БРСМ”.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: пад час правядзення свята
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro