На імгненне сталі мадэлямі

На імгненне сталі мадэлямі

Напрыканцы кожнага навучальнага года ў спецшколе-інтэрнаце для дзяцей з паслабленым зрокам мы традыцыйна ладзім конкурс “Гаспадынька”. Гэта цэлая падзея ў жыцці школы, сапраўднае свята для навучэнцаў. Дзеці яго заўсёды чакаюць з нецярпеннем, у ім пануюць музыка і спевы, цікавыя конкурсы і прызы…

DSCN0957-Удзельніцы выпрабаванняў спаборнічаюць у намінацыях: найлепшыя рукадзельніца, швачка, кулінар, мадэльер, дызайнер. Некаторыя заданні дзецям даўно спадабаліся, таму сталі традыцыйнымі. Гэта ўпрыгажэнне торта і дэманстрацыя мадэлей.
Сёлета паспрабаваць у ролі швачак і мадэляў пажадалі 8 старшакласніц: Юля Туз, Карына Ганчарук, Даша Асіпук, Віка Чырэц, Дзіяна Пшанай, Карына Завяржэнец, Насця Радчук і Наташа Падлеская:
“У якасці матэрыялу для мадэляў мы выкарыстоўвалі рэшткі цюля, пакеты ад чыпсаў, фальгу, фанцікі ад шакаладу і цукерак, спанбонд, цэлафан – усё, што звычайна адпраўляецца ў смеццевую карзіну”.
Таму, каб прыняць удзел у сёлетнім конкурсе, падрыхтаваць сукенку, дзяўчынкі доўга збіралі матэрыял (напрыклад, Юля Туз не выкідвала праязныя білеты на цягнік, і з іх атрымаліся прыгожыя матылькі, якія “прыселі” на яе ўбор “Фея ночы”).
Да кожнай мадэлі дзяўчынкі прыдумвалі ўпрыгажэнні і аксесуары – банцікі, брошкі, паясы, пацеркі, сумачкі і г. д. Усё павінна гарманіраваць і быць зроблена сваімі рукамі.
Пад час факультатыву “Прыгажосць з нічога” мы рабілі сукенкі са спанбонду і цэлафану і ўяўлялі, якія тканіны маглі б падысці да гэтай мадэлі, колер і тон. Калі сшывалі маленькія фанцікі ад цукерак у адзінае палатно для будучай сукенкі, адпрацоўвалі машынныя радочкі. Заадно выхоўвалася ў дзяўчатак працавітасць, уседлівасць, жаданне давесці пачатае да канца, мэтанакіраванасць, упэўненасць у сабе.
У школе вучацца дзеці з парушэннямі зроку і рознымі захворваннямі. Тут, у школе, кожная дзяўчынка можа быць мадэльерам-дызайнерам і мадэлью, можа стаць “Міс Мадэль”. Настаўнікі дапамагаюць здзейсніць гэтую мару.DSCN0892
“Ужываючыся” ў свой вобраз-сукенку, удзельніцы забываюць аб тым, што не такія, як усе, – кепска бачаць, спінка няроўная з-за скаліёзу. Яны думаюць аб тым, што зараз, нібы Папялушкі, апрануты ў самыя дарагія сукенкі, дэманструюць іх пад прыгожыя гукі музыкі. Шчырыя апладысменты, кветкі, захопленыя вочы аднагодкаў надаюць дзяўчаткам упэўненасці. Нашу гульню ў мадэльны свет, ужыванне ў вобразы можна параўнаць з арттэрапіяй ­­– лячэннем мастацтвам.
Пад час паказу мод дзяўчаткі не проста дэманструюць уборы, якія пашылі самі, а павінны данесці да журы і гледачоў задуманы вобраз, каб ён раскрываў назву сукенкі (напрыклад, “Фея ружаў”, “Эдэльвейс”, “Феечка”, “Бэз”, “Вясна” і інш.), улічвалася таксама ўменне ўдзельніц прыгожа рухацца па сцэне, гаварыць, стаяць. На гэты раз званне пераможцы конкурсу дасталося Вікторыі Чырэц, хаця ўсе дзяўчынкі смела маглі прэтэндаваць на гэты тытул. Галоўная ўзнагарода – канкурсанткі адчулі сябе патрэбнымі, самымі лепшымі і незвычайнымі. А яшчэ яны прыгожа афармлялі торты ў іншым конкурсе, удзельнічалі ў інтэр-гульні.
Паказаць свае ўменні маглі і ўсе астатнія выхаванцы. Традыцыйна рыхтуецца выстава іх работ: бісерапляценне, вышыўка, самаробкі са спадручных матэрыялаў. Дзецям, якія кепска бачаць (а некаторыя наогул жывуць навобмацак, чатаюць кнігі, напісаныя спецыяльным шрыфтам), паверце, гэта рабіць не проста.
…Хочацца верыць, што ўнутраны свет вучаніц спецшколы-інтэрната застанецца чароўным і прыгожым, толькі з цягам часу стане больш насычаным і разнастайным.
Валянціна ХІТРЫНЦАВА, настаўніца рускай мовы
і літаратуры,
працоўнага навучання.
На здымках: пад час конкурсу “Гаспадынька”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro