Лічу сябе шчасліваю…

Лічу сябе шчасліваю…

Дзіна Доста, гераіня гэтай нататкі, вызначылася з будучай прафесіяй літаральна перад апошнім школьным званком. Дзяўчына вырашыла звязаць жыццё з работай, якая патрабуе дысцыплінаванасці, адказнасці, рашучасці і справядлівасці. Таму яна абрала прафесію… Але ж, дадзім слова ёй:
_DSC7366– Я б у міліцыю пайшла, няхай мяне навучаць! Так адказвала я сваім знаёмым на пытанне, куды збіраюся паступаць пасля школы. А сама вагалася – мо, лепш архітэктарам стаць? Засмучала толькі, што маляванне і чарчэнне – не мая справа, бо са школьных дысцыплін перавагу аддавала мовам, літаратуры, фізіцы, матэматыцы, геаграфіі. Бацькі не шкадавалі грошай, куплялі выдатна аздобленыя энцыклапедыі, дый у мясцовай бібліятэцы я амаль што жыла (смяецца). Прагу да ведаў падтрымлівалі мае любімыя і дарагія сэрцу настаўнікі Крыўлянскай школы. Вучыцца падабалася, пастаянна ездзіла на алімпіяды па многіх дысцыплінах, узначальвала школьныя каманды па баскетболе, валейболе і турызме.
У выпускным класе, калі ў чарговы раз глядзела перадачу “Час суда”, падумала: прафесія юрыста – заўжды запатрабаваная і прэстыжная. Засталося толькі выбраць ВНУ. У маім школьным атэстаце значыліся ўсяго пяць “9”, астатнія – “10”, з сряэднім балам у 9,7.
У той год самы высокі конкурс на абраную спецыяльнасць – 14 чалавек на месца – быў у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў (вышэйшы – 18 чалавек – у дызайнераў). Я з тых, хто лёгкіх шляхоў не шукае – падала дакументы менавіта ў Акадэмію. Бацькі вельмі хваляваліся – тады набіралі ўсяго 14 дзяўчат з усёй рэспублікі. Сваё прозвішча пасля ўступных экзаменаў пабачыла ў чацвёртым радку спісу шчасліўчыкаў.
– Дзіна, як паўплывала на цябе вучоба ў гэтым прэстыжным ВНУ?
– Вучыцца там было надзвычай цікава. Да нас, дзяўчат, адносіліся не так строга, як да юнакоў, давалі палёгку. А ў цэлым жылі паводле рэжыму. У 6.30 – пад’ём, гігіенічныя працэдуры, заняткі, фізкультура, сняданкі-абеды, дзяжурства згодна з раскладам. Мяне зразумеюць тыя, хто прайшоў службу ў арміі.
Асабліва запомнілася, як чысцілі бульбу. Трэба было абабраць лупіны і начысціць паўнюткую ванну бульбы! На гэта адводзіўся час: з 16.00 амаль да апоўначы. Хлопцы стагналі і ледзь не плакалі. Затое ў сямейным жыцці гэтае ўменне ім спатрэбіцца (смяецца).
У Акадэміі мы жылі дружнай, вясёлай сям’ёй – разам вучыліся, ра-
зам адпачывалі, ездзілі на экскурсіі, пазнавалі свет. Акадэмія дала мне шмат сяброў і нават – землякоў. Так, на адным курсе з Жабінкі вучыліся я і Ігар Шпудзейка. Цяпер – калегі. У Акадэміі мы ўсе сталі дысцыплінаванымі, больш адказнымі, юрыдычна “падкаванымі”. Нашы выкладчыкі па крыміналістыцы, юрыспрудэнцыі, псіхалогіі і іншых дысцыплінах на “выдатна” рыхтавалі будучых супрацоўнікаў міліцыі.
– Як сустрэлі маладых спецыялістаў у калектыве?
– Цёпла і з паразуменнем. Многія са старэйшых калег самі некалі былі маладымі, таму разумеюць, што вопыт і ўменні прыходзяць з цягам часу, падказваюць выхады з многіх сітуацый. Шчыра кажучы, ніколі не шкадую, што не засталася ў Мінску. (Мне, як выпускніцы-выдатніцы Акадэміі, давалася магчымасць працаваць у Мінску. Аднак там “свяціла” пасада толькі ўчастковага міліцыянера. Па нарматыву нагрузка на аднаго – 3000 чалавек насельніцтва, а ў сталічных маіх аднакурснікаў гэты паказчык – не ніжэй 9000 чалавек!).
У Жабінцы я праходзіла практыку на 4-ым курсе, таму вырашыла і далей працаваць тут. За першы год у аддзеле мы адчуваем сябе паўнавартаснымі членамі вялікага, згуртаванага калектыву Жабінкаўскага РАУС.
– Дзіна, што ўваходзіць у твае абавязкі?
– Я, як старшы інспектар па прафілактыцы, займаюся аналітыкай, колькі адбылося крадзяжоў, злачынстваў і г. д. На аснове гэтага вызначаем, прымаем меры. Таксама займаюся прафілактычнымі справамі падуліковых.
– Як адчувае сябе прывабная незамужняя дзяўчына ў мужчынскім калектыве?
– На “выдатна”! (смяецца). Без увагі і кампліментаў калег не абыходзіцца… Кіраваць мужчынамі (а ў мяне ў падначаленасці 8 участковых інспектараў), як гаварыў наш выкладчык псіхалогіі, вельмі проста. Галоўнае, знайсці падыход да кожнага, вызначыць ягоныя жыццёвыя арыенціры і праз гэта дабівацца любой мэты.
– Табе, мабыць, не раз даводзілася чуць, як бацькі або зусім незнаёмыя людзі пужаюць маленькіх дзяцей, якія нашкодзілі, што “прыйдзе дзядзька міліцыянер і забярэ”?
– Вось гэтага рабіць ні ў якім разе нельга! Бывалі сітуацыі, калі дзеці губляліся ў лесе. На пошукі малых паднімалі цэлыя ўзводы салдат і міліцыянераў, а малыя нават уголас заплакаць баяліся, хаця іх і клікалі, бо бачылі міліцэйскую форму і памяталі “страшылкі” такіх вось “добразычлівых” дарослых. Міліцыя ў свядомасці дзяцей павінна быць не сінонімам жаху, а асяродкам, дзе шукаюць справядлівасці і дапамогі. Дарэчы, у наш аддзел часта прыходзяць школьнікі, іх знаёмяць з работай міліцыі. Магчыма, нехта з іх таксама пачне тут сваю працоўную біяграфію.
– У цябе ёсць усё: маладосць, юнацкі запал, вышэйшая адукацыя, любімая праца, каханне. Чаго яшчэ чакаеш ад жыцця?
– Па натуры я чалавек няўрымслівы, люблю падарожнічаць. Пабывала ў 33 краінах Еўропы, уключаючы маленькія – Швейцарыю, Манака і інш. Імпануе жыццялюбства еўрапейцаў, іх усмешкі. Нашы беларусы больш стрыманыя ў праяўленні эмоцый. Мару спіс краін павялічыць хаця б да паўсотні, бо самыя лепшыя сувеніры, якія застаюцца пасля падарожжаў, – мае ўспаміны. Хачу заняцца ўдасканаленнем англійскай мовы. Але гэта пазней, бо зараз шмат часу адбірае навучанне ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праз год, спадзяюся, атрымаю яшчэ адзін дыплом па спецыяльнасці “дзяржава і эканоміка”.
У свае 22 гады лічу сябе шчаслівым і самадастатковым чалавекам. Галоўнае – правільна абраны жыццёвы шлях. Спадзяюся, што і мой 15-гадовы брат Глеб знойдзе сабе занятак па душы.
– Дзякуй за гутарку і поспеху!
На здымку: летась папоўнілі калектыў Дзмітрый Салей, Дзіна Доста
і Ігар Шпудзейка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro