Педагогі сабраліся на турысцкі злёт

Педагогі сабраліся на турысцкі злёт

профсоюз2Закончаны навучальны год, на фінішную прамую выйшла выпускная кампанія, пачалося аздараўленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Усё гэта патрабуе ад работнікаў сістэмы адукацыі сіл і энергіі, а таму вось ужо шэраг гадоў запар работнікі ўстаноў адукацыі раёна на некалькі дзён накіроўваюцца ў турыстычны паход ва ўрочышча Залуззе, дзе на час забываюць пра штодзённыя клопаты.
Сёлета на маляўнічым беразе ракі Мухавец стартаваў сёмы турысцкі злёт работнікаў сістэмы адукацыі Жабінкаўшчыны, які прысвячаўся 95-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Рознакаляровыя палаткі былі бачныя яшчэ на подыходах да ўрочышча. Восем каманд рыхтаваліся да прэзентацыі, эксперыментуючы з вобразамі перад конкурсам “візітовак”.
“Асабіста мяне парадавала, што сабраліся педагогі ўсіх пакаленняў: тыя, хто зусім нядаўна прыйшоў у прафесію, – Святлана Шаўчук і Святлана Алехнік з СШ №3 г. Жабінка, Вераніка Кукса і Яніна Бухоўская з Ленінскай, Дар’я Дзіўнова, Ірына Гацкевіч і Дзмітрый Максімук з другой гарадской школы; і тыя, хто аддаў адукацыі не адно дзесяцігоддзе, – Мікалай Пятровіч Кавальчук, Святлана Міхайлаўна Кужко, Мікалай Васільевіч Грыгарук, Алена Віктараўна Мелікава, Ірына Леанідаўна Жыгман, Марыя Іванаўна Грышан, Валерый Леанідавіч Кабаш і Павел Аляксеевіч Шэвелеў, – расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан. – Умовамі злёту прадугледжваўся абавязковы ўдзел старшыняў пярвічных прафсаюзных арганізацый і кіраўнікоў ці намеснікаў устаноў адукацыі”.профсоюз
Адкрыла турысцкі злёт намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч. Яна павіншавала калег з заканчэннем навучальнага года, выказала словы ўдзячнасці за нялёгкую працу і пажадала поспехаў перад спартыўнымі спаборніцтвамі і творчымі конкурсамі, запэўніла, што перамога дастанецца сапраўды самай дастойнай камандзе.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан была лаканічнай – пажадала педагогам цудоўна адпачыць на свежым паветры і набрацца сіл, станоўчых эмоцый.
Права падняць сцяг было дадзена капітанам усіх каманд. За некалькі гадзін да адкрыцця, праведзеных пад адкрытым небам, педагогі паспелі не толькі зручна размяціцца ў паходных умовах, але і праявіць свой талент у турыстычнай эстафеце. Паводле яе вынікаў самай хуткай, руплівай і ўмелай стала каманда ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Жабінка”, другімі былі педагогі Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, трэцімі – Ленінскай адзінаццацігодкі. Вечарам адбыліся конкурсы турысцкіх песень і кулінарных вырабаў, а таксама моды. Сапраўднымі модніцамі з цікавымі і арыгінальнымі задумкамі выступілі каманды Ленінскай, Якаўчыцкай і трэцяй гарадской адзі-наццацігодак. Цудоўныя салісты знайшліся ў камандах Ленінскай і Якаўчыцкай адзінаццацігодак і Жабін-каўскай спецыяльнай школы-інтэрната. Самыя арыгінальныя стравы прыгатавалі кулінары са спецшколы-інтэрната, Ленінскай, а таксама аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Яшчэ доўга пасля захаду сонца ўдзельнікі турзлёту проста адпачывалі, абменьваліся ўражаннямі, знаёміліся і мелі зносіны ў нефармальнай абстаноўцы пад трэск паленняў у кастры. З усіх бакоў ліліся песні пад мелодыю гітарных струн, а педагогі з ліку нястомных знаходзілі сілы яшчэ і на дыскатэку.
Захапляльным момантам першага дня стаў 15-хвілінны святочны салют на злёце байкераў, што адбыўся на супрацьлеглым беразе Мухаўца ў аздараўленчым лагеры “Арляня”.
У нядзелю падвялі вынікі конкурсаў турысцкай газеты (самай цікавай названа “Загадчык гаспадаркі” спецшколы-інтэрната) і быту (найлепш стварылі яго турысты з Ленінскай і другой адзінаццацігодак і школы-інтэрната). Паводле вынікаў двух дзён пераможцай сёмага раённага турысцкага злёту работнікаў устаноў адукацыі, прысвечанага 95-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, стала каманда ДУА “Ленінская сярэдняя школа”, у складзе якой былі і дырэктар школы Ірына Гурская, і старшыня прафкама Яніна Бухоўская. Другое месца ў СШ №3 г. Жабінка, у складзе каманды старшыня прафкама Таццяна Даманская і намеснікі дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай работах Вольга Завяржэнец і Ганна Кулагіна. На трэцім месцы турысты з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Каманды ўзнагароджаны дыпломамі раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і прызамі.
Людміла ВОЛЬЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro