Навучаюць з захапленнем, выхоўваюць з радасцю

Навучаюць з захапленнем, выхоўваюць з радасцю

326Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшую арганізацыю адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Матэматыка” ў першых класах. Уганараванне яго намінантаў і пераможцы адбылося ў актавай зале трэцяй гарадской школы.
У конкурсе прынялі ўдзел дзесяць педагогаў, якія годна прадставілі свае ўстановы.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Уладзіміраўна Тарасевіч сказала: “У любога будынка павінен быць падмурак, які не заменяць ні прыгожы фасад, ні новы дах, ні модны інтэр’ер, бо без яго пабудова разбурыцца. Для кожнага чалавека такой асновай з’яўляецца пачатковая школа, тыя веды, уменні, навыкі, якія набываюцца на першай ступені навучання, а фарміруюць іх настаўнікі пачатковых класаў, на якіх ускладзена вялікая адказнасць”.
Старшыня журы – метадыст вучэбна-метадычнага кабінета, кандыдат псіхалагічных навук Кацярына Мікалаеўна Сіда – расказала аб тых выпрабаваннях, якія прайшлі педагогі пад час конкурсу. Ён меў два туры. У першым, завочным, настаўнікі абагульнілі і прадставілі на суд журы свой вопыт работы па матэматыцы ў першым класе. Паводле яго вынікаў у другі тур выйшлі чатыры педагогі. Ім неабходна было правесці адкрыты ўрок матэматыкі ў незнаёмым класе. Пры яго аналізе журы ўлічвала выбар прыёмаў і метадаў, якія дапамагалі настаўнікам дасягнуць вынікаў, а таксама эрудыцыю педагогаў, іх уменне арганізоўваць вучняў-першакласнікаў на сумесную працу, наладжваць з імі кантакт.
Калі ж наступіў урачысты момант уганаравання, кожны ўдзельнік конкурсу быў адзначаны ў пэўнай намінацыі. Так, настаўнікі пачатковых класаў Лідзія Васільеўна Пасюк з Крыўлянскай сярэдняй школы, Галіна Аляксандраўна Дэйнак з Якаўчыцкай і Святлана Міхайлаўна Дашкун з Маціевіцкай базавай сталі ўладальнікамі намінацыі “Адданасць прафесіі”.
Іх калегі – Наталля Васільеўна Кузьміч са Старасельскай сярэдняй школы і Таццяна Уладзіміраўна Чмуневіч з Хмелеўскай – адзначаны ў намінацыі “Любоў да дзяцей”.
Імя настаўніцы пачатковых класаў Ленінскай сярэдняй школы Вольгі Аляксандраўны Раўновай было агучана ў намінацыі “Самы малады ўдзельнік конкурсу”.
Намінантамі-лаўрэатамі сталі наступныя педагогі-пачаткоўцы: ІІІ ступені – Алена Пятроўна Кузьміч з Ракітніцкай сярэдняй школы, ІІ-ой – Ларыса Віктараўна Філіманюк з СШ №2 г. Жабінка і І ступені – Алена Аляксееўна Букса з першай гарадской адзінаццацігодкі.
Пераможцай раённага конкурсу на лепшую арганізацыю адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Матэматыка” ў першых класах названа настаўніца пачатковых класаў сярэднай школы №3 г. Жабінка Святлана Пятроўна Пракопчык (на здымку).
Кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, іх намеснікі выходзілі на сцэну з кветкамі і падарункамі, каб уручыць іх удзельнікам конкурсу – сваім калегам. Яны дзякавалі ім за дастойнае прадстаўленне сваёй работы, прафесіяналізм, актыўнасць і творчасць.
Музычныя падарункі падарылі прысутным вучні трэцяй гарадской школы Герман Смаршчок, Яна Гаўрыленка, Ірына Шалонік, Злата Лукашэвіч. Рэпавую кампазіцыю “Вечная памяць” выканалі навучэнцы Жабінкаўскай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Яўген Гараднічук і Міхаіл Супрунчык, а таксама вучаніца Ракітніцкай сярэдняй школы Валянціна Кайзер.
Конкурс паказаў, што настаўнікі пачатковых класаў – людзі ініцыятыўныя, творчыя, таленавітыя, якія навучаюць з захапленнем, выхоўваюць з радасцю. Яны злучылі ў адно любоў да сваёй справы і вучняў, таму іх педагагічны шлях паспяховы.
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top