Untitled-13

Перапрацоўваецца цукар-сырэц

8 чэрвеня пачалася перапрацоўка сырцу на цукровым заводзе. Ёсць яго каля 30 тысяч тон. Столькі ж было перапрацавана ў сакавіку-красавіку. Мінулагодні сезон цукраварэння з буракоў закончыўся напачатку снежня 2015 года, таму што не ўрадзілі салодкія карэнні. Было атрымана толькі 97 тысяч тон белага цукру, таму перапрацоўка сырцу, які прыходзіць праз біржу з Кубы і Бразіліі, дае магчымасць адміністрацыі завода заняць рабочых працай, павялічыць аб’ёмы гатовай прадукцыі і не мець яе дэфіцыту для спажыўца.

Зніжкі на лекі

Акцыі, пад час якіх адбываюцца зніжкі на любыя тавары, выклікаюць у пакупнікоў задавальненне, асабліва ў тых, у каго кашалёк не асабліва багаты. Прадугледжваюцца яны і ў РУП “Фармацыя”. Ужо каторы час у яго аптэках беларускія лекавыя прэпараты адпускаюцца фармацэўтамі з 5-працэнтнымі зніжкамі для пенсіянераў паводле пенсійнага пасведчання. З мэтай прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў з 14 па 17 чэрвеня прадугледжваюцца 10-працэнтныя зніжкі на айчынныя лекавыя прэпараты ў ЦР аптэцы №27
г. Жабінка для ўсіх пакупнікоў. Такое рашэнне прынята Брэсцкім РУП “Фармацыя”.

Нафтабазу прадалі з аўкцыёна

Комплекс будынкаў базы па захаванні і перавалцы нафтапрадуктаў у Жабінцы прададзены з аўкцыёна за 6,5 мільярда рублёў, якія ў роўных долях паступяць у рэспубліканскі і абласны бюджэты. Новым уладальнікам яе стала прадпрыемства з замежным капіталам. У распараджэнні кампаніі зямельны ўчастак плошчаю больш як 50 га. На яго тэрыторыі размяшчаецца звыш 150 розных пабудоў: адміністрацыйныя будынкі, абслуговыя памяшканні, склады, сховішчы, спецыялізаванае абсталяванне.
Аб’ект прададзены інвестару на асаблівых умовах, якія прадугледжваюць кантроль з боку дзяржавы за яго выкарыстаннем. Так, пакупнік абавязаны ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць на працягу 10 гадоў і прыступіць да эксплуатацыі не пазней як праз 2 гады пасля продажу лота. Уладальніку забаронена таксама зносіць, канфіскоўваць маёмасць і змяняць яе прызначэнне без узгаднення з абласным і раённым выканкамамі. Такія строгія патрабаванні прад’яўляюцца ў сувязі з тым, што ўчастак размяшчаецца ў прыродаахоўнай зоне ракі Мухавец.

Падарунак ласунам…

…зрабіла Брэсцкая міжраённая гандлёвая база. Яна адчыніла ў былым магазіне “Галантарэя”, што ля гандлёвых павільёнаў у райцэнтры, магазін з саладосцямі “Салодкі свет”. Тут можна набыць карамелькі, шакаладныя цукеркі і пліткі, вафлі, пячэнне на любы густ і з улікам напоўненасці кашалька. Выбраць ёсць з чаго: адных толькі цукерак звыш сотні найменняў! Запрашаюцца ласуны па свежыя салодкія пакупкі!

Каб папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі

На тэрыторыі раёна праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Канікулы без дыму і агню”. У рамках яе ладзяцца мерапрыемствы ў школьных летніках, ва ўстановах дашкольнай адукацыі, а таксама ў раённым аддзеле надзвычайных сітуацый. Так, днямі ў пажарную аварыйна-выратавальную часць №1 Жабінкаўскага РАНС прыйшлі наведвальнікі аздараўленчага лагера раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якіх сустрэла спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю аддзела Таццяна Мартынава. Яна паказала юным гасцям пазнаваўчыя мультфільмы “Спасайка” і “Смешарики”, затым правяла гутарку і віктарыны па правілах пажарнай бяспекі. Паводле іх вынікаў самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі часопісы, памяткі і буклеты. Завяршылася сустрэча экскурсіяй, пад час якой хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі пажарную тэхніку, абсталяванне і баявое адзенне выратавальнікаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro