В продолжение темы

В продолжение темы

СВЯЦІЎСЯ ДАБРЫНЁЙ І ХАРАСТВОМ
(Пiсьмо Ірыне Самасюк)
Шаноўная Iрьша!
Ваш допiс «I радасць, i… жаль», надрукаваны ў «Сельскай праўдзе» №86 за гэты год, мяне сапраўды ўсхваляваў. Я зноў пераканаўся: жывое роднае слова i любоў да прыроды акрыляюць душу, дапамагаюць ёй знайсцi сябе на дарозе жыцця. А найлепшым сведчаннем таму — чытачы Сцяпанкаўскай бiблiятэкi. Я з цiкавасцю даведаўся, дзе яны вучацца i працуюць. Перадайце прывiтанне ўciм, асаблiва Надзеi Абашкiнай i Вользе Самасюк, якiя звязалi свой лёс з экалогiяй i лясной гаспадаркай.
Часопiс “Лесавiк” выходзiў з 1995 года. Яго чыталi ў многiх раёнах Беларусi, на яго старонках друкавалiся і дзецi, i дарослыя. Мы iмкнулiся, каб кожны нумар свяцiўся хараством i дабрынёй. Вядома, не ўсё атрымлiвалася так, як хацелася, асаблiва напачатку. Бракавала вопыту,не хапала змястоўных матэрыялаў, арыгiнальных фотаздымкаў. І ўсё-такi выданне знайшло сваё непаўторнае аблiчча. Нашым шчырым дарадчыкам быў народны пiсьменнiк Беларусi Янка Брыль. У яго кнiзе «3 людзьмi i сам-насам» (2003) ёсць paдкi: «Нумар “Лесавiка”… Сёння зранку, знаёмячыся з iм, быў хораша блiзкi да адчування роднай, назаўсёды таямнiчай велiчы свету прыроды, што чаравала з самага маленства, а цяпер шчымлiва перагукваецца з тою зачараванасцю…» Для мяне гэтая жменька слоў — найвялiкшая ўзнагарода за пятнаццаць гадоў творчай працы…
Сёлета «Лесавiк» перастаў выходзiць. Згодна з пастановай урада, недзяржаўныя перыядычныя выданнi былi вымушаны перарэгiстравацца ў прыватныя ўнiтарныя прадпрыемствы. Taкiм чынам, дзiцячыя газеты i часопiсы прыраўнялi да прамысловых i гандлёвых карпарацый. Акрамя таго, у апошнi час мы перасталi адчуваць падтрымку Мiнiстэрства прыродпых рэсурсаў i аховы навакольпага асяроддзя. Чыноўнікам цяпер больш даспадобы грандыёзныя форумы, калi з феерверкамi вылятаюць у паветра мiльёны рублёў.
І апошняе… Напэўна, «Лесавiк» прытамiўся выжываць у сённяшнiх варунках. Яму захацелася вярнуцца з гарадскiх нетраў у дзiвосную зялёную кpaiну. Аднак ён па-ранейшаму шмат падарожнiчае i аднойчы завiтае ў Сцяпанкi, каб сардэчна абняць cвaix даўнiх сяброў. Да хуткай сустрэчы, Iрына!
Уладзiмiр Ягоўдзiк.
ТРЫ СНЕЖАНЬСКIЯ ЭЦЮДЫ
1.
Другi тыдзень снежня. Стаю пад кашлатай ялiнаЙ. Лес у тумановай дымцы. На апалае ўчарнелае лiсце цepyciць дождж. Сям-там асуджана шарэюць апошнiя лапiкі першага снегу. На дробным кустоўi — пупышкi i завушнiцы, а ўзбоч дарогi выпстрыкнула трава. I — глухая цiшыня навокал, нават вароны падавiлicя. На душы пуста, як у пакiнутым гняздзе.
2.
Увесь доўгi i нудны вечар iшоў дождж. А ўночы неба падвышала, цiскануў марозiк. Да ранiцы ён пабялiў чупрыны вольхаў i бярозаў, што растуць на беразе Свiслачы. Аднекуль, як з ланцуга, сарваўся пранiзлiвы сцюдзёпы вецер. На чорную знямелую ваду нiбыта сыплецца шкляны звон. Возьмеш у далонь зледзянелую галiнку — апячэшся. І надоуга застынеш на месцы.
3.
Найлепшы ў свеце буквар — зiмовая лясная сцежка. Пiшу на снезе кiйком слова «сцежка». І чую, як галаском шасцiгадовай дачкi, якая вучыцца чытаць, апалае лiсце з радасным шэптам (лiтарка — да лiтаркi, гук — да гука!) вяртаецца ў неба:
— Сцежка…
Не трэба гартаць гэты буквар — усе яго cтapoнкі навідавоку. І кожная літара прамаўляе сама за сябе. Нашымi вачыма i галасамi.

Уладзiмiр Ягоўдзiк.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top