У яе творах і жабінкаўскія, і пецярбургскія матывы

У яе творах і жабінкаўскія, і пецярбургскія матывы

У адзін з вечароў у раённай бібліятэцы сабраліся аматары паэзіі на сустрэчу з паэткай-зямлячкай, сябрам Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэатам Царскасельскай прэміі Аленай Жабінкаўскай.

IMG_0549З васямнаццаці гадоў Алена Міхайлаўна (у дзявоцтве – Кавальчук, у замужжы – Ахматава) жыве ў паўночнай расійскай сталіцы – з таго самага часу, як стала студэнткай факультэта журналістыкі Ленінградскага дзя-ржаўнага ўніверсітэта. Адну з вытворчых практык праходзіла ў рэдакцыі раённай газеты “Сельская праўда”, ужо тады калектыў выдання даведаўся, што Алена Міхайлаўна піша вершы і нават друкуецца.
Сёння наша зямлячка займаецца літаратурным рэдагаваннем тэкстаў для пецярбургскіх выдавецтваў, мастацкім афармленнем кніг – як вершаў, так і прозы для дарослых і дзяцей, робіць малюнкі і да сваіх зборнікаў.
Пад час сустрэчы прысутныя змаглі пачуць шмат вершаў – і добра вядомых, і новых, якія чытала сама аўтарка. Алена Міхайлаўна адказала і на шматлікія пытанні землякоў: як нараджаюцца вершы, творчасць якіх паэтаў ёй найбольш блізкая, ці былі складанасці з уступленнем у Саюз пісьменнікаў Расіі і многія іншыя. У размове высветлілася, што адзін з вершаў нашай зямлячкі пакладзены на музыку, цяпер гэта раманс “Жыццё – гульня незразумелая”, які выконвае аўтарка музыкі Людміла Гарні.
Жабінкаўскі пісьменнік Расціслаў Бензярук расказаў, як вядомы беларускі літаратуразнаўца і крытык Адам Мальдзіс адкрыў для сябе Алену Жабінкаўскую. Цяпер Адам Іосіфавіч рыхтуе кнігу пра таленавітых творчых людзей, куды будзе ўключана і імя нашай зямлячкі. Расціслаў Мацвеевіч пацікавіўся ў госці, ці ёсць пераклады яе твораў на беларускую мову. Пачуўшы адмоўны адказ, прачытаў уласны пераклад яе верша “Калі муж і жонка паэты”.
Сябры клуба “Су-размоўнік” Раіса Ма-ргевіч і Любоў Капчук успомнілі маму паэткі – Ніну Іванаўну, якую добра ведалі, разам працавалі, тым самым расчулілі госцю. Паводле іх меркавання паэтычны талент, мастацкія здольнасці, разуменне прыгожага ў Алены Міхайлаўны ад матулі: яна выдатна валодала словам, прыгожа малявала і вышывала.
На пытанне, якое прозвішча ёй самае блізкае, госця адказала: “У паэзіі – Жабінкаўская, у міру – Ахматава”.
У канцы кожнай сустрэчы з землякамі Алена Міхайлаўна дорыць свае кнігі. У той раз я атрымала зборнік “Свет мой, люстэрка”, аб якім даўно марыла, з асабістым подпісам аўтара і цёплымі словамі-пажаданнямі.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: паэтка Алена Жабінкаўская.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top