Не сцерці гэтага з памяці людской

Не сцерці гэтага з памяці людской

Вёскі Заходы, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, на карце сучаснай Беларусі не знойдзеш. Яна падзяліла лёс такіх жа гаротных, бязлітасна спаленых акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Аднак Заходы назаўсёды застануцца ў сэрцах брата і сястры Зоі Саакавай і Аляксандра Шкуратоўскага. Памяць дзяцей захавала пакуты і слёзы, якія прынеслі на нашу зямлю фашысты.

Сааковы

Вёска Заходы

Пульхны фотаальбом вяртае маіх пасівелых суразмоўцаў і мяне ў часы даўно мінулых падзей. З крыху парыжэлых фотаздымкаў задуменна і сур’ёзна глядзяць на нас людзі, якія выжывалі ў гады ваеннага ліхалецця і спадзяваліся, што гэты гаротны час скончыцца… Шматлікая радня, знаёмыя і суседзі так і засталіся маладымі і прыгожымі на гэтых фотаздымках, зробленых у 40-ых. Яны маўчаць. Аднак гаворыць памяць. Памяць нашчадкаў. Пра тое забыць нельга і немагчыма…
– У нас была дружная, вялікая сям’я, – расказвае Аляксандр Паўлавіч. – Старэйшая з нас была Соф’я. Затым нарадзіўся Мікалай, у 1930-ым – я і праз 8 год – Зоя. Бацькі трымалі гаспадарку – мелі каня, карову, птушку. Вёска Заходы была зусім маленькая, “схаваная” з трох бакоў лесам. Дзве дарогі з яе вялі ў Буду і Буйнавічы. Дарэчы, у апошняй размяшчалася царква і школа.
Пра тое, што пачалася вайна, мы ведалі, аднак у нашай вёсцы пакуль было ціха. Суседзі трывожна дзяліліся чуткамі пра зверствы фашыстаў над мірнымі жыхарамі. Давялося нарэшце і нам з імі сустрэцца… Аляксандр Паўлавіч расказвае, і падзеі таго часу паўстаюць перад вачамі, нібы кадры з мастацкага фільма.
…У той дзень Коля і Саша, якому ішоў 13-ы год, дапамагалі маці і сястры палоць бульбяное поле. Раптам праз плот убачылі, што па дарозе, якая вяла ў Буйнавічы, ідуць 8 немцаў з аўтаматамі ў руках. Яны спынілі вяскоўца, ператрэслі яго воз, нават у хамут зазірнулі – мо, шукалі лістоўкі ці яшчэ што? Адпусцілі пераляканага гаспадара і накіраваліся далей. У Буйнавічах, як потым высветлілася, ужо было некалькі дзясяткаў немцаў. У іх жа вёсцы па-ранейшаму было ціха. Чулі толькі, як недзе там, за лесам, ірваліся снарады і неба станавілася барвовым. Па чутках, у лясах збіраліся партызаны, змагаліся з фашыстамі атрады Мельнікава, Сабурава, Кузняцова. Сусед Шкуратоўскіх таксама падаўся ў партызаны… Жыць было страшна…
– Аднойчы раніцай мы прачнуліся ад конскага тупату і нейкага шуму, – працягвае Аляксандр Паўлавіч. – Бачым, па дарозе ідзе калона партызан, цягнуць пушкі з сабою. Гэта – рухаліся мсціўцы з атрада Каўпака. Некаторыя з іх зайшлі ў нашу хату. Маці хуценька сабрала на стол, пачаставала, а я іграў ім на гармоніку. Партызаны смяяліся, жартавалі, што забяруць мяне з сабою, каб перад атакай “паднімаў баявы дух”… Вечарам каўпакаўцы рушылі на Буйнавічы.
На наступны дзень вяскоўцы пачулі – партызаны раптоўна напалі на немцаў у Лельчыцах, і разбілі іх.
У вёску ўсё часцей сталі заходзіць партызаны, местачкоўцы шкадавалі іх, дзяліліся прадуктамі, вопраткай, давалі адпачынак. А немцы пачалі лютаваць. У Богам забытай вёсачцы яны з’явіліся аднойчы раніцай, каб пакараць усіх, хто дапамагае партызанам.
– Мама з сястрой Соф’яй змайстравалі шалаш у лесе, – узгадвае падзеі таго дня Зоя, якой тады ішоў шосты год. – Пры кожнай небяспецы мы хаваліся там, балазе, вёска на ўзлессі стаяла. У шалашы паслалі коўдры, падушкі, схавалі сёе-тое з посуду. Разам з намі былі конь, карова. Маці штодня цішком вярталася ў хату, каб узяць прадукты. Я, дурніца, радавалася, гуляла з братамі ў партызанаў: яны “стралялі” з рагацін, а я, нібыта параненая, падала на зямлю. Мама сварылася на нас. А ў тую раніцу ўсё раптоўна стала па-сапраўднаму: фашысты ланцугом, адзін ля аднаго, акружылі небарак і стралялі ва ўпор.
Кулямётная чарга, здавалася, ніколі не скончыцца. Кулі ціўкалі між дрэў, збівалі зялёныя жалуды, лісце, кару са ствалоў. Усе разбегліся па лесе і хаваліся, хто куды. Маці ўпала ў ямку за пнём, прыціснула да сябе пераляканую Зою, шапнула ёй: “Толькі не крычы”. Сашка і Коля адбеглі далей, амаль да балота. Затаіліся між купінамі. Ісці ўглыб было небяспечна – багна магла ўцягнуць. Сэрца Міколкі шалёна калацілася – чарнявы і курчавы хлопчык быў падобны на яўрэйчыка. Суседзі сказалі, што немцы забіваюць у першую чаргу яўрэяў. Хлопцы баяліся пакідаць сваю схованку да самага вечара, нават калі ў лесе ўсё сціхла: немцы ісці да балота не рызыкнулі…
Пакрысе сталі збірацца. Для многіх гэта быў апошні ў жыцці дзень. У шалашах знаходзілі забітых суседзяў і сваякоў, якія не паспелі ўцячы. Хавалі іх тут жа. У вёску хадзіць не рызыкавалі – жылі у лесе.
Калі есці ўжо не было чаго, вырашылі вяртацца ў хаты, дзе гаспадарылі немцы. Яны расхаджвалі па дварах і нешта “геркаталі”. Сашка зразумеў – фашысты забіраюць кароў, ловяць гусей, весяляцца.
На наступны дзень вёску абляцела вестка: немцы зганяюць кароў і людзей у прышкольны двор.
Тут вяскоўцаў сталі дзяліць на групы: “Матка! Кіндэр!” і пагналі на Петрыкаў. Тыя, хто азіраўся на родную вёску, бачылі – яна ўся ў агні. Калону палонных узначальваў немец на матацыкле. Наперадзе гналі кароў. Немцы баяліся, што дарога будзе замініравана. Яно так і аказалася: некалькі жывёл і людзі падарваліся на мінах. Дабраліся да чыгуначнай станцыі Муляраўка. Тут нас усіх загрузілі ў таварняк і адправілі ў Беласток, у лагер. У ім мы прабылі тры месяцы. У лагеры Соня захварэла на тыф. Дзяўчынку нават вывезлі ў трупарню, каб не заразіла астатніх. Ды наканавана было ёй яшчэ пажыць – старэнькі немец пашкадаваў, узяўся лячыць дзяўчо. Малая ачуняла. Сям’ю з іншымі зняволенымі пагрузілі ў эшалон і адправілі ў наступны лагер – Пабяніца, што на мяжы з Германіяй. Адтуль эшалон быў накіраваны ў Беларусь. Так мы аказаліся ў Мінску.
У пошуках лепшай долі маці з дзецьмі абрала шлях на Слуцк. Горад сустрэў іх трыма вісельнікамі, разрухай і голадам.
Рушылі на Старобін. Людзі падказалі, што можна пасяліцца ў школе ў в. Лістападавічы. Будынак, праўда, быў з аднаго боку пашкоджаны выбухам ад снараду, аднак усё ж лепей, чым у шалашы. Дах над галавой знайшлі тут яшчэ тры сям’і-перасяленкі.
Школа стала домам для небарак. Дзеці хадзілі па вёсцы, пабіраліся. Свет не без добрых людзей – той бульбіну дасць, той – кубак малака, а то і хлеба лусту. Маці дапамагала суседзям, бралася за любую працу і радавалася, калі давалі што з прадуктаў.
Глядзела на дзяцей і плакала: “Нічога, дзеткі, хутка ўсё скон-чыцца. І мы добра зажывём”.
– Гэта было ў ліпені 1944 года, – узгадвае Аляксандр. – У Лістападаўку прыехалі партызаны. Мама, як і звычайна, перадала ім газеты і махорку. А яны падзяліліся навіной – Мінск вызвалены! Мама ад радасці пусцілася ў пляс, спявала, плакала і смяялася. Мы даўно-даўно не бачылі шчасця на яе засмучаным твары. “Дзетачкі, мілыя, мо, наш татка вярнуўся? Мо, чакае нас дома? Паедзем дадому, у родныя мясціны”. Аднак, у спаленай немцамі вёсцы нас ніхто не чакаў… Затое маці атрымала паведамленне аб тым, што яе муж Павел Фёдаравіч Шкуратоўскі у час правядзення чарговай аперацыі падарваўся на міне… Ён помсціў ворагам у атрадзе Мельнікава, і злажыў галаву недзе ў Ровенскай вобласці…
Усё. На руках – чацвёра дзяцей, адна, без мужчынскага надзейнага пляча, без жытла, без ежы, наўкола – разруха і голад, недзе там яшчэ рвуцца снарады. А жыць неяк трэба. Удава прымае рашэнне рушыць на Захад. Разам са стрыечнымі братамі Агеевымі дабіраюцца ў Жабінку.

Жыццё ў Жабінцы

Сааковы2Як выветлілася, у Новых Дворах было шмат апусцелых дамоў. У адным з іх і пасяліліся. Сашка наняўся пасвіць кароў у Агародніках, атрымаў за работу ажно 6 цэнтнераў збожжа – цэлае багацце! Брат уладкаваўся пісарам, сястра Соня – у нарыхтоўчую кантору. Маці хадзіла па дварах, за кавалак сала, кошык бульбы дапамагала рабіць усё, што прасілі. Тут, на Жабінкаўшчыне, пачулі аб капітуляцыі Германіі. Пакрысе жыццё стала наладжвацца.
– Нарэшце мая мара здзейснілася – я вучыцца пайшла, – дзеліцца ўспамінамі малодшая з дзяцей Зоя. – Школа была ў Здзітаве. Потым працягвала вучобу ў Мышчыцкай сямігодцы, а затым – у вячэрняй школе.
Зоя Паўлаўна з задавальненнем расказвае аб сваіх юнацкіх гадах:
– Добра памятаю, якім быў пасёлак цукровага завода. Гэта цяпер тут шматпавярхоўкі і прыгажуны-катэджы, магазіны, стадыён і дзіцячыя сады. А тады была вялікая пустка, па якой вецер ганяў пыл і лісце. Мне выпала працаваць з інжынерам з Масквы Маеўскім – вымяралі ад чыгункі пляцоўкі і ўбівалі ў зямлю калкі, каб тут будаўнікі цаглінка за цаглінкай узвялі цукровы завод.
Пэўна, упісала б я сваё імя ў гісторыю стварэння “салодкага” магната, але сяброўка Каця Перагуд паклікала ў Азербайджан працаваць на хімічным заводзе. Эх, маладосць, летуценні… Паехала ў Сумаіт. Думала, зарабіць грошай, дапамагчы маці. Аказалася – сустрэла на чужбіне сваю другую “палавінку”, там вяселле згулялі, дачка нарадзілася. Ды шчыміла сэрца па Беларусі, маці. Пяць гадоў ляцелі ў Жабінку лісты-навіны. А потым маладая сям’я сюды пераехала. На цукровым заводзе я ўладкавалася зашывальшчыцай мяхоў, а муж – слесарам.
З гэтым заводам цесна сплёўся і лёс Аляксандра. З дзяцінства яго вабіла музыка – віртуозна вывучыўся граць на баяне і кантрабасе. Спраўнага выпускніка Брэ-сцкага музычнага вучылішча заўважылі і прапанавалі пасаду дырэктара Пятровіцкага клуба, потым у 1963-ім – Дома культуры цукровага завода.
– Пад клуб перайначылі арматурны цэх, – узгадвае Аляксандр Шкуратоўскі. – Пазней пабудавалі клуб-прыгажун Мы перанеслі голад, разбурэнні, пакуты, якія прынесла вайна. Маладыя былі, верылі ў светлае будучае, жылі надзеяй. Бачылі перамены, душа спявала і ногі самі ў скокі шлі… У нашым клубе 150 чалавек з задавальненнем займаліся ў вакальнай, эстраднай, танцавальнай групах. Заводская самадзейнасць на працягу дзесяцігоддзя трымала “пальму першынства” сярод харчавікоў рэспублікі. Эх, э-э-х, які гэта быў цудоўны час…
У 1978 годзе Аляксандр Паўлавіч перайшоў у цэх КВПіА, дзе займаўся наладкай лініі цукрыстасці аж да выхаду на заслужаны адпачынак.
…Час бяжыць няўмольна. Адправіліся ў іншы свет, у якім няма болю пакут і слёз, мама, старэйшая сястра Софья, брат Мікалай. Яны засталіся на сямейных фотаздымках, і ў сэрцах родных і блізкіх.
Пасляваенная Жабінка прытуліла і абагрэла сям’ю Шкуратоўскіх, дала магчымасць пакінуць след на гэтай зямлі.
Успаміны запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымку: брат і сястра, Аляксандр і Зоя Шкуратоўскія, пасляваенныя гады.
Фота з архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro