Дэнамінацыя на пакупную здольнасць рубля не паўплывае

Дэнамінацыя на пакупную здольнасць рубля не паўплывае

З 1 ліпеня ў Рэспубліцы Беларусь будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля шляхам замены банкнотаў узору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года і 1 беларускі рубель у грашовых знаках узору 2009 года.Безымянный

Гэта значыць, самы нізкі намінал банкноты, які дзейнічае цяпер – 100 рублёў – будзе заменены на самы нізкі намінал новага грашовага рада – 1 капейку.
Па прынцыпе 1:10 000 пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшта грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў.
Працэс дэнамінацыі не паўплывае на пакупную здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных валют, фактычны ўзровень інфляцыі.
Банкноты
Усяго з 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнотаў – 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў.
Канцэпцыя дызайну новых банкнотаў адпавядае дэвізу «Мая краіна – Беларусь» з выявай помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва на правых баках банкнотаў. Адным з самым прыкметных адрозненняў новых банкнотаў ад старых з’яўляецца тое, што яны адрозніваюцца па памеры. Так, усе наміналы банкнотаў маюць аднолькавую вышыню – 72 мм. Па даўжыні наміналы банкнотаў павялічваюцца на 4 мм: ад 135 мм – у банкнота наміналам 5 рублёў, да 159 мм – 500-рублёвага банкнота.
Манеты
З 1 ліпеня 2016 года ўпершыню ў навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь у наяўным грашовым абарачэнні з’явяцца металічныя манеты. Усяго восем наміналаў манет – 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.
Рашэнне аб выкарыстанні ў абарачэнні (цыркуляцыйных) манет з’яўляецца важным. Цяпер банкноты нізкіх наміналаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні, выконваюць ролю цыркуляцыйных манет, і як вынік, хутка зношваюцца, у сувязі з чым Нацыянальны банк траціць немалыя сродкі на выраб гэтых банкнотаў. Увядзенне манет у абарачэнне абумоўлена больш працяглым іх тэрмінам службы ў параўнанні з папяровымі банкнотамі, што дасць магчымасць сэканоміць дзяржаўныя грашовыя сродкі, паколькі «жыццё» манет шматразова перавышае тэрміны фізічнага зносу банкнотаў.
На аверсе беларускіх манет размешчаны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь – аднаго з сімвалаў нашай дзяржавы.
На рэверсе беларускіх манет раскрываецца тэма аднаго з самых папулярных напрамкаў народнай творчасці – ткацтва.
Пры вызначэнні сапраўднасці банкнотаў на прасвет, трэба звярнуць увагу на:
1. Вадзяны знак. На правым баку банкнотаў злева ад асноўнай выявы на незадрукаваным полі размешчаны лакальны паўтонавы вадзяны знак, які паўтарае фрагмент асноўнай выявы правага боку банкнота.
2. Ахоўную нітку. Металізаваная аконнага (ныраючага) тыпу, якая выходзіць на паверхню правага боку банкнота ў выглядзе прамавугольнікаў, што ўтвараюць пункцірную лінію. Пры разгля-дзе банкнота на прасвет ахоўная нітка выглядае суцэльнай цёмнай паласой з негатыўным (светлым) тэкстам у прамой і перавернутай выяве.
3. Сумяшчальная выява. Фрагмент наміналу на правым баку банкнота сумяшчаецца на прасвет з фрагментам наміналу на адваротным баку банкнота, утвараючы суцэльную выяву наміналу банкнота.
4. Cornerstone® – спецыяльны метад умацавання вуглоў банкнота. Вуглы банкнота ўмацаваны шляхам дабаўлення звышшчыльных «палосак» метадам вадзянога знака, якія надаюць структурную калянасць паперы. На прасвет відаць чаргаванне цёмных і светлых палос.
5. MASK™ – комплексны элемент аховы, які складаецца з дзвюх выяў, выкананых па спецыяльнай тэхналогіі. Верхняя выява (геаметрычны ўзор) назіраецца ў адлюстраваным звычайным святле, ніжняя (намінал банкнота, які складаецца з кропак) – на прасвет.
Аб пераліку цэн, актываў, балансаў
Цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня будуць пералічаны ў адпаведнасці з выбраным маштабам дэнамінацыі – 10 000:1. Іншымі словамі, калі да дэнамінацыі які-небудзь тавар каштаваў, напрыклад, 100 000 рублёў, то пасля дэнамінацыі яго цана скла-дзе 10 рублёў. Такім чынам, правя-дзенне дэнамінацыі не акажа ўплыву на пакупную здольнасць беларускага рубля, паколькі суадносіны грашовай масы ў абарачэнні і цэн на тавары і паслугі застаюцца нязменнымі.
З 1 ліпеня па 31 снежня вытворцы, прадаўцы, пастаўшчыкі пры прадастаўленні спажыўцам інфармацыі аб прапануемых таварах (работах, паслугах) абавязаны пазначаць цэны (тарыфы) у грашовых знаках узору 2000 года і грашовых знаках узору 2009 года.
Пачынаючы з 1 ліпеня 2016 года налічэнне заработнай платы, пенсій, дапамог і іншых відаў выплат будзе праводзіцца ў дэнамінаваных грашовых адзінках.
У сувязі з дэнамінацыяй у канцы дня 30 чэрвеня 2016 года банкі зробяць пералік рэшты, у тым ліку па рахунках кліентаў, да якіх выда-дзены банкаўскія плацежныя карткі, у суадносінах 10 000:1. Адпаведна, калі 30 чэрвеня рэшта па рахунку, адкрытым у банку, складала 1 000 000 беларускіх рублёў, то пасля пераліку 1 ліпеня рэшта складзе 100 беларускіх рублёў.
Запазычанасць па крэдыце і працэнтах за карыстанне ім, памер штомесячных плацяжоў з 1 ліпеня 2016 года будуць пералічаны ў адпаведнасці з выбраным маштабам дэнамінацыі. Заключэння дадатковых пагадненняў да крэдытных дагавораў не спатрэбіцца.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro