Каб сяброўства перарасло ў партнёрства

Каб сяброўства перарасло ў партнёрства

Апошнім часам цікавасць да Беларусі, яе сацыяльна-культурнай сферы, набыткаў у прамысловай і іншых галінах узрастае. Захапляюцца госці з замежных краін таксама станам і захаваннем у краіне спадчыны продкаў. Цікавяцца яны і Жабінкаўшчынай. Сёлета тут пабывалі прадстаўнічыя дэлегацыі з Польшчы, а 31 мая з Венгрыі з горада Ньірбатар. У апошнюю ўваходзілі мэр горада Анталь Матэ, натарыус Ніка Папне Фюлёр, кіраўнік гаспадарчага і сацыяльна-бытавога прадпрыемства Феранс Шум і перакладчык, у нядаўнім мінулым педагог і спартсмен, Ёзаф Паповіч.
IMG_2104Першы прыпынак на жабінкаўскай зямлі венгерская дэлегацыя зрабіла ў райвыканкаме, дзе яе гасцінна сустракалі намеснікі старшыні райвыканкама Анатоль Шалтанюк, Ала Ануфрыюк і Аляксандр Грыгарчук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Пазней да гутаркі далучыўся і старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Па рэакцыі адчувалася, што гасцям цікава даведацца, чым жыве куточак беларускай зямлі, куды яны завіталі, тым болей што гарады па колькасці насельніцтва амаль аднолькавыя. Анатоль Вітальевіч Шалтанюк зрабіў моўную экскурсію па горадзе і раёне: узгадаў, што на Жабінкаўшчыне пражывае 24,5 тысячы чалавек, 86,5 працэнта складаюць беларусы, ёсць украінцы, рускія, палякі, іншыя нацыянальнасці; як развіваецца сельская гаспадарка, прамысловасць, будаўнічая галіна; у якіх умовах навучаюцца і выхоўваюцца дзеці; якімі льготамі надзяляюцца інвестары, калі прыйдуць на жабінкаўскую зямлю са сваімі праектамі.
Пачынаючы знаёмства са сваім горадам, Анталь Матэ засяродзіў увагу на тым, што яго дзейнасць, як мэра Ньірбатара, накіравана на развіццё інфраструктуры ў ім, турызму. Пасля ўступлення ў 2004 годзе Венгрыі ў Еўрасаюз на яе землі прыйшлі інвестары з Даніі, Італіі, Швейцарыі, іншых краін, словам, 80 працэнтаў прадпры-емстваў тут замежныя.IMG_2121
За мінулы год і сёлета дзякуючы інвестарам было створана каля 2000 рабочых месцаў, не хапае працаўнікоў, іх даюць гораду 64 вёскі, назіраецца зніжэнне гараджан праз іх выезды за мяжу. У Ньірбатары будуць рабіць усё для таго, каб затрымаць моладзь на Радзіме. Госць расказаў як арганізавана ў іх навучанне і выхаванне дзяцей дашкольнага і школьнага узросту (ёсць тут акрамя дзяржаўных школ і рэлігійныя).IMG_2215
Былі да гасцей пытанні, у прыватнасці, якія работы прапануюць інвестары венграм, якія яны маюць там заробкі, ці развіваецца ў горадзе турызм, іншыя.
Дык вось, на замежных прадпрыемствах у іх вырабляюцца медыцынскія дапаможныя сродкі, запчасткі да самалётаў, пральныя парашкі і сродкі для чысткі посуду і сантэхнікі, а заробак тут для работніка без спецыяльнасці каля 400 еўра пры васьмігадзінным працоўным дні. Воды, якімі багаты нетры зямлі, маюць лекавыя ўласцівасці, у прыватнасці, насычаны ёдам і бромам для хворых з паражэннем апорна-рухальнага апарата. Таму турыстаў многа.
Пасля знаёмства (дарэчы, з 2006 года пачаліся такія паездкі венграў на Брэстчыну) і атрымання інфармацыі пра рэгіёны гаспадары і госці абмяняліся падарункамі. Потым накіраваліся ў ПМК-19, дзе для іх экскурсію па гісторыка-экспазіцыйным комплексе развіцця меліярацыйных земляў Брэстчыны правёў начальнік Пётр Вайноўскі. Госці былі здзіўлены захаванасцю такой вялікай колькасці тэхнікі, у тым ліку і рарытэтнай, а не адпраўленай на металалом. Мэра Анталя Матэ зацікавіла помпавая станцыя, яшчэ заўважыў, што ў гаспадарцы яго бацькі ёсць беларускі трактар, які захоўваецца ў “музеі пад адкрытым небам”.
IMG_2183Наступны прыпынак гасцей і прадстаўнікоў ад улады быў у ДУА “Яслі-сад №1 г. Жабінка”. Тут яны наведалі ясельную і другую малодшую групы, дзе адчулі таксама шчыры прыём не толькі кіраўнікоў і выхавальнікаў, але й дзетак, якія не спалохаліся гасцей, а маленькая Саша нават расказала, чым займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ў садзіку, пра сваіх сяброў.
Экскурсію па ўстанове правялі загадчыца ясляў-сада Ірына Кунц і яе намеснік Вольга Быкава. Здзівіліся венгры, што ў нас дзяцей навучаюць плаванню з садавага ўзросту, падвозяць і адвозяць вясковую малышню на аўтобусе ў суправаджэнні выхавальніцы. Цікавы і такі факт: дашкольным выхаваннем ахоплена ў нас 1084 дзіцяці, а ў Ньірбатары – 500. Але ў Венгрыі, як і ў нас, бацькі ў дашкольных установах аплачваюць толькі харчаванне.
На памяць аб сустрэчы госці атрымалі сувеніры і буклецікі пра садзік на рускай і венгерскай мовах. Гэта быў сюрпрыз!
Апошні прыпынак дэлегацыя зрабіла на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дзе намеснік генеральнага дырэктара Ігар Балтрамяюк і начальнік участка гатовай прадукцыі Віталь Каракозаў паказалі гасцям, як упакоўваецца цукар у пяцідзесяцікілаграмовыя мяхі, на паддоны і ў вагоны, фасуецца ў пакеты па адным кілаграме і 900 грамаў. Даведаліся госці і пра сучасныя тэхналагічныя магутнасці завода. Ізноў на памяць аб сустрэчы падарунак.
Пацікавіліся ў гасцей думкамі аб прыёме на жабінкаўскай зямлі. Таццяна Жук, дырэктар АЦКРНіР, якая суправаджала іх, паведаміла, што знаёмства з Берасцейшчынай пачалося яшчэ 28 мая. Госці пабывалі ў Белавежскай пушчы, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Брэста, у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, на Маларытчыне, але такога шчырага, гасціннага прыёму і на такім высокім узроўні, як у Жабінцы, нідзе не было. Многа цікавага і карыснага для сябе ўбачылі тут госці-венгры.
Людміла КОСЦІНА.
На здымках: пад час знаёмства гасцей з ПМК-19, цукровым заводам і яслямі-садам.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro