Untitled-13

Ахова працы лепшая – у Жабінцы!

Мінсельгасхарч падвёў вынікі рэспубліканскага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ў ахове працы ў мінулым годзе.
Сярод раёнаў-пераможцаў названы Жабінкаўскі і Воранаўскі, якія падзялілі другое і трэцяе месцы (першае было вырашана не прысуджаць).
Узнагароджаны ганаровымі граматамі Мінсельгасхарчу і грашовымі прэміямі таксама сельгасарганізацыі. Сярод пераможцаў – ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” (трэцяе месца). Як паведаміў вядучы інжынер па ахове працы Анатоль Мікалаевіч Іванюк (ён, дарэчы, прысвяціў гэтай справе чвэрць стагоддзя), на таварыстве ўкаранілі сістэму кіравання аховай працы згодна СТБ 18001-2009 і атрымалі сертыфікат адпаведнасці. За мінулы год зрасходавалі 1 мільярд 379 мільёнаў 900 тысяч рублёў на мерапрыемствы па ахове працы.

Усміхніся дзіцяці

Дзень абароны дзяцей – гэта светлае, сонечнае свята не толькі для дзетвары, але і для дарослых. Кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы патрэбныя клопат і абарона бацькоў, якія нясуць за яго адказнасць. Дзіцячае шчасце паўнавартаснае тады, калі малое сагрэта любоўю мамаў і татаў.
Нездарма свята дзяцінства адзначаецца ў самы першы дзень лета і школьных канікул. “1 чэрвеня спецыялісты ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ў рамках акцыі “Усміхніся дзіцяці” павіншавалі 16 хлопчыкаў і дзяўчынак з малазабяспечаных сем’яў, – сказала псіхолаг гэтай установы Вольга Каско. – Кожнаму з іх былі ўручаны мяккія цацкі і фламастары для малявання, а самым маленькім падарылі боцікі, каб “не мерзлі ножкі”.
Усім дзеткам і іх бацькам, добрага адпачынку, цікавых сустрэч і ажыццяўлення мар і жаданняў.

Не засталіся ў баку ад свята

1 чэрвеня супрацоўнікі РАНС правялі ў гарадскім парку масавае мерапрыемства, у якім змаглі паўдзельнічаць усе жадаючыя малыя, што прысутнічалі на свяце дзяцінства. Яно ладзілася ў рамках трэцяга этапа прафілактычнай рэспубліканскай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!” Спачатку спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС Таццяна Мартынава расказала пра прафесію пажарнага-выратавальніка, прадэманстравала баявое адзенне і пажарнае аварыйна-выратавальнае абсталяванне. Потым правяла з дзецьмі прафілактычную віктарыну па асновах бяспекі жыццядзейнасці, а таксама гульні “Матальшчыкі” і “Выклікай выратавальнікаў”, за ўдзел у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі прызы і падарункі.

На дарогах гінуць і…

За пяць месяцаў бягучага года на тэрыторыі вобласці адбыліся 143 дарожна-транспартныя здарэнні, 18 з якіх па віне п’яных вадзіцеляў, 17 чалавек загінулі, 153 атрымалі раненні. Усяго з пачатку года на Берасцейшчыне затрымана 1186 кіроўцаў, якія былі за рулём нападпітку.
На Жабінкаўшчыне за гэты перыяд здзейснена два ДТЗ, у якіх адзін чалавек загінуў і два атрымалі раненні. Супрацоўнікі РАУС выявілі 3286 парушэнняў Правілаў дарожнага руху, 983 – хуткасных рэжымаў кіроўцамі, 170 выпадкаў, калі правілы ігнаравалі пешаходы і веласіпедысты. Затрымалі 28 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартам у стане алкагольнага ап’янення.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro