“Усміхайцеся і ніколі не здавайцеся!”

“Усміхайцеся і ніколі не здавайцеся!”

1З такім дэвізам ідзе па жыцці вядомы беларускі спявак Аляксандр Саладуха. У 2017-ым ён адзначыць два юбілеі: 30 гадоў творчай дзейнасці і 25-годдзе мега-хіта “Здравствуй, чужая милая”. 9 чэрвеня ў гарадскім Доме культуры артыст прадставіць слухачам сваю новую канцэртную праграму “Верное сердце”. Незадоўга да прыезду ў наш горад ён даў інтэрв’ю, у якім успомніў свае самыя яркія і адметныя выступленні, раскрыў сакрэты поспеху і падзяліўся планамі на будучыню.

– Аляксандр, што ўяўляе сабой ваша новая канцэртная праграма?
– Гэта паўтарагадзіннае шоу, у якім два аддзяленні. Першае – прэзентацыя новага дзясятага па ліку сольнага альбома “Верное сердце”, які, як і папярэдні “Берега”, запісваўся ў Маскве. Работа над ім доўжылася на працягу 2012-2013 гадоў. У другім аддзяленні прагучаць “залатыя” хіты, а таксама прэм’еры песень, якія будуць уключаны ў альбом будучага года. У перапынку выступяць мае сыны-двайняты – Аляксандр і Антон – гурт “Элемент”. Хлопцы выканаюць чатыры кампазіцыі са свайго другога альбома. У гастрольных турах яны са мною з восені 2007-га. З гэтай праграмай мы ездзім па гарадах Беларусі са студзеня 2014 года і вось засталіся лічаныя канцэрты, якія завершаць знаёмства маіх слухачоў з новым юбілейным альбомам.
– Чаму ён носіць менавіта такую назву? Сэрца Аляксандра Саладухі каму застаецца верным?
– У першую чаргу роднай зямлі, краіне, сваім прыхільнікам, якія на працягу 29 гадоў прыходзяць на мае сольныя канцэрты. Вернае сэрца – жонцы Наташы, нашым дзецям, а іх у нас чацвёра, маім унуку і ўнучцы. Так што ў назве альбома і канцэртнай праграмы, як бачыце, утрымліваецца вялікі сэнс.
– Вы выступаеце ў рамках трэцяга гастрольнага тура па краіне, які пачаўся яшчэ ў кастрычніку 2006 года і які доўжыцца і цяпер. Колькі за гэты час дадзена канцэртаў?
– Так, трэці тур не спыняецца. Мяняюцца назвы праграм, якіх было ўжо шэсць, з’яўляюцца новыя песні, а ён усё працягваецца. У яго рамках адбылося 630 канцэртаў, якія з аншлагам прайшлі ў розных гарадах краіны. Дарэчы, першы гастрольны тур стартаваў у 1997 годзе пад назвай “Здравствуй, чужая милая” і быў прымеркаваны да 10-годдзя творчай дзейнасці. Пад час яго адбылося сто выступленняў. Другі тур “Калина” доўжыўся на працягу 2001-2002 гадоў і прысвячаўся ўжо 15-годдзю маёй дзейнасці на сцэне. За паўтара года было дадзена сто дваццаць канцэртаў.
– Аляксандр, вашы выступленні праходзілі на самых розных пляцоўках. Якое з іх найбольш памятнае?
– Сапраўды, за гады маёй творчай дзейнасці было многа розных канцэртных праграм, яркіх, запамінальных, але ёсць сярод іх і самыя дарагія. Гэта выступленне з сольнікам перад 20-тысячнай аўдыторыяй на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-94”, а таксама на сцэне віцебскага Летняга амфітэатра ў ноч з 13 на 14 ліпеня 1997 года, пад час якога выканаў 22 песні, а 5-тысячная публіка спявала разам са мною. Дарэчы, з Віцебскам звязаны асаблівыя ўспаміны: там у верасні 2007-га я адзначыў 20 гадоў творчай дзейнасці, у жніўні 2012-га – 25-годдзе. Незабыўнымі застануцца выступленні на сцэнах Палацаў Рэспублікі і спорту, а таксама спартыўна-забаўляльнага комплексу “Мінск-Арэна”.
– З якімі аўтарамі супрацоўнічаеце?
– Аўтары розныя, але ў асноўным выконваю песні вядомага беларускага кампазітара Алега Елісеенкава, які многа піша для мяне. Мы сябруем з самага пачатку маёй творчай дзейнасці, спадзяюся і на далейшае супрацоўніцтва. Песню “Верное сердце” напісалі Леанід Шырын і Вольга Рыжыкава, яны ж аўтары кампазіцыі “Моя родная”, якая будзе ўключана ў альбом 2017 года. Туды ж увойдуць і песні “Чёрные вороны” і “Мы будем вместе”. Дарэчы, апошнюю выконвае ўкраінская спявачка Ірына Білык, якая дазволіла і мне ўключыць яе ў свой рэпертуар.
– Аляксандр, з вамі ўвесь час у гастрольных паездках вашы сыны. А з дачушкай Варварай не плануеце выступіць?
– Думаю, не за гарамі той час, калі і Варварушка паедзе са мною (смяецца). Яна наведвае вакальна-харэаграфічную студыю “Шанц”, дзе займаецца танцамі і спявае. У выхаванцаў студыі ўжо было некалькі канцэртаў, якія ладзіліся ў тэатры эстрады, у Палацы культуры чыгуначнікаў. У іх прымала ўдзел і дачушка: спявала і сольна, і разам са мною – мы выканалі “Здравствуй, чужая милая”. Так што летам на якой-небудзь пляцоўцы можна будзе паўтарыць наша сумеснае выступленне, чаму і не?!
– У чым сакрэт поспеху Аляксандра Саладухі?
– Ён вельмі просты. Заўсёды гаварыў і гавару: каб мець поспех, трэба стаць фанатыкам сваёй справы, працаваць да сёмага поту, самааддана, верыць у сябе, сваю зорку і перамогу. І тады здзейсніцца ўсё, аб чым вы марылі і чаго хацелі.
– Што пажадаеце чытачам нашай газеты?
– Здароўя, шчасця, кахання, удачы! Жывіце на пазітыве, дарыце людзям, якія побач, радасць і свет. Часцей усміхайцеся і ніколі не здавайцеся! Ад усяго сэрца запрашаю жыхароў Жабінкаўшчыны на канцэрт, які адбудзецца 9 чэрвеня ў гарадскім Доме культуры. Сваіх слухачоў пастараюся не расчараваць. Пасля выступлення, як заўсёды, будзе арганізаваны продаж кампакт-дыскаў, а таксама фотасесія з кожным жадаючым, які зможа атрымаць і мой аўтограф. На працягу многіх гадоў прытрымліваюся адной традыцыі – не пакідаю фае да той пары, пакуль там знаходзяцца гледачы.
– Дзякуй за размову!
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top