У сузор’і таленавітых – новыя зорачкі

У сузор’і таленавітых – новыя зорачкі

Уганараванне пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, творчых конкурсаў і спаборніцтваў “Сузор’е Жабінкаўшчыны – 2016” адбылося ў апошнія дні мая.

Цырымонію адкрыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч. Іна Уладзіміраўна пажадала педагогам і іх выхаванцам не спыняцца на дасягнутым, браць новыя вяршыні.
У намінацыі “Разумнікі і разумніцы” былі адзначаны пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, а таксама навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” і іх настаўнікі.
Так, дыпломы ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды атрымалі: дзесяцікласніцы першай гарадской школы Юлія Галоўчык па беларускай мове і літаратуры (педагог Людміла Сямёнаўна Міхалойць) і гарадскога ліцэя Ганна Капусціна па біялогіі (педагог Наталля Мікалаеўна Пратаковіч), дзевяцікласніца СШ №2 г. Жабінка Вера Сянішына па матэматыцы (педагог Наталля Паўлаўна Кот) і выпускніца трэцяй гарадской школы Кацярына Шахалевіч у абслуговай працы (педагог Ганна Яўгенаўна Кулагіна).
З абласнога этапу навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” дзевяцікласніца другой гарадской школы Вольга Цупа прыехала з дыпломам ІІ ступені. Яна рыхтавала работу разам са сваім педагогам Марынай Іванаўнай Пакала. Ліцэісты Марыя Захарчук і Сяргей Куян прывезлі дыпломы ІІІ ступені. Марыя працавала з Элінай Уладзіміраўнай Чарнецкай, Сяргей – з Аленай Мікалаеўнай Дамасевіч.
Адкрыццём сёлетняга года стала дзесяцікласніца гарадскога ліцэя Вольга Чарнецкая IMG_7851(на здымку) – дзяўчына мае выдатныя вынікі па нямецкай мове: дыплом І ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і ІІІ ступені на заключным этапе навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Вольга падзялілася з прысутнымі сакрэтамі свайго поспеху і дала некаторыя парады, як дасягнуць перамогі:
– Ніколі не параўноўвайце сябе з іншымі, ні пры якіх умовах не здавайцеся, а ўпэўнена ідзіце да мэты. Аналізуйце свае схільнасці і здольнасці, звяртайце ўвагу на тыя прадметы, якія найбольш падабаюцца. Будзьце гатовыя аддаваць ім шмат часу і не лянуйцеся. Паспрабуйце злучыць у адно цэлае хобі і працу, тады ў вас усё атрымаецца.
Вольга падзякавала за дапамогу і падтрымку свайму педагогу – Святлане Канстанцінаўне Пташнік, якая рыхтавала яе і да прадметнай алімпіяды, і да навукова-практычнай канферэнцыі, пажадала поспехаў усім, хто ў наступным навучальным годзе будзе спрабаваць свае сілы ў розных іспытах.
Другая намінацыя “Творчасць. Талент. Натхненне” назвала імёны пераможцаў творчых конкурсаў, фестываляў, выстаў і іх настаўнікаў.
Так, па выніках абласной завочнай алімпіяды па журналістыцы дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана выпускніца гарадскога ліцэя Алена Баброва (педагог Ала Васільеўна Юрчук) і ІІІ ступені – дзесяцікласніца першай школы Марына Старыкевіч (педагог Святлана Уладзіміраўна Арэхава).
Дыплом ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергія і асяроддзе пражывання” заваяваў дзевяцікласнік Крыўлянскай сярэдняй школы Дзмітрый Пасюк (педагог Вольга Іванаўна Марчук).
Спецыяльным прызам рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” ўзнагароджаны сямікласнік Якаўчыцкай сярэдняй школы Ягор Цыбульскі (педагог Святлана Анатольеўна Постнікава).
На сцэну ў той дзень падымаліся тэатральны калектыў на замежнай мове першай гарадской школы, які ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама (кіраўнікі Інга Іванаўна Лазоўская і Алена Уладзіміраўна Філіманюк), а таксама агітбрыгада СШ №3 г. Жабінка, якая атрымала дыплом ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама (кіраўнік Людміла Яўгенаўна Валетава)._DSC7143
Святочнае ўганараванне завяршыла намінацыя “Моцныя, смелыя, спрытныя. На сцэну выходзілі пераможцы спартыўных спаборніцтваў і іх педагогі:
трэцякласніца Ленінскай сярэдняй школы Ганна Калінка – сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі па фігурным катанні, сярэбраны прызёр этапу кубка Еўропы;
вучаніца чацвёртага класа Ракітніцкай сярэдняй школы Ганна Сідарук, якая заняла 2-ое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы “300 талентаў для каралевы” і яе педагог Віктар Айгаравіч Цікумс;
вучаніца чацвёртага класа СШ №3 г. Жабінка Кацярына Рапека – пераможца абласных і прызёр міжнародных спаборніцтваў па плаванні (мае трэці дарослы разрад у гэтым відзе спорту);
чацвёртакласніца другой гарадской школы Дар’я Ярмашук, якая заняла першае месца на абласным этапе фестывалю па плаванні “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені і яе педагог Аляксандр Васільевіч Талсцяк;
дзесяцікласнік трэцяй гарадской школы Кірыл Мартынюк – сёлетні чэмпіён Брэсцкай вобласці ў боксе, фіналіст спартакіяды сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ рэспублікі;
дзесяцікласнік СШ №1 г. Жабінка Уладзіслаў Радчык – сёлетні пераможца першынства Беларусі ў боксе сярод моладзі.
Трэнер абодвух спартсменаў – Юрый Мікалаевіч Аўчыннікаў.
На ўрачыстай цырымоніі кожны вучань-намінант атрымаў грамату аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама каштоўны падарунак – бесправодную аптычную мышку, педагогі – Пісьмы падзякі ад аддзела.
Спецыяльны прыз – партатыўныя калонку і зараднае прыстасаванне – быў уручаны навучэнцы гарадскога ліцэя Вользе Чарнецкай.
Музычныя падарункі на свяце дарыў прысутным вакальны ансамбль “Вясёлкавы мікс”.
Вынікі сёлетняга навучальнага года паказалі, што раённы зорны небасхіл здольных, творчых, таленавітых папоўніўся новымі яркімі зорачкамі, якія дасягнулі вяршынь у вучобе, конкурсах і спорце.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: тэатральны калектыў на замежнай мове СШ№1 г. Жабінка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro