Як аформіць спадчынныя правы?

Як аформіць спадчынныя правы?

dachabig

У спрошчаным парадку цяпер можна аформіць спадчынныя правы на садовыя домікі і гаражы, што пабудаваны да 8 мая 2003 года, г. зн. да моманту ўступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю” (са зменамі і дапаўненнямі). Паводле дакумента Мінюста і Дзяржаўнага Камітэта па маёмасці ў Беларусі прадугледжваецца, што пасведчанне аб праве на спадчыну ў адносінах да садовага доміка, гаража (пры ўмове, што фінансаванне яго будаўніцтва не ажыццяўлялася гаражным кааператывам), узведзеных да 8 мая 2003 года, але не зарэгістраваных у тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, права на яе і здзелак з ёю, можа быць выдадзена ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку пры ўмове пацвярджэння права ўласнасці памерлага на такія садовы домік і гараж. У гэтым выпадку дакументам, што пацвярджае права ўласнасці памерлага на садовы домік ці гараж з’яўляецца: даведка, якая тлумачыць, што будаўніцтва ажыццёўлена членам садаводчага таварыства, з указаннем прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, і адпаведнасць доміка праекту арганізацыі і забудовы, падпісаная старшынёй і завераная пячаткаю таварыства; даведка гаражнага кааператыва, якая пацвярджае будаўніцтва гаража членам кааператыва з указаннем яго прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку, нумара гаража, звестак аб яго будаўніцтве за кошт сродкаў грамадзяніна і аб адсутнасці паявых узносаў, а таксама адпаведнасць гэтага гаража праекту арганізацыі і забудовы, падпісаная старшынёй і завераная пячаткаю кааператыва.
У выпадку адсутнасці прадугледжаных пастановай даведак пасведчанне аб праве на спадчыну ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку можа быць выдадзена ў адносінах да будаўнічых матэрыялаў і іншай маёмасці, з якіх пабудаваны такі садовы домік, гараж, пры ўмове пацвярджэння права ўласнасці памерлага на згаданыя будаўнічыя матэрыялы і іншую маёмасць адпаведнымі дакументамі, у тым ліку і рашэннем суда, якое ўступіла ў законную сілу, аб устанаўленні факта прыналежнасці спадчынніку будаўнічых матэрыялаў і іншай маёмасці, з якіх пабудаваны гэтыя садовы домік і гараж.
Што датычыцца кватэр, трэба адзначыць наступнае. Дакументам, які пацвярджае права ўласнасці на кватэру памерлага члена жыллёва-будаўнічага кааператыва, з пагашэннем паявых узносаў у поўным памеры да 1 мая 1994 года, але не зарэгістраванай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Беларусі, з’яўляецца даведка з жыллёва-будаўнічага кааператыва аб выплаце членам кааператыва паявых узносаў у поўным памеры да 1 мая 1994 года.
Наталля РУСЕЦКАС, натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top