У творчым супрацоўніцтве з юнымі аднадумцамі

У творчым супрацоўніцтве з юнымі аднадумцамі

212

Адбыўся фінал раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Самы класны класны”. Яго пераможцай стала настаўніца біялогіі, класны кіраўнік 9 “А” класа СШ №2 г. Жабінка Таццяна Лявонцьеўна Ярмаловіч.

Конкурс стартаваў яшчэ ў лютым, тады ва ўстановах адукацыі раёна прайшоў яго першы этап – школьны. Другі – завочны – доўжыўся на працягу другой паловы сакавіка. Дзесяць яго ўдзельнікаў прапанавалі на суд журы партфоліа класа і камп’ютарную прэзентацыю ці відэаролік на тэму “Раскажам пра тое, як весела і дружна мы жывём”. Паводле яго вынікаў у фінал выйшлі шэсць педагогаў: Галіна Пятроўна Якубук і Ірына Міхайлаўна Ярашчук з першай гарадской школы, Жанна Рыгораўна Наўцэвіч і Таццяна Лявонцьеўна Ярмаловіч з другой, Марыя Віктараўна Кульгаўчук з Крыўлянскай адзінаццацігодкі і Яніна Генадзьеўна Бухоўская з Ленінскай. Даючы старт фінальнаму этапу конкурсу, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Уладзіміраўна Тарасевіч адзначыла, што конкурс “Самы класны класны” праводзіцца з мэтай распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту ў выхаваўчай рабоце і раскрыцця інтэлектуальных і творчых здольнасцяў класных калектываў. Яна пажадала канкурсантам поспехаў і ўдачы ў саперніцтве.
У фінале было тры выпрабаванні. Першае мела назву “Візітная картка класа”. Пра дасягненні сваіх выхаванцаў у вучобе, спорце, іншых відах дзейнасці класныя кіраўнікі расказалі з дапамогай прэзентацый, відэаролікаў, песень і танцаў. У другім падзяліліся сакрэтамі выхавання, асноўнымі накірункамі работы з вучнямі і бацькамі, агучылі ўласныя свае педагагічныя прынцыпы і крэда.
Творчае хатняе заданне “Залаты трохкутнік” паказала, што толькі ў цеснай узаемасувязі класнага кіраўніка, навучэнцаў і іх бацькоў гарантаваны поспех. А на вяршыні гэтага трохкутніка знаходзіцца вучань, дзеля яго развіцця і накіраваны агульныя намаганні дарослых.
Вынікі конкурсу падвяла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Сцяпанаўна Бурко, якая сказала:
– Сёння цяжка пералічыць усе тыя ролі і місіі, якія выпадаюць на долю класнага кіраўніка. У першую чаргу ён – мудры выхавальнік, які знаходзіць ключык да любога вучня. Конкурс паказаў, што на Жабінкаўшчыне працуюць таленавітыя педагогі, якія сябруюць з інфармацыйнымі тэхналогіямі, ведаюць праблемы сучаснай моладзі і спраўляюцца з усімі цяжкасцямі, што ўзнікаюць на іх шляху.
Яна таксама падзякавала педагогам за ўдзел у конкурсе, вучням і бацькам – за падтрымку сваіх настаўнікаў.
Усе фіналісты былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за ініцыятыву, творчасць і высокі прафесіяналізм у справе выхавання падрастаючага пакалення, а таксама каштоўнымі падарункамі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Пераможца конкурсу – Таццяна Лявонцьеўна Ярмаловіч – атрымала медаль “За любоў да прафесіі” і падарачны сертыфікат. Усхваляваная і расчуленая, яна дзякавала за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу сваёй групе падтрымкі, а таксама калектыву вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Конкурс паказаў прафесіяналаў сваёй справы, якія не спыняюцца на дасягнутым, а штодзень у творчым супрацоўніцтве з юнымі аднадумцамі ўзнімаюцца на ўсё новыя вяршыні.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: фіналісты і пераможца конкурсу “Самы класны класны”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top