Створаны спрыяльныя ўмовы для інвестараў

Створаны спрыяльныя ўмовы для інвестараў

115

Дзень інфармавання, які адбыўся 24 мая ў актавай зале Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, быў прысвечаны ключавым аспектам Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Беларусі, а таксама вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці ў цэлым і Жабінкаўскага раёна ў прыватнасці за І квартал 2016 года. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі, выступаючы перад працоўным калектывам музычнай навучальнай установы, адзначыў:
­– У сілу аб’ектыўных прычын справы ў эканоміцы нашай краіны на сённяшні дзень напружаныя. Яна заўсёды была скіравана на экспарт у Расію, ва Украіну. Але тыя эканамічныя і палітычныя сітуацыі, якія склаліся ў нашых краінах-суседках, звужаюць магчымасці для паставак беларускіх тавараў на іх рынкі. У сённяшняй эканамічнай рэальнасці трэба пераглядаць адносіны да работы, шукаць выйсце з сітуацыі.
Шмат гаворыцца аб тым, што ў Беларусі вырабляецца прадукцыі больш, чым мы можам спажыць на ўнутраным рынку. Значыць, трэба актыўна шукаць рынкі збыту, павялічваць экспарт тавараў, паслуг. Што датычыцца знешняга гандлю таварамі, то па выніках работы за І квартал бягучага года яго аб’ём па раёне склаў 13,3 млн. долараў ЗША, экспарт у цэлым па Жабінкаўшчыне – 7,6 мільёнаў долараў, ці 54,7 працэнта да 2015 года. Аб’ём экспарту па прадпрыемствах мясцовай і бязведамаснай падпарадкаванасці склаў 102,7% да мінулага года.
Па экспарце паслуг, на жаль, раён не выконвае заданне: тэмп росту экспарту без прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання склаў 66% да ўзроўню мінулага года. Хаця пасля Камянецкага і Брэсцкага раёнаў Жабінкаўскі – на трэцім месцы ў вобласці па экспарце паслуг.
Значна зніжаны экспарт турыстычных паслуг. Санаторый “Буг” знізіў іх аб’ём сёлета на 97,3 тысячы долараў. Асноўны паток турыстаў – грамадзяне Расійскай Федэрацыі, таму зніжэнне звязана са спадам пакупніцкай здольнасці расійскага рубля і ростам чыгуначных тарыфаў.
Адзін з ключавых момантаў Указа Прэзідэнта Беларусі №78, гаворка пра які таксама вялася ў час сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкай групай, – стварэнне новых працоўных месцаў у рэспубліцы. Узровень беспрацоўя на Жабінкаўшчыне знаходзіцца ў сацыяльна дапушчальных межах і складае па стане на 1 мая бягучага года 1,1% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва раёна (на ўліку ва ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама знаходзіцца 112 беспрацоўных, маецца каля 45 вакансій).
Сярэднямесячная заработная плата за студзень-сакавік бягучага года склала па раёне 5 млн. 600 тысяч рублёў.
Суб’екты малога прадпрымальніцтва за І квартал стварылі 4 новыя мікра- і малыя арганізацыі (заданне – 5), 29 новых рабочых месцаў.
Добрая навіна для жыхароў райцэнтра: падпісаны інве-стыцыйны дагавор з кампаніяй “Санта Рытэйл” аб будаўніцтве гандлёвага аб’екта насупраць цэнтральнай раённай бальніцы. А гэта не менш за 40 працоўных месцаў і каля 350 мільёнаў падаткаў у бюджэт раёна штогод. У рамках гэтага праекта з’явіцца і стаянка для аўтамабіляў насупраць СШ №1. “52 новыя працоўныя месцы – мінімальны ўзровень, на які мы павінны выйсці”, – рэзюмаваў кіраўнік раёна. На Жабінкаўшчыне сфарміраваны ўчасткі для інвестыцыйных праектаў, пляцоўкі для развіцця турызму, створаны максімальны рэжым садзейнічання інвестарам.
Дзень інфармавання быў багатым на пытанні, адрасаваныя педагогамі ДШМ кіраўніку раёна. Яны тычыліся рамонту фасада будынка дзіцячай школы мастацтваў, магчымасці набыцця новага канцэртнага раяля для ўстановы, павышэння заработнай платы, адсутнасці каналізацыі ў жыхароў вуліцы Камарова і
Ф. Скарыны ў райцэнтры, магазіна ў вёсцы Курпічы, неабсталяванасці аўтобуснага прыпыначнага пункта “Абрамавічы” і веладарожак у райцэнтры, стану вуліцы Палявой і інш.
Дзмітрый Мікалаевіч на большасць пытанняў адказаў адразу, некаторыя паабяцаў разгледзець і даць адказ пазней.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top