Рызыка паражэння нават пры набліжэнні

Рызыка паражэння нават пры набліжэнні

sm_fullЗ наступленнем цёплых дзён і дарослыя, і дзеці шмат часу праводзяць на вуліцы. А хутка і лета – пара адпачынкаў і канікулаў. На жаль, менавіта ў гэты час павялічваецца колькасць няшчасных выпадкаў ад паражэння электрычным токам. Летась у рэспубліцы іх адбылося 24, пацярпелі 26 чалавек, 14 з іх загінулі.
Большасць трагічных выпадкаў узнікае з-за бестурботнасці людзей, якія грэбуюць правіламі паводзін паблізу электраўстановак. Штогод адбываецца некалькі няшчасных выпадкаў з аматарамі рыбалкі. У арсенале рыбакоў цяпер незлічоная колькасць снасцяў, у тым ліку вудзільны даўжынёй 4-12 метраў. Калі такую вуду падняць уверх пад паветранай лініяй электраперадачы, гэтага можа быць дастаткова, каб патрапіць пад напружанне. Такі выпадак адбыўся 24 красавіка на возеры ў Гомелі. Мясцовы жыхар 1965 года нараджэння праігнараваў плакаты пра забарону рыбнай лоўлі ў ахоўнай зоне паветранай лініі 110 кВ і паплаціўся ўласным жыццём.
Дзеці не заўсёды знаходзяцца пад наглядам дарослых, губляюць самакантроль, таму неабходна пастаянна папярэджваць і тлумачыць ім пра небяспеку электрычнага току. Нельга падыходзіць да трансфарматарных падстанцый, датыкацца да любых правіслых ці абарваных правадоў, узбірацца на апоры паветраных ліній і дрэвы паблізу правадоў. Забараняецца разводзіць пад імі вогнішчы, запускаць паветраных змеяў, лавіць рыбу і перамяшчацца з раскладзенай вудай. Вельмі небяспечна адчыняць і нават датыкацца да электрашчыткоў. Так, 12 красавіка парушыў гэтае правіла навучэнец Петрыкаўскай школы-інтэрната Гомельскай вобласці 2002 года нараджэння: падняўся на металічную апору паветранай лініі-10 кВ, каб пафатаграфаваць, пры гэтым наблізіўся да правадоў на недапушчальную адлегласць і быў смяротна траўміраваны электрычным токам.
Небяспека электрычнасці ў тым, што часам не трэба нават прамога кантакту з токаправоднымі часткамі электраабсталявання, – рызыка паражэння ўзнікае нават пры набліжэнні да іх на недапушчальную адлегласць.
Вывучайце і строга выконвайце правілы электрабяспекі, патрабуйце іх выканання ад вашых таварышаў, родных і блізкіх, гэтым вы выратуеце ім жыццё!
Аляксандр ДЗЕМІДЗЮК, інспектар энергаінспекцыі Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro