Браты-куракрады

Браты-куракрады

Куры-несушки-купить-выбор-несушек

У сярэдзіне ліпеня мінулага года пранеслася па аграгарадку Ленінскі непрыемная вестка: ноччу з хлеўчыка зніклі тры курыцы. Гаспадыня сцвярджала, што вечарам загнала ўсіх чубатак у хлеў, а ранкам нідзе знайсці не змагла.
Прайшлі яшчэ два тыдні, і тая ж гаспадыня зноў недалічылася трох курыц, а пасля – яшчэ чатырох. У аграгарадку забілі трывогу: хто крадзе? Сталі замыкаць хлявы, але нехта вырываў прабой навяснога замка з каробкі ўваходных дзвярэй і пранікаў усярэдзіну.
Прапалі яшчэ чатыры курыцы ў другога гаспадара. Цяпер зламыснікі бралі ўсё, што трапляла пад рукі і што магчыма было панесці: слоікі з марынаванымі агуркамі і грыбамі, настойку і наліўку, цыбулю і часнок… У апошні раз трапіўся злодзеям на вочы гусак, які ноччу гуляў у двары, і яму… скруцілі галаву.
Неўзабаве высветлілася, хто займаўся крадзяжамі ў куратніках. Браты Аляксандр ды Ігар П., якія ноччу выходзілі на промысел, лічылі, што адшукаць іх будзе нялёгка, бо жывуць яны не ў аграгарадку Ленінскі, а больш за дзясятак кіламетраў у вёсцы Гатча. Злодзеі дзейнічалі хітра, і праўда, на след зламыснікаў праваахоўнікі натрапілі толькі праз чатыры месяцы, калі тыя паспелі зрабіць сем вылазак.
Аляксандру з Ігарам па трыццаць ужо. У свой час не хацелі вучыцца і кінулі школу, скончыўшы па дзевяць класаў. Працаваць таксама не жадалі, а есці ды піць трэба. Як расказваў на судзе старэйшы брат, ён разам з Ігарам летам мінулага года вырашыў пачаць красці. Выбралі для гэтага месца, што далей ад дома.
Апоўначы на веласіпедах прыехалі ў Ленінскі да гаспадарчых забудоў, пакінулі велікі на агародах, а самі пайшлі выбіраць хлеў, дзе маглі начаваць куры. І не памыліліся. Дзверы ў хлеўчыку былі незамкнёныя. З дапамогай ліхтарыка Аляксандр адшукаў здабычу, тром курыцам адкруціў галовы і перадаў Ігару, які стаяў ля ўваходу з пакетам. Пасля гэтага браты вярнуліся ў Гатчу.
Другую вылазку яны здзейснілі тыдні праз два. І зноў паспяхова. Потым яшчэ і яшчэ. Зладзеі, здаецца, паверылі ў сваю недатыкальнасць, але ж народ адвеку павучаў: “Колькі вяровачку ні віць – канец будзе!” Прыйшоў канец і крадзяжам братоў П.
У ходзе вобыску ў іх доме ў Гатчы знайшліся чужыя цыбуля і часнок, бензапіла і наждачны круг, металічны штангенцыркуль і шурупавёрт, водаправодны кран і стамескі, навясныя замкі і іншыя рэчы. Украдзенае братамі пасля суда было перададзена пацярпелым.
Браты Аляксандр ды Ігар П. прызнаны вінаватымі ў тайным крадзяжы маёмасці паўторна і групай асоб. У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, кожны з іх панёс пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін у 1 год і 6 месяцаў з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Апроч таго, згодна з заключэннем судова-псіхіятрычнай экспертызы, абвінавачваемыя хварэюць на хранічны алкагалізм і маюць патрэбу ў прымусовым супрацьалкагольным лячэнні. Суд на падставе часткі 1 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса прымяніў да Аляксандра і Ігара П. такое лячэнне.
Віктар НОВІК,
старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro