Зацятасць, або Футбол з аўтамабілямі

Зацятасць, або Футбол з аўтамабілямі

 16big

Увечары 31 лістапада мінулага года два аўтамабілі ў Жабінцы, што мірна адпачывалі ад гаспадароў і дарог каля сваіх дамоў, атрымалі нізашто-ніпрашто сур’ёзныя пашкоджанні. Іх білі нагамі па левым крыле, пакінуўшы сляды ад абутку. Гэтыя сляды і вывелі на хулігана. А зрэшты, міліцыянерам няцяжка было адразу звузіць кола падазраваных да Максіма К., бо асоба яго добра знаёмая ў райаддзеле ўнутраных спраў.
Даўно знаёмая. На прафілактычны ўлік у інспекцыі спраў непаўнагадовых Максіма паставілі ў 15-гадовым узросце. Бацька з сям’ёю не жыў, сынавым выхаваннем не займаўся. Маці ў сваю чаргу была далёка не строгаю выхавальніцай, да таго ж ухілялася ад узаемадзеяння з сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай школы. Таму і ў час знахо-джання на прафілактыным уліку хлопец паводзіў сябе не лепшым чынам: прагульваў урокі, кепска вучыўся, піў спіртное і ўжываў таксічныя рэчывы, сваволіў. Толькі з красавіка 2012-га да жніўня 2013-га года ён учыніў дзевяць адміністрацыйных правапарушэнняў. Напрыклад, не заплаціў за шакалад, узяты ў гандлёвай зале, удыхаў клей у грамадскай прыбіральні, п’яны і неахайны бадзяўся па вуліцы, лаяўся на людзей. У выніку рашэннем раённага суда ад 10.09.2013 г.
падлетак быў накіраваны ў лячэбна-выхаваўчую ўстанову да дасягнення ім васямнаццаці гадоў.
Летась, 16 лістапада, пару ягонай сталасці суд “адзначыў” разглядам ужо не адміністрацыйнай, а крымінальнай справы. Максім К. быў абвінавачаны ў незаконным набыцці, перавозцы і захоўванні наркатычнага рэчыва без мэты збыту (хаваў яго, нібыта знойдзенага на Брэсцкім чыгуначным вакзале, у сябе дома прыкладна тыдзень, пакуль міліцыя прыехала з вобыскам). Суд пакараў злачынцу паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абмежаваннем волі на тры гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Тое, першае ў сваім жыцці злачынства, 18-гадовы Максім зрабіў у ліпені, а ўжо ў канцы кастрычніка ўчыніў новае – беспрычынна, па-хуліганску напаў на аўтамабілі грамадзян. Не менш чым тройчы “футбольнуў” “Фіят” у двары па вул. Міру і гэтулькі ж разоў – “Фольксваген” па вул. Ф. Скарыны. На судзе ён патлумачыў свой учынак проста – алкагольным ап’яненнем: ідучы да сябра, выпіў два літры піва. Экспертыза паказала, што ў такім стане ён мог спаўна ўсведамляць характар і грамадскую небяспечнасць сваіх дзеянняў. Дык, можа, кіравала ім яшчэ і злосць: вунь іншыя прыстойна жывуць, не так, як ён, уласныя машыны маюць?..
Ні ў чым не павінным лю-
дзям, гаспадарам аўтамабіляў, хуліган нанёс немалы ўрон: аднаму – на 2,2, другому – на 2,7 мільёна рублёў. Суд пастанавіў спагнаць вызначаныя сумы з віноўнага на карысць пацярпелых, а таксама 245 тысяч рублёў дзяржпошліны.
Пасяджэнне раённага суда адбылося 6 сту-
дзеня г. г. Згодна з ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, за хуліганства – за свой недарэчны “футбол з аўтамабілямі” – Максім К. заслужыў абмежаванне волі на адзін год з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. А ў сукупнасці двух пакаранняў – гэтага і ад 16 лістапада 2015 г. – суд вызначыў пакаранне канчатковае: абмежаваць волю злачынцы на тры гады і накіраваць яго ў папраўчую ўстанову.
Таццяна ЖАРЫНАВА, пракурор Жабінкаўскай пракуратуры.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top