“Усім у жыцці я абавязаны Музыцы”

“Усім у жыцці я абавязаны Музыцы”

 

Нагодай для сус049трэчы з педагогам дадатковай адукацыі Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Эдуардам Пішчыкам стала перамога ўстановы ў ХІ Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. За актыўны ўдзел у ім Эдуард Мікалаевіч узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Калісьці ён сам вучыўся ў Жабінкаўскай школе-інтэрнаце для слабавідушчых дзяцей (тады так называлася ўстанова), з удзячнасцю ўспамінае былых настаўнікаў і выхавальнікаў, а цяпер вядзе заняткі па вакале ў эстраднай студыі “Вясёлка”. Тройчы на тыдзень Эдуард Мікалаевіч прыязджае з абласнога цэнтра ў Жабінку, дзе яго з нецярпеннем чакаюць выхаванцы. Сярод іх ёсць сапраўдныя зорачкі, таленты якіх неаднойчы захаплялі гледачоў, а таксама журы розных конкурсаў і фестываляў, што пацвердзіла перамога ў сёлетнім “Вясёлкавым карагодзе”.
Родам Эдуард Пішчык з вёскі Сушытніца, што на Маларытчыне, рос у вялікай дружнай сям’і. Яшчэ ў дзяцінстве сам навучыўся іграць на баяне і гітары, добра спяваў. Пасля заканчэння Жабінкаўскай школы-інтэрната паступіў у Мінскае вучылішча мастацтваў – цяпер каледж, на аддзяленне народнай творчасці. Ці варта гаварыць, як нялёгка было вучыцца хлопцу, які меў інваліднасць па зроку. У адрозненне ад многіх іншых студэнтаў, Эдуард не мог чытаць ноты з ліста, да таго ж за плячыма ў яго не было музычнай школы. Але гэта не перашкодзіла яму скончыць установу з адзнакай. Пасля вучылішча Эдуард вярнуўся ў родныя мясціны, два гады працаваў хормайстрам у Хаціслаўскім СДК Маларыцкага раёна. Вырашыў вучыцца далей – завочна паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, які паспяхова скончыў у 2004 годзе і атрымаў спецыяльнасць кіраўніка народнага хору і выкладчыка спецыяльных дысцыплін. Крыху пазней Эдуард асвоіў яшчэ і камп’ютарныя курсы пры Брэсцкім гарадскім цэнтры занятасці, дзе вучылі набіраць сляпым метадам.
Дзе б ні працаваў Эдуард Мікалаевіч, яго работа заўсёды была звязана з музыкай. З’яўляючыся сябрам ГА “БелТІЗ” (Беларускае таварыства інвалідаў зроку), ён цесна супрацоўнічаў як з Брэсцкай абласной, так і гарадской арганізацыямі аб’яднання, дапамагаў праводзіць мерапрыемствы, быў кіраўніком творчага калектыву “Берасцейская жывіца”, куды ўваходзілі прадстаўнікі таварыства інвалідаў па зроку Брэста. Некаторы час працаваў культарганізатарам у аздараўленчым цэнтры Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
З 2011 года Эдуард Пішчык у ліку педагогаў Жабінкаўскай школы-інтэрната, рупіцца тут на палову стаўкі. На сённяшні дзень гэта яго асноўнае месца працы. Эстрадную студыю “Вясёлка” наведваюць 15 выхаванцаў школы-інтэрната. Упэўнена, жыхары Жабінкі добра ведаюць некаторых яе прадстаўнікоў, бо яны выступаюць на гарадскіх святах і мерапрыемствах. Сафія Марцішка, Вераніка Анташок, Юлія Туз, Настасся Радчук, Павел Галавач, іншыя вакалісты студыі радуюць слухачоў сваімі нумарамі. У рэпертуары юных выканаўцаў розныя песні на беларускай і рускай мовах: прысвечаныя тэме вайны, ветэранам, роднаму краю, вернаму сяброўству. Так, візітнай карткай Веранікі Анташок стала песня “Беларусачка”. Дзяўчынка двойчы прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе інклюзіўнай творчасці “Пад Крыламі Арыёна” (з 2014 года фестываль набыў маштабы міжнароднага, калі ў склад канкурсантаў увайшлі прадстаўнікі з васьмі краін блізкага і далёкага замежжаў). Дарэчы, пасля выступлення на сёлетнім “Вясёлкавым карагодзе” Вераніку запрасілі прыняць удзел у І-ым Саюзным фестывалі творчасці народаў Беларусі і Расіі.
З заміраннем сэрца і слязамі на вачах успрымаюцца песні “Баявыя ордэны” ў выкананні Сафіі Марцішка і “Малююць хлопчыкі вайну”, якую спявае Юля Туз.
Эдуард Мікалаевіч чалавек творчы, энергічны, няўрымслівы, таму не толькі яго выхаванцы прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах і фестывалях, але і ён сам.
Так, у 2013 годзе стаў пераможцам абласнога конкурсу “Песня застаецца з чалавекам”, які быў арганізаваны Брэсцкім абласным камітэтам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў намінацыі “Песня на роднай мове”.
Сёлета дуэт Эдуарда Пішчыка і дзевяцікласніцы другой гарадской школы Кацярыны Лось (мама Каці – Ала Рыгораўна – выхавальніца школы-інтэрната) з песнямі “Першацвет” і “Калі забудзеш ты мяне” стаў пераможцам раённага этапу Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016”.
Эдуард Мікалаевіч прымае ўдзел у розных міжнародных фестывалях і конкурсах, шмат выступае. Разам з ансамблем народнай песні “Рыцкі куфэрак” Маларыцкага ГДК пабываў у Германіі, Польшчы, Славакіі, Расіі, ва Украіне. Удзельнічае таксама ў вядомых беларускіх фэстах.
У школе-інтэрнаце Эдуард Пішчык дапамагае ў падрыхтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў і святаў, прымеркаваных да Дня ведаў, Дня абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, іншых. Забяспечвае музычнае суправаджэнне навагодніх ранішнікаў, выпускных вечароў. Як былы выпускнік установы добра ведае праблемы сацыялізацыі выхаванцаў школы-інтэрната ў грамадстве, таму вучыць дзяцей быць нароўні з іншымі, умела адстойваць сябе ў пэўных сітуацыях, знаходзіць сваё месца ў жыцці, рэалізоўвацца. Сам Эдуард Мікалаевіч яркі прыклад таму – знайшоў сябе ў музыцы, з дапамогаю яе і сям’ю стварыў. Будучую жонку Галіну сустрэў на вяселлі, зачараваў яе сваімі спевамі. Выхоўваюць зараз дваіх дзетак: 10-гадовую Кацярынку і 4-гадовага Ромку.
“Як бачыце, усім у жыцці я абавязаны яе Вялікасці Музыцы”, – завяршыў нашу размову Эдуард Мікалаевіч. А я, ідучы дамоў, не пераставала здзіўляцца вялікай сіле волі, цвёрдасці характару, неверагоднай працаздольнасці, мэтанакіраванасці майго суразмоўцы, які, нягле-
дзячы ні на што, жыве ў яе чароўным свеце.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Эдуард Пішчык і Кацярына Лось.
Фота Ірыны Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*