Дзве калекцыі Улада Хутарэнкі

Дзве калекцыі Улада Хутарэнкі

IMG_0076

УРАЖВАЕ САПРАЎДНАЯ КАЛЕКЦЫЯ грамат і дыпломаў 13-гадовага Уладзіслава Хутарэнкі з Жабінкі. Агульная іх колькасць – 42! Яны атрыманыя ці, правільней сказаць, заваёваныя на розных турнірах па таэквандо, што праводзіліся на вялікіх абшарах ад Казахстана да Беларусі. Гэтыя дзве краіны для юнага спартсмена родныя: сярод казахскіх стэпаў ён нарадзіўся і гадаваўся, у лясістай Беларусі жыве разам з бацькамі.
Сяброўства са спортам пачалося пяць гадоў таму. Сапраўднае прызнанне да хлопчыка прыйшло восенню 2013-га, калі ў Шымкенце ладзіўся чэмпіянат Казахстана сярод дзяцей 8 – 11 гадоў. Удзельнічалі 366 юных таэквандыстаў. Улад правёў шэсць баёў, перамог усіх сваіх сапернікаў і стаў чэмпіёнам краіны ў сваёй узроставай групе. Сваё захапленне спортам ён не пакінуў і пасля таго, як праз год сям’я Хутарэнкаў пераехала ў Беларусь. Без усялякіх ваганняў месцам жыхарства выбралі наш райцэнтр.
– Сярод усіх беларускіх гарадоў нам адразу спадабалася Жабінка, – успамінае маці Марына Пятроўна. – Можна сказаць, гэта была любоў з першага погляду. Настолькі чысты, дагледжаны гарадок – такога ў Казахстане і блізка не знойдзеш. Утульна тут і старым, і малым. Сапраўдную надзейнасць выклікаюць спакой, парадак, наладжаная размеранасць жыцця. Для дзяцей (у нас з Сяргеем іх трое) таксама створаны ўмовы для далейшага развіцця.
І пасля пераезду Уладзіслаў Хутарэнка не спыніў захаплення спортам. Зараз на заняткі па таэквандо ездзіць у Брэст да трэнера Вольгі Уладзіміраўны Шайхутдзінавай. Да ўзнагарод, заваяваных на далёкай малой радзіме, ужо дадаліся і граматы, атрыманыя ў Беларусі. Значны поспех у нашай краіне – трэцяе месца ў катэгорыі да 33 кілаграмаў на ХVIII адкрытым Рэспубліканскім турніры Сусветнай федэрацыі таэквандо. Спаборніцтвы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, праходзілі напрыканцы зімы гэтага года ў Віцебску. Так супала, што сваю ўзнагароду Уладзіслаў атрымаў 28 лютага – у дзень, калі яму споўнілася трынаццаць. Лепшага падарунка, літаральна створанага сваімі рукамі, і прыдумаць было цяжка!
Аднак, вядома, і гэта не мяжа. 27 сакавіка для Улада стала ашаламляльным поспехам выступленне на рэспубліканскім чэмпіянаце “Юныя таленты” ў Гродне, дзе юны жабінкавец атрымаў перамогу.
ЯШЧЭ АДНА ВАЖКАЯ КАЛЕКЦЫЯ папаўняецца ў юнага аматара. Ён захапляецца гісторыяй, прынамсі, збірае старадаўнія манеты. Аднойчы, яшчэ ў Шчучынску, што ў Казахстане, адшукаў 5 капеек 1924 года выпуску.
– Здзівіўся і ўзрадаваўся гэтаму, – дзеліцца юны нумізмат. – Пачаў шмат чытаць пра грошы розных часоў і народаў, захапляльна вельмі!
Адсюль і пачалося “збіральніцтва”, і цяпер ва Уладавай калекцыі вялікая колькасць манет, выпушчаных, у асноўным, за часам СССР. Аднак ёсць і нашмат старэйшыя рарытэты. Той пятачок, выраблены ў год смерці Леніна, важкі, як пакладзеш на далонь. Аднак яшчэ большую вагу мае манета такога самага наміналу, выпушчаная ў 1777 годзе пры Кацярыне Вялікай. Захоўваецца ў калекцыі і 10-грашовік 1840 года, знойдзены паблізу Жабінкі.
Пра сваю апошнюю гістарычную знаходку Улад Хутарэнка расказвае так:
– Разам з маці гуляў па лесе каля вёскі Вялікія Сяхновічы, раптам пабачыў нейкі незвычайны камень. Павярнуў яго “тварам”. Спачатку і не зразумеў, што перада мною. Падалося, нейкія незразумелыя пісьмёны на невядомай мове. Паказаў маці, сталі пытацца ў тутэйшых. Аказалася, гэта тачыльны камень, а невядомыя значкі – яўрэйскія надпісы. Такія камяні некалі клалі на іўдзейскія пахаванні. Як ён апынуўся ў лесе, цяпер ужо ніхто не адкажа. Вырашылі, такой знаходцы самае месца сярод музейных экспанатаў. Гэта ж частка мясцовай спадчыны. Таму і перадалі камень на захоўванне ў Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.
Напрыканцы пацікавіліся ў аматара мінулага (зараз ён вучыцца ў 7 “Б” класе трэцяй гарадской школы), як даецца яму беларуская мова.
– Нашмат лягчэй, чым казахская, – падзяліўся Уладзіслаў. – Па мове маю трывалую сямёрку, а па літаратуры нават дзевяць балаў. Падабаюцца вершы Якуба Коласа, проза Івана Навуменкі, Васіля Быкава. Канечне, па-беларуску чытаю найчасцей тое, што задае на ўроках настаўніца Таццяна Мікалаеўна Галавейка, аднак вучу мову з задавальненнем. Яна ўсім патрэбная: і тым, хто тут даўно жыве, і прыезджым, як мы.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Уладзіслаў ХУТАРЭНКА
побач са сваёй
незвычайнай знаходкай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro