Азяты на рупліўцаў і таленты багаты

Азяты на рупліўцаў і таленты багаты

_DSC6341 _DSC6312 _DSC6542 _DSC6429 IMG_1709IMG_1729

Свята вёскі, асабліва такое як 500-гадовы юбілей Азятаў, несумненна далучае ўсіх да каранёў продкаў, вяртае да вытокаў, яднае мінулае з будучым, дае на-дзею на шчаслівы далейшы лёс. У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нарадзіўся, вырас, зямля, якая яго ўскарміла, крыніца, вада з якой найсмачнейшая ў свеце. Менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа, бо тут заўсёды спакойна і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога.
НЕВЫПАДКОВА сышліся-з’ехаліся ў дзень святога Міколы (летняга) на слаўнае свята азятчукі і шматлікія госці. Для адных гэтая вёска – месца народзінаў і дзяцінства, іншых – першая прыступка ў кар’ернай лесвіцы ці вымушаны пераезд пасля чарнобыльскай бяды. 500-годдзе аграгарадка Азяты склікала і аб’яднала ўсіх іх, натхніла на ўспаміны, падаравала цёплыя і шчырыя сустрэчы.
Хлебам-соллю віталі гасцей урачыстасці на азяцкай зямлі. Каравай прымае старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі і віншуе ўсіх з юбілеем. Асаблівыя словы, канечне, тым, хто прынёс у гэты край свабоду і незалежнасць, рупліўцам палёў і ферм, педагогам, медыцынскім

_DSC6799

работнікам, якія тут жывуць і працуюць. Але якое ж свята без падарунка! Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі паведамляе, што выканкамам прынята рашэнне на выдзяленне 10 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту на цацкі для мясцовага дзіцячага садзіка.
На сцэне вядучыя, якія ўзгадваюць пэўныя гістарычныя звесткі і паданні пра населены пункт Азяты. Яны паведамляюць, што за смугою стагоддзяў губляюцца вытокі вёскі, а сівое паданне сцвярджае: некалі тут быў стары манастыр, які разбурылі татары, таму існуе версія, што прашчурамі азятчукоў з’яўляліся ваяўнічыя азіяты. Легенда застаецца толькі легендай. Першая ж пісьмовая згадка пра паселішча з’явілася пяцьсот гадоў таму ў прывілеі Жыгімонта Старога і была дадзена на вечныя часы Сідару Фёдаравічу Гайку і нашчадкам ягоным. Узгадваюцца і такія цікавыя факты: у Азятах нарадзіўся граф Аляксандр дэ Паліньяк, сын маршала французскага каралеўскага двара, палкоўніка расійскай арміі, удзельніка Барадзінскай бітвы і дзекабрысцкага руху Эркюля дэ Паліньяка. Ягоныя сваякі дасюль жывуць у Францыі, а адзін з іх нават кіруе невялікай еўрапейскай дзяржавай Манака.
Шмат слаўных сыноў выгадавала азяцкая зямля. Сярод іх узгадваецца імя вядомага вучонага Юліяна Крачкоўскага, які першым стаў прафесійна вывучаць абрады, звычаі, народныя песні, што сотні гадоў гучалі ў гэтых мясцінах.
Віншаванні са знакавым юбілеем мясцовае насельніцтва і ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці атрымліваюць ад першага намесніка старшыні аблвыканкама Мікалая Токара. Мікалай Васільевіч гаворыць: “500 гадоў ад нараджэння маюць нямногія паселішчы Берасцейшчыны. Не ў кожнага з іх ёсць такія цікавыя гістарычныя факты. За пяць соцень гадоў на гэтай зямлі вырасла дваццаць пакаленняў азятчукоў, якія, нягледзячы на розныя цяжкасці, выстаялі і ператварыліся ў цывілізаваны куточак беларускай зямлі. Тут многае зроблена для камфортнага пражывання маладых людзей і больш сталага ўзросту. Асфальтаваныя дарогі злучылі аграгарадок з райцэнтрам, са Старым Сялом, у дамы “прыйшоў” прыродны газ. Азяцкая зямля дала прытулак многім людзям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай трагедыі, стала ім роднай”.
Прадстаўнік ад абласной вертыкалі пажадаў аграгарадку квітнець, а яго жыхарам дабрабыту, шчасця, удачы, у меру сонца і дажджу, каб зямля парадавала важкім ураджаем, і паведаміў, што з абласнога бюджэту выдзяляецца 15 мільёнаў рублёў самадзейным артыстам Азяцкага Дома культуры на набыццё сцэнічных касцюмаў.
ПАВОДЛЕ СЦЭНАРЫЯ вядучыя стараліся расказаць пра людзей, якія рупіліся і працягваюць працаваць на азяцкай зямлі, павышаць яе ўрадлівасць, а таксама пра тых, хто здабыў свабоду, незалежнасць.

 

Дарэчы, у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Азяцкага сельсавета фашысцкія захопнікі знішчылі 69 двароў, з франтоў не вярнуліся 113 чалавек, 32 загінулі ў партызанскіх атрадах і падполлі, сталі нявіннымі ахвярамі акупантаў. У цэнтры аграгарадка стаіць помнік з пералікам імёнаў землякоў, чые душы адляцелі ў вырай, каб мірным быў сённяшні дзень. З вайны вярнуліся каля 120 азятчукоў. Зараз на тэрыторыі сельсавета іх жыве шасцёра, трое з іх – у аграгарадку: Ярас Пятровіч Казачэнка, Уладзімір Харытонавіч Саўчук і Аляксей Філімонавіч Гумянка. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ўручае ім падарункі і дзякуе за мужнасць, смеласць, што былі праяўлены ў гады фашысцкага ліхалецця, і запэўнівае: “Моладзь, нашчадкі франтавікоў, падпольшчыкаў, партызан ніколі не забудуць тых, хто аддаваў жыцці за светлую будучыню, за бясхмарнае неба над галовамі”.
Ды не толькі ў час ваенных нягод азятчукі заяўлялі аб сабе подзвігамі. Не толькі малая радзіма, але й Жабінкаўшчына ганарыцца справамі, што пакінуў пасля сябе Васіль Андруховіч, слынны механізатар, кавалер ордэнаў Леніна, “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Той час, дарэчы, калі шчыраваў на зямлі Васіль Васільевіч, быў шчодрым на ўзнагароды: шэраг працаўнікоў калгаса “Беларусь” (цяпер ПУАП “Азяты”) сталі ардэнаносцамі. У іх ліку: Васіль Лінкевіч, На-дзея Кароткая, Павел Зэлька, Мікалай Адамук, Соф’я Пісюк, Уладзімір Саўчук, Сцяпан Мацюк, Марыя Федасюк, Мікалай Бычак, Валерый Данілюк, Мікалай Зэлька, Васіль Качан, Сцяпан Каралюк, Мікалай Макарэвіч, Таццяна Сабалеўская, а таксама начальнік мясцовага аддзялення сувязі Марыя Гапанюк, слынны механізатар Пётр Гумянка ў 1972 годзе атрымаў вышэйшую ўзнагароду Савецкага Саюза – ордэн Леніна. Кожны з іх быў у вёсцы навідавоку сваіх сяльчан, сумленным у працы, акуратным ва ўласнай гаспадарцы, рупіўся за парадак вакол сябе, за прыгажосць роднай зямлі, так што ўзнагароды ў іх заслужаныя.
Успамінаюцца імёны старшыняў мясцовай гаспадаркі і Азяцкага сельсавета.
Словы ўдзячнасці сённяшнім вяскоўцам сказалі старшыня Азяцкага сельвыканкама Ларыса Харс і дырэктар ПУАП “Азяты” Уладзімір Пашкевіч.
Ларыса Уладзіміраўна Харс, у прыватнасці, заўважыла: “У аграгарадку пражывае 553 чалавекі. І цяперашняе маладое пакаленне ўмее рупліва працаваць, падтрымліваць чысціню і парадак, пра што сведчыла дружная падрыхтоўка да свята. Яны рупяцца аб будучыні малой радзімы, гадуюць дзетак, а яшчэ гэта людзі творчыя і таленавітыя, умеюць шанаваць гісторыю сваёй зямлі, памятаюць пра ўсіх, хто выйшаў з яе ў вялікае жыццё. Дзякуй вам за гэта, верце ў дабро, яно заўсёды перамагае”.
500 ГАДОЎ! Так доўга жыве вёска, бо ў ёй не перарываецца повязь пакаленняў. У Азятах паважаюць старажылаў, шчыра радуюцца нараджэнню дзяцей і не шкадуюць цёплых слоў у адрас маладых, шануюць трывалыя сем’і. Віншаванні на свяце атрымалі залатыя юбіляры сямейнага жыцця – сем’і Васіля Георгіевіча і Валянціны Іванаўны Левых, Уладзіміра Андрэевіча і Веры Якаўлеўны Ляшчынскіх; сярэбраныя юбіляры – Сяргей і Ларыса Канапалюк, Сяргей і Алёна Андрасюк, Віталь і Іна Шкарупа, Валерый і Наталля Максімовіч, Генадзь і Тамара Карогвіч. Гэтыя сем’і аб’ядналіся 50 і 25 гадоў таму і жывуць у згодзе і павазе адзін да аднаго. Яны выхавалі і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё дзецям, а цяпер многія аддаюць сваё цяпло і ласку ўнукам.
З задавальненнем віталі на свяце аднаго з самых старэйшых жыхароў Азятаў Аляксея Філі-монавіча Гумянку, які ў ліпені адзначыць свой 93-ці дзень нараджэння, і самага малодшага Цімафея, які нарадзіўся 22 студзеня 2016 года ў сям’і Дзмітрыя і Наталлі Лось. Ім былі ўручаны падарункі і сказаны цёплыя словы першым намеснікам старшыні аблвыканкама Мікалаем Токарам.
З якімі б выпрабаваннямі не сутыкаўся чалавек у жыцці, але заўсёды супакаенне сваёй душы ён знаходзіць у веры продкаў. Не так даўно адзначыў свой 145-гадовы юбілей сучасны Свята-Мікалаеўскі храм. Да азятчукоў з цёплымі словамі звярнуўся яго настаяцель айцец Вадзім і выказаў удзячнасць усім, хто шануе векавыя традыцыі, паважае гісторыю сваёй малой радзімы. Узгадаў паэта, гісторыка, педагога, этнографа Юліяна Крачкоўскага, які рабіў усё для таго, каб захаваць беларускія традыцыі. Яго працы былі накіраваны на дастойнае выхаванне сям’і і моладзі. А яшчэ ён добрае слова сказаў пра Івана Захаравіча Петручука, які з 1947 года служыў Богу, заклікаў рупліва працаваць, маліцца і рабіць дабро.
МУЗЫКА, песні, рукадзелле, выпечка – усё было ў гэты дзень, які стаў для вяскоўцаў сапраўды цудоўным святам дзякуючы яго арганізатарам, удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Не пераводзяцца ў аграгарадку таленавітыя майстрыхі. Чаго вартае майстэрства і залатыя рукі тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Азяцкая спадарыня”! Пераможцай яго названа Ніна Нікалаюк за яркія адметныя вышыванкі. Адзначаны ў конкурсе таксама Алена Хамук, Любоў Андрасюк і Валянціна Андрасюк.
І яшчэ адзін штрых да азяцкага юбілею. Арганізатары ўрачыстасці паклапаціліся пра гасцявую кнігу, дзе можна было пакінуць водгук пра мерапрыемства. Паверце, іх назбіралася вельмі многа, на свята завіталі госці не толькі з Жабінкаўшчыны, Брэста, а й нават з Іркуцка, Волагды, Чарнаўцоў, Мінска… Некаторыя прызнаваліся, што ўпершыню на гэтай зямлі, аднак ім тут вельмі цікава, усё арганізавана на вышэйшым узроўні, дзякавалі за гасціннасць. Запіс Івана Сцяпуры прыводжу поўнасцю: “Нізкі паклон сяльчанам за добрую памяць аб продках. Той, хто памятае сваю гісторыю, заўсёды будзе жыць дастойна. Усім здароўя і доўгіх гадоў жыцця”.
Свята гуляла дапазна. Працавалі пляцоўкі для дзяцей (паскакаць можна было на батутах, пакатацца на кані, паназіраць за выступленнем конна-патрыятычнага клуба “Белая Русь”, пагуляць з роставымі лялькамі Жабінкаўскага ГДК), выязны гандаль.
Азятчукі весяліліся, святкавалі, дзяліліся ўспамінамі і радаваліся жыццю.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*