Велапрабег узбагаціў ведамі і аздаравіў

Велапрабег узбагаціў ведамі і аздаравіў

IMG_20160509_134706

“У здаровым целе – здаровы дух”. Гэтую народную мудрасць шануюць і не забываюць выкарыстоўваць у сваім жыцці моладзь і людзі шаноўнага ўзросту, не гаворачы пра выхаванцаў садоў і вучняў школ.

9 мая адразу пасля мітынга “Подзвіг твой, салдат, бессмяротны” група жабінкаўцаў накіравалася ў велапрабег па памятных мясцінах раёна. Арганізатарамі мерапрыемства былі прэзідыум Савета Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і прафкамы раённых і пярвічных прафсаюзных арганізацый. Велапрабег праводзіўся з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, выхавання ўзаемавыручкі і патрыятызму, далучэння работнікаў да рэгулярных заняткаў фізкультурай і спортам, да актыўнага і карыснага адпачынку, умацавання здароўя на экалагічна чыстым сродку руху.
Упершыню такое мерапрыемства праводзілася ў 2015 годзе. Як і сёлета, яно прысвячалася Святу працы і Дню Перамогі. 30 чалавек, хто любіць веласпорт, накіраваліся па заранёў распрацаваным маршруце: Жабінка – Рудка – аг. Хмелева – Жыцінь – Шпіталі – аг. Сцяпанкі – мемарыяльны комплекс Драмлёва – Вялікія Сяхновічы – Новыя Дворы – Жабінка.
– Сёлетні велапрабег быў працягласцю амаль 40 кіламетраў, – расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. – На старт выйшлі сябры прафсаюзнага руху ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” і “Жабінкаўскі цукровы завод”, дыстанцыі пуці, ФАУ “Спарткомплекс “Бадзёрасць” і УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца”, электрычнай сувязі, іншых. Найбольш было веласіпедыстаў з жыллёва-камунальнай гаспадаркі і цукровага завода. Сярод вопытных “ездакоў” звяртаў на сябе ўвагу і маленькі Акім Буткоўскі, што зручна ўладкаваўся ў сядзенні перад татам Русланам Леанідавічам, які працуе ў ЦБУ №402 г. Жабінка ААТ “Белінвестбанк”. Хоць маршрут быў цяжкім, праходзіў у асноўным па гравійцы, маленькі ўдзельнік пад уважлівым і клапатлівым наглядам бацькі вытрымаў яго на “выдатна”, як і ўсе веласіпедысты.
Першы прыпынак удзельнікі маршруту зрабілі ў Хмелеве на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага мужчынскага манастыра, дзе яны пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення духоўнага комплексу, прыклаліся да абразоў і з блаславення святара накіраваліся далей. Ля помніка, што побач з адміністрацыйным будынкам СВК “Хмелева”, хвілінай маўчання і ўскладаннем вянка ўшанавалі памяць 97 землякоў з вёсак Рачкі, Рудка, Сакалова, Селішча і Хмелева, якія загінулі на вайне.
Далей шлях пралягаў паўз Жыцінь, Шпіталі, Сцяпанкі, Вялікія Сяхновічы, Новыя Дворы і, канечне, да месца былога Драмлёва. Тут з хваляваннем глядзелі веласіпедысты на скульптуры трох жанчын у смутку, што сядзяць на валунах і сімвалізуюць тры пакаленні. Комплекс узведзены на месцы вёскі Драмлёва, дзе ў агні згарэлі 196 жанчын, старых і дзяцей і якая не адрадзілася з попелу. Тут і ў іншых мясцінах, дзе былі закатаваны альбо расстраляны воіны ці вяскоўцы, удзельнікі велапрабегу схілялі галовы ў смутку і журбе і ўскладвалі вянок.
Апошні прыпынак быў ля помніка на гарадскіх могілках па вуліцы Міру. Ізноў гучаць шчымлівыя словы пра тое, што здарылася тут у гады ваеннага ліхалецця, а таксама ўдзячныя словы тым, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай краіны, разграміў ворага ў яго логаве. Адсюль веласіпедысты, крышачку стомленыя, але з пачуццём выкананага абавязку – ушанавання памяці воінаў-вызваліцеляў –
накіраваліся ў парк, дзе праходзілі святочныя мерапрыемствы.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro