“Прыкіпела” да фермы душою…

“Прыкіпела” да фермы душою…

_DSC1354

Жывёлавод з СВК “Хмелева” Тамара Мікалаеўна Дзенісовіч (на здымку) з кагорты тых людзей, якія душою хварэюць за свой участак работы, адказна ставяцца да выканання працоўных абавязкаў.

Няўрымслівая, рухавая жанчына па-іншаму працаваць проста і не ўмее:
– Не з маім характарам рабіць нешта абы-як, – кажа руплівіца. – Дый на ферме гэта недапушчальна. Маленькія цяляткі клопат любяць. Абыякавасці і неахайнасці тут не месца… Мяне маці так вучыла, а я – сваіх дзяцей.
Усё яе жыццё прайшло, бадай, на ферме.
Маці Алена Ільінічна Андрасюк гадавала цялят, тата ў былым калгасе “Радзіма” быў нязменным аратым і сейбітам. Чацвёра іх дзяцей як маглі дапамагалі бацькам. Прывучыліся з маленства рупіцца, не цураліся сялянскай працы.
Таму, калі пабраліся шлюбам з Пятром Дзенісовічам, асабліва не разважалі і вырашылі застацца ў вёсцы. Калі нарадзілася першая дачка, былы старшыня Віктар Сыч дапамог атрымаць дыхтоўны домік у вёсцы Рудка. Муж уладкаваўся трактарыстам, а Тамара, як і маці, – цялятніцай. Яе парады, веды і вопыт вельмі спатрэбіліся дачцэ.
У дождж, снег або спякоту фактычна без выхадных на працягу апошніх 27 гадоў Тамара Мікалаеўна спяшаецца на ферму, дзе яе з нецярпеннем чакаюць гадаванцы – звычайна па 90-115 галоў ва ўзросце ад 10 дзён. Маладняк у яе групе ў сярэднім за суткі прыбывае ў вазе на 1143 грамы. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне. Жанчына дарошчвае цялят да 150 кілаграмаў і перадае іншай цялятніцы. Клопату з маленькімі хапае: напаіць цёплаю вадою і малаком, насыпаць камбікорм, раздаць сена і сянаж, падаслаць.
– Зараз працаваць на ферме – любата, – расказвае жывёлавод. – Трактарам гной з клетак выштурхоўваюць, сянаж і сена падвозяць тэхнікай. А раней гной віламі выкідвалі, сянаж з ямкі ўручную на воз грузілі. За дзень так стамляліся – ні рук, ні спіны не адчувалі… Цяпер многае механізавана, лягчэй стала. Ветурачы пастаянна кантралююць стан жывёлы, вітаміны маладняку даюць, аб якасці і збалансаванасці кармоў таксама клапоцяцца. Асабліва сочым за цялушкамі. Яно і зразумела – пройдзе зусім нямнога часу, і яны папоўняць малочны статак. Вось гэтага моманту расстання заўжды баюся і плачу. За час, пакуль яны стаяць у клетках, паспяваю прывыкнуць і расставацца з імі шкада… Люблю іх моцна і перажываю за кожнае цялятка.
Тамара Мікалаеўна з радасцю дзеліцца сваім вопытам з калегамі – Людмілай Чмуневіч, Валянцінай Рыкавай, ад якіх прымае гадаванцаў, і напарніцай Людмілай Андрасюк. Агульнымі клопатамі і намаганнямі жанчыны вырошчваюць ладных бычкоў і цялушак.
Тамара Дзенісовіч раней паспявала ўвіхацца і на ўласным падворку: трымала кароў, свіней, свойскую птушку. Цяпер, калі дачка Таццяна пераехала жыць з сям’ёю ў аграгарадок Ленінскі, а сын Сяргей з жонкай і дзецьмі Іллёй і Ягоркам – у Жабінку, неабходнасць мець рагулю адпала, ужо лягчэй стала. Дый амаль тры дзясяткі гадоў, аддадзеных цяжкай працы, падкасілі здароўе.
– Набліжаецца пенсійны ўзрост, можна нарэшце і адпачыць, заслужыла, – разважае жанчына. – Ды не магу я без фермы – “прыкіпела” да цялят. Пакуль будуць сілы, папрацую яшчэ. Гэтай справе аддала сваё жыццё і ні кропелькі не шкадую, бо заўжды працавала сумленна.
Таму й не дзіўна, што імя Тамары Мікалаеўны Дзенісовіч занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. В материалах Светланы Беляк всегда есть душа! Так держать! Здорово, что газета рассказывает о людях труда так тепло и искренне.

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro