Родапачынальнік дынастыі мастакоў

Родапачынальнік дынастыі мастакоў

10 6 5 4 3 2 1Жыццё зямное – непаўторны дар,
Дзе кожны дзень і творчасць, і натхненне.
Алесь Звонак.

Спадзяюся, у памяці многіх жабінкаўцаў застаўся вясёлы Мішка з гармонікам, зроблены са снегу, які сустракаў наведвальнікаў раённай бальніцы. Пад час размовы са стваральнікам ляснога госця, Васілём Кліменцьевічам Панько, даведалася: рабіць цудоўныя фігуры са снегу – далёка не адзінае захапленне нашага земляка. З юнацтва вабяць яго маляванне, чаканка, выпальванне і разьба па дрэве. Каб убачыць ягоныя карціны, вырабы і расказаць чытачам яшчэ пра аднаго таленавітага чалавека Жабінкаўшчыны, завітала ў госці да Васіля Кліменцьевіча.
Сцены пакояў гэтага гасціннага дома ўпрыгожаны рознымі выявамі: пастушок нешта шэпча сваёй сяброўцы-страказе, дзяўчына адважна трымае лук і стрэлы і нечым нагадвае багіню палявання Артэміду са старажытнагрэчаскай міфалогіі, аленіха трывожна ўглядаецца ўдалячынь, пакуль побач яе дзіцяня ласуецца траўкай… І яшчэ безліч цудоўных работ з дрэва і медзі, прыгожых карцін, вобразы на якіх нібыта жывыя.
Маляваць Васіль Панько пачаў у школьныя гады. Вучыўся ў першай гарадской школе, якая месцілася тады ў цяперашнім будынку раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Пасля дзесяцігодкі быў прызваны ў армію, служыў тры гады пад Бранскам. Любімы занятак не пакідаў і там: адказваў за выпуск насценнай газеты “На баявым пасту”. Васіль Кліменцьевіч успамінае, з якім задавальненнем ён браўся за гэтую справу. Ягоныя творчыя здольнасці і напорыстасць далі вынік: на конкурсе насценгазет“На баявым пасту” была прызнана лепшай і прынесла сваёй ваеннай часці першае месца.
Наступным важным этапам у жыцці земляка стала вучоба ў тэхнічным вучылішчы Бранска, дзе атрымаў прафесію памочніка машыніста пасажырскіх цягнікоў, там і застаўся працаваць на чыгунцы. Цягнікі, якія вадзіў ён, спяшаліся ў Калугу, Малаяраславец, Харкаў і іншыя гарады. Здаецца, што навучанне ў такой установе ніяк не магло дапамагчы развіццю творчых здольнасцяў Васіля Кліменцьевіча, але ён прызнаецца ў іншым. Успамінае цікавую цяслярную практыку, дзе спазнаў асновы апрацоўкі дрэва. Гэтыя веды спатрэбіліся яму пры стварэнні цудоўных вырабаў з драўніны.
На ўсё жыццё ў памяці сустрэча, якая паўплывала на яго і падаравала ўпэўненасць у сваіх сілах і здольнасцях. У Бранску Васіль Кліменцьевіч пазнаёміўся з мастаком, які працаваў у лакаматыўным дэпо афарміцелем. Тут ён часта праводзіў вольны час, назіраючы за карпатлівай творчай працай свайго новага сябра і настаўніка. Васіль Панько адкрываў сакрэты малявання, спазнаваў яго нюансы, намагаўся адчуць увесь унутраны свет мастацтва, які тоіцца ў пакоі майстра. Ён з вялікім хваляваннем паказаў некаторыя свае работы мастаку. Той адзначыў наяўнасць сапраўднага таленту ў Васіля Панько і прапанаваў яго развіваць.
У 1966 годзе Васіль Кліменцьевіч разам з жонкай Аляксандрай Іванаўнай і маленькай дачушкай Танечкай развітваюцца з Бранскам і вяртаюцца ў Жабінку. На малой радзіме гаспадар сям’і прадаўжае працаваць на чыгунцы і вучыцца далей у Гомельскай дарожна-тэхнічнай школе. Пасля яе заканчэння займае пасаду машыніста. Нягледзячы на жыццёвыя клопаты, складанасці, Васіль Панько заўсёды знаходзіць час для сваіх любімых творчых заняткаў.
Яго можна назваць яшчэ й майстрам чаканкі. Гэта адзін з варыянтаў мастацкай апрацоўкі металу. Васіль Кліменцьевіч звычайна выкарыстоўвае медзь, загадзя робіць на паперы эскіз будучай работы. У сваіх вырабах адлюстроўвае прыроду, жаночую прыгажосць, цікавыя заняткі людзей, зазначае, што гэта вельмі карпатлівая праца: адна чаканка вырабляецца 3-4 дні.
А карціны, якія ўпры-гожваюць сцены пакояў, былі створаны на палатне алейнымі фарбамі. Перавагу аўтар аддае пейзажам. Сярод іх ёсць маляўнічыя месцы нашай Жабінкаўшчыны. Васіль Кліменцьевіч найбольш любіць адну са сваіх работ, дзе пад светлым ясным небам бяжыць рака Мухавец, ля берага якой у цені пакінулі свае лодкі рыбакі. Таксама маляваў рэпрадукцыі карцін знакамітых мастакоў. Амаль усе свае работы Васіль Панько раздарыў, таму дома іх засталося вельмі мала. Добра памятае прыгожага моцнага аленя ў яскравых промнях світанку, якога намаляваў спецыяльна для свайго сябра.
Бацькоўскі талент перадаўся дзецям – дачцэ Таццяне і сыну Алегу. Таццяна Васільеўна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава і звязала свае жыццё з маляваннем. Упершыню шырокая публіка ўбачыла яе работы яшчэ ў 1987 годзе. З тых часоў мастачка прайшла многа творчых этапаў і перыядаў станаўлення. Яе карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях не толькі Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Чэхіі, Малдовы, ЗША. Для бацькоў яна намалявала ў падарунак іх партрэты, якія нагадваюць ім аб былых часах і маладосці. Таццяна Лук‘ян больш за 25 гадоў аддала педагагічнай дзейнасці і зараз працягвае працаваць у Лідскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе перадае вопыт і майстэрства сваім навучэнцам. Яе падтрымліваюць муж Віктар і дачка Вольга – таксама мастакі. Іх карціны ведаюць у Расіі, Польшчы, Германіі, Славакіі, Венгрыі, іншых краінах. Васіль Кліменцьевіч вельмі ганарыцца творчым сямействам і ўскладае вялікія надзеі на свайго праўнука Дзімку. Хто ведае, можа, калісьці ягоныя карціны будуць знаходзіцца побач з прадзядулінымі.
Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
На здымку: Васіль Панько са сваёй любімай карцінай.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro