ВОБРАЗ ГОРАДА Ў БЕЛАРУСКІМ ВЫЯЎЛЕНЧЫМ МАСТАЦТВЕ

ВОБРАЗ ГОРАДА Ў БЕЛАРУСКІМ ВЫЯЎЛЕНЧЫМ МАСТАЦТВЕ

33332222

В.А.Дзёміна, 5 курс ФЭА БДПУ

навук. кір. – канд. філал. навук, дацэнт,

Н.Г.Мазурына

Горад у свядомасці мастакоў паўстае ў дваякім сваім абліччы: то як сімвал прагрэсу цывілізацыі, то як прадвеснік яе гібелі. У сувязі з бурным ростам гарадоў у XIX і асабліва ў XX стагоддзях, узнікненнем гіганцкіх мегаполісаў з іх шматмільённым насельніцтвам і складанымі сацыяльнымі праблемамі, абвастрылася і тэма ўрбанізму ў выяўленчым мастацтве.

Старыя майстры, што стваралі ў эпоху Адраджэння і на світанку Новага часу, любаваліся сваімі гарадамі, апявалі іх прыгожыя будынкі і плошчы, чароўныя куткі, ставіліся да гарадскога асяроддзя як да роднага, сяброўскага асяродку чалавека, па-за якім ён не мысліць свайго жыцця. Ужо ў творах сярэднявечных мастакоў, якія імкнуліся паказаць “відовішча свету зямнога”, прасочваюцца элементы гарадскога пейзажу.

Як самастойны жанр у мастацтве гарадскі пейзаж склаўся ў ХVIII стагоддзі ў творчасці венецыянскіх ведутыстаў А. Каналета, Б. Бялота, Ф. Гвардзі, работы якіх захапляюць раскошай архітэктурных ансамбляў позняга кватрачэнта, пышнасцю італьянскіх палацаў.

Новае выяўленне гарадскі пейзаж набыў у творчасці імпрэсіяністаў. На палотнах К. Манэ, К. Пісаро, А. Сіслея ўвасоблены вобраз Парыжа з прасторнымі плошчамі, шматлікімі кавярнямі і паркамі. Дынамічныя пабудовы, асіметрыя, эскізная манера пісьма, сілуэты мітуслівых прахожых, карэт, дрэў ствараюць цэласнасць і рытмічнае адзінства.

Трэба адзначыць, што гарадскія пейзажы беларускіх мастакоў увасобілі панарамы гарадоў і помнікі архітэктуры, што ўяўляюць неад’емную частку культурнай спадчыны Беларусі.

Адным з першых мастакоў-майстроў гарадскога пейзажа стаў Напалеон Орда, знакамітая і выдатная асоба ў гісторыі беларускай культуры і мастацтва. У шматлікіх сваіх графічных работах ён адлюстраваў непаўторную жывапісную панараму Беларусі з яе прыгожымі архітэктурна-ландшафтнымі краявідамі, творамі дойлідства: гарадской, местачковай і вясковай забудовай, храмамі і палацамі. Мастацкая спадчына Н. Орды ўяўляе сабой абагульнены вобраз Радзімы, ілюстраваную энцыклапедыю матэрыяльнай культуры. У яго творах яскрава прасочваецца жаданне данесці свае знаходкі і ўражанні ад вандраванняў да гледача. Для сваёй творчасці Н. Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэта тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа. Краязнаўцам быў выбраны адзіны фармат паперы (даўжыня каля 30 см), наклеенай на планшэтку.

Найбольш шырока ў творчасці мастака прадстаўлена гарадская архітэктура (больш за 30 малюнкаў). Па шэрагу гарадоў створана шырокая панарама шматстылёвай мураванай забудовы XIX ст.: у гэтай серыі малюнкі гарадоў Гродна, Віцебска, Мінска, Магілёва, Полацка, Пінска, Навагрудка, Нясвіжа, Турава, Свіслачы і інш. На малюнках Н. Орда амаль ніколі не абагульняў гарадскую забудову – кожны будынак надзелены вызначанай індывідуальнай характарыстыкай, вулічныя панарамы пададзены з вострых ракурсаў з вылучэннем архітэктурных дамінант.

Мастак-графік Анатоль Мікалаевіч Тычына па праву лічыцца першым песняром Мінска. Ён з’яўляецца патрыярхам беларускай каляровай лінагравюры. Мастаку чуйным і назіральным позіркам удалося ахапіць шматлікія тэмы і з’явы мінскай рэальнасці. Да канца свайго жыцця ён быў зачараваны сваім любімым горадам, маляваў яго алоўкам, тушшу, пастэллю, фламастэрам, выразаў у каляровых лінарытах: “Стары Мінск” (1922), “Плошча Волі” (1931), “У разбураным Мінску” (1945), “Ля сквера Янкі Купалы” (1957), “Палац Прафсаюзаў” (1971).

Вызначальная спецыфічная асаблівасць стварэння вобраза горада ў выяўленчым мастацтве Беларусі – шматбаковае выкарыстанне выяўленчых магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (колеравая гама), але існуе і жывапіс адценнямі аднаго колеру (манахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры жывапісу мастак стварае вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстраваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі.

У творчасці сучасных мастакоў гарадскі пейзаж таксама заняў годнае месца. І не выпадкова на мастацкіх выставах, у мастацкіх салонах і галерэях нязменнай увагай карыстаюцца гарадскія пейзажы – творы з выявамі архітэктурных помнікаў мінулага. Пачуцці і настроі ў гарадскім пейзажы, атмасферу ранішніх вуліц, дажджлівых або заснежаных маставых, таямнічую цішыню і загадкавае святло ліхтароў, адлюстраванне агнёў рэкламы і святла фар ад бясконцага патоку машын на плошчах адлюстроўвюць сучасныя мастакі, якія пранікліся ідэяй гарадскога пейзажу. Карціна алеем на палатне або графіка мастакоў здольныя паўнавартасна данесці да гледача незабыўныя вобразы любімых гарадоў і памятных месцаў Беларусі.

Ілюстрацыя 1. Н.Орда. Мірскі замак

Ілюстрацыя 2. А. Тычына. Стары Мінск. 1922.

Вікторыя Дзёміна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro