Радавы Вялікай Айчыннай

Радавы Вялікай Айчыннай

Герман Напярэдадні Дня Перамогі я хачу расказаць чытачам раёнкі пра свайго прадзядулю Ілью Еўдакімавіча Германа – радавога Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта такія, як ён, вынеслі ўсе нягоды ваеннага ліхалецця і здабылі Перамогу, заплаціўшы за яе непамерную цану. Мой аповед – гэта даніна памяці прадзеду і ўсім салдатам той Вялікай вайны.

Даведалася я пра яго з расказа маёй бабулі Ганны Ільінічны Нікалаюк. Неяк да яе прыехалі расійскія гісторыкі, каб сабраць матэрыял для кнігі пра Брэсцкую крэпасць. Яна расказала ім пра свайго бацьку Ілью Еўдакімавіча, які сустрэў вайну ў Брэсцкай крэпасці. Яе ўспаміны ўзрушылі мяне да глыбіні душы. Якую мужнасць і гераізм праявіў мой тады зусім яшчэ малады прадзядуля!

Да вайны Ілья Герман быў простым сялянскім хлопцам. Нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Азяты. Асвоіў прафесіі і шаўца, і ветэрынара. Ажаніўся, у маладой сям’і з’явіўся першынец. У 1941 годзе 20 мая прадзядулю забралі служыць у рады Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Служба праходзіла ў Брэсцкай крэпасці, у 333-ім Герман с семьеймінамётным палку, які размяшчаўся каля Паўночных варот.

Пра мужнасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці сёння ведаюць усе. Мяне ж заўсёды цікавілі тыя падзеі, што былі звязаны з маім прадзедам.

Наступленне праціўніка пачалося з мацнейшых артабстрэлаў. У іх выніку ўзнік пажар у кальцавой казарме, агонь ахапіў дах, гарэлі машыны 31-га аўтабата, памяшканні 333-га стралковага палка, казармы пагранічнікаў. Гэта быў “нейкай вар’яцкай сілы ўраган агню і сталі”, як назваў усё, што адбывалася, адзін са сведкаў. Для адступлення з крэпасці на ўсход можна было выкарыстоўваць толькі Паўночныя і Усходнія (Кобрынскія) вароты, пагэтаму вораг сканцэнтраваў на іх моцны артылерыйскі агонь.

На пяты дзень вайны абпалены прадзядуля трапіў у палон і быў вывезены ў Бяла-Падляску. Умовы былі такімі цяжкімі, што спроба збегчы з’яўлялася адзіным спосабам застацца жывым. Яна ўдалася. Прадзядуля неахвотна ўспамінаў першыя дні баёў за крэпасць, фашысцкі палон. За гэты час ён убачыў смерць у твар, на яго вачах загінулі многія таварышы. Ды і сам прайшоў па самым краі гібелі. Словы савецкага кіраўніцтва: “Наша справа справядлівая, перамога будзе за намі!” – сталі дэвізам у барацьбе з фашызмам.

Калі раны загаіліся, прадзядуля звязаўся з партызанамі атрада Міхаіла Чарнака і ўвайшоў у яго склад. Быў сувязным, удзельнічаў у ахове мірнага насельніцтва. Жонка Соф’я пякла для партызан хлеб.

У 1944 годзе Ілья Еўдакімавіч Герман быў мабілізаваны Жабінкаўскім РВК у шэрагі Чырвонай Арміі. Спачатку служыў у 26-ым запасным артылерыйскім палку, затым – у 50-ым

гвардзейскім цяжкім гаўбічным артылерыйскім палку. Словам, мой прадзядуля прайшоў вайну ад Брэсцкай крэпасці да Берліна – палову Еўропы. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі, Германіі.

Дома яго чакалі трое дзяцей і, паводле слоў прабабулі, старэйшы сын кожны дзень станавіўся перад абразом на калені і маліўся за бацьку як умеў. Напэўна, гэтыя дзіцячыя малітвы не адзін раз выратоўвалі яму жыццё.

Расказваць пра баявыя ўзнагароды майго прадзядулі справа нялёгкая. Сам сябе героем ён не лічыў. Да ордэнаў і медалёў адносіўся спакойна, не зберагаў у патаемным месцы, а даваў іх дзецям і ўнукам. З гэтай прычыны ў сям’і не захавалася ніводнай узнагароды, прый-шлося звяртацца ў раённы ваенны камісарыят і мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” з запытам, каб узнавіць дадзеныя пра ўзнагароды. У выніку даведаліся пра наступнае: Ілья Еўдакімавіч Герман быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Прагі”, “За ўзяцце Будапешта”, “За ўзяцце Берліна” і “За Перамогу над Германіяй”, а таксама юбілейнымі.

Узнагароды на вайне і пасля яе атрымлівалі за подзвігі, за праяўленыя мужнасць і гераізм, але мой прадзед ніколі не хваліўся імі, лічыў, што абарона Радзімы – абавязак кожнага чалавека.

Пасля вайны прадзядуля вярнуўся ў родную вёску, пабудаваў новы дом. Яго прызначылі загадчыкам жывёлагадоўчых фермаў, затым ён працаваў санітарам на ветэрынарным участку. На гэтай рабоце рупіўся да 80 гадоў.

Кожны год напярэдадні 9 Мая прадзед атрымліваў запрашэнне ў Брэсцкую крэпасць на свята. Наведваўся туды з мамай, дзецьмі і ўнукамі. Калі расказваў пра баі ў крэпасці, экскурсанты чулі гэты аповед, спыняліся і падыходзілі да былога салдата – сведкі тых жудасных падзей, каб паслухаць.

Ганаруся, што імя майго прадзядулі ўспамінаецца ў кнізе “Памяць. Жабінкаўскі раён”. Але, на жаль, там няма звестак пра яго ўзнагароды. Спадзяюся, што пры перавыданні кнігі яны будуць туды ўключаны.

Пражыў Ілья Еўдакімавіч Герман сумленна і высакародна да шаноўнага ўзросту – 86 гадоў. Успаміны пра яго дазволілі мне прайсці франтавымі дарогамі ра-зам з радавым салдатам Вялікай Айчыннай.

Аляксандра МАРТЫНЧУК, жыхарка Жабінкі.

На здымках: Ілья Еўдакімавіч

з сям’ёй; І.Е.Герман.

Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro