З павагай да ветэранаў

З павагай да ветэранаў

IMG_8861Афіцыйным арганізатарам правядзення на Жабінкаўшчыне рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Тут жыве ветэран” выступіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, якое ўзначальвае начальнік інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне Любоў Іванаўна Ярмашук. У яе рамках актывісты ГА “БРСМ” і ГА “БРПА” раёна наведваюць ветэранаў і ва ўрачыстай абстаноўцы прымацоўваюць да іх дамоў ці побач з кватэрамі памятныя таблічкі “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!” Гэтая акцыя ўнікальная, бо дае магчымасць яе ўдзельнікам – моладзі – дакрануцца да гісторыі, пачуць пра ветеранпадзеі вайны з першых вуснаў.

На здымках: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Аляксандравіч Вашчук разам з жонкай Надзеяй Іванаўнай сустракаюць у сваім двары актывістаў ГА “БРСМ” першай гарадской школы; сябры

ГА “БРСМ” СШ №3 г. Жабінка прыйшлі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Настассі Фёдараўны Бязгодавай.

Фота з архіва першай школы

і Святланы КІСЛАЙ.

 

Каб нашчадкі памяталі

Зусім мала засталося тых, хто быў сведкамі пачатку Вялікай Айчыннай вайны,  хто са зброяй у руках змагаўся за свабоду Радзімы, працаваў да знямогі ў тыле, хто перажыў цяжкія гады акупацыі. Каб засталіся ў памяці нашчадкаў тыя падзеі, каб яны ведалі, якой цаной дасталася Вялікая Перамога, навучэнцы ліцэя сумесна з раённым гісторыка-краязнаўчым музеем пачалі праект “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”, які стартаваў 2 сакавіка бягучага года на цырымоніі ўганаравання пераможцаў раённай віктарыны, прысвечанай юбілею Тадэвуша Касцюшкі. У ходзе рэалізацыі праекта запланаваны  краязнаўчыя экспедыцыі і паходы па Жабінкаўскім раёне, арганізацыя сустрэч з тымі, хто ў гады ваеннага ліхалецця быў дзіцём ці падлеткам, збор біяграфічных, дакументальных матэрыялаў, фотаздымкаў, чым зай-маюцца навучэнцы 10-11 класаў ліцэя.

Вынікам работы стане альбом з аднайменнай назвай, дзе змесціцца ўвесь сабраны матэрыял. Альбом будзе захоўвацца ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Да сённяшняга дня ўжо былі арганізаваны дзве экспедыцыі і некалькі сустрэч з відавочцамі падзей. У гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча з былым вязнем Зінаідай Маркаўнай Баярчук. Група ліцэістаў запісала ўспаміны жанчыны, якая ў дзяцінстве разам з бацькамі была выгнана ў Германію на прымусовыя работы. А былога вязня – Ганну Дзмітрыеўну Пятручык – мы наведалі дома. Яна расказала пра гады, праведзеныя на чужыне, паказала свае дакументы і ўзнагароды.

Незабыўнай засталася сустрэча ў ліцэі з сябрамі клуба “Суразмоўнік” Раісай Міхайлаўнай Маргевіч, Верай Іванаўнай Вайцюк, Зояй Мікалаеўнай Яроцкай і Яўгеніяй Васільеўнай Сасноўскай. Мы пачулі чатыры гісторыі аб тым, як кожная з жанчын сустрэла вайну, як перажыла страшныя гады. Былым сведкам тых падзей імпануе, што маладое пакаленне праяўляе цікаўнасць да гэтай тэмы.

Праз газету хачу звярнуцца да чытачоў “Сельскай праўды”. Калі ў вас ёсць інфармацыя пра родзічаў ці блізкіх людзей, якая можа быць уключана ў праект, тэлефануйце на нумар +375 33 67-00-920.

Эліна ЧАРНЕЦКАЯ, настаўніца гісторыі гарадскога ліцэя.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro