Не нюхалі франтавога пораху

Не нюхалі франтавога пораху

_DSC3935

Вялікая Айчынная вайна… Яна ў памяці ветэрана, які змагаўся на фронце або ў партызанскім атрадзе; працаўніка тылу, які аддаваў усё дзеля Перамогі; жанчыны, якая штодзень малілася за свайго мужа або сына, што былі на перадавой; падлетка, які нароўні з дарослымі змагаўся з ворагам; нават дзіцяці, міжволі ўцягнутага ў гэты вялікі жах.

 

У сям’і пажылых людзей, Веры Васільеўны Місіюк і Міхаіла Герасімавіча Герасімава, што сышліся чатырнаццаць гадоў таму для сумеснага жыцця, вайна ў памяці кожнага. Гаспадыня, нара-джэнка Залуззя, памятае, як насіла запіскі ад свайго таты, які быў бакеншчыкам, людзям, што прыходзілі з лесу. Схованкаю былі шчыльныя шкарпэткі на худзенькай дзіцячай ножцы. Ніхто і не здагадваўся, што шчупленькая дзяўчынка з лялькаю ў руках ёсць юная сувязная. У памяці Веры Васільеўны і іншы выпадак. Чужынцы завіталі ў двор яе бацькоў, а ўсе ў сям’і ведалі, што на вышках у гумне схаваны міны. Ох, і было страху! Тату прыйшла думка размаляваць тварык маленькай Веры чырвоным, накшталт фуксіну, і каб тая высунулася ў акно. Немцы заўважылі і хуценька сышлі з двара, таму што баяліся падхапіць якую-небудзь хваробу. Словам, хітрыкі выратавалі сям’ю. Каб пачаўся вобыск, то не абышлося б без смерці, найхутчэй бацькавай.

Міхаілу Герасімавічу пад час вайны ад нараджэння было 17, і ў 1944 годзе яго прызвалі ў армію. Аднак на фронт баец не трапіў у адрозненне ад свайго стрыечнага брата Міхаіла Ліпусціна, якому ён і цяпер зайздросціць, што той паспрабаваў франтавога пораху, гнаў фашыстаў у іхняе логава.

“Я тады быў малады, энергічны, сапраўдны патрыёт, так хацелася здзейсніць гераічны ўчынак, каб было пра што расказаць унукам”, – гаварыў суразмоўца. Калі нагадала, што мог бы не вярнуцца з фронту, з усмешкай дадаў: “Мае бацькі дажылі амаль да ста гадоў, і мяне куля не злавіла б. А то служыў у тыле, на Сахаліне, дзе ахоўваў прадуктовыя склады. Не такая і лёгкая была служба, асабліва ў памяці пераезд нас жаўтаротых з Цюмені, дзе мы прызываліся. “Дзяды” здзекаваліся з нас, марылі голадам, даводзілася гандляркам прадаваць што-небудзь з вопраткі, каб супыніць голад. Як дабраліся да месца дыслакацыі, то афіцэр, здаецца палкоўнік Мамаеў, жахнуўся ад нашага выгляду. Калі стала вядомай прычына, загадаў ра-забрацца. У двух вагонах тымі, хто нас суправаджаў, былі прыхаваны вялізныя запасы прадуктаў”.

Служба ў войску ў Міхаіла Герасімавіча доўжылася сем гадоў. Быў ён стралком у арміі, тэлефаністам, мае пасведчанне тылавіка і даплату ў 15 працэнтаў да пенсіі.

Пасля тэрміновай службы Міхаіл Герасімаў асвойваў цаліну: займаўся ворывам, сеяў, убіраў хлеб. Так здарылася, што ў 36 гадоў захварэў на бранхіяльную астму, дый сям’я ў гэты час распалася. Дактары прапанавалі змяніць месца жыхарства праз хваробу. Міхаіл Герасімавіч не мог і падумаць, што лёс прывядзе яго ў Беларусь, на жабінкаўскую зямлю. Праўда, аб гэтым цяпер не шкадуе. Прызнаецца, што ўрач Тадэвуш Уладзіслававіч Герасімчык падлячыў яго, дый клімат, відаць, спрыяў. Былі 70-ыя гады мінулага стагоддзя. Шанцавала яму на Жабінкаўшчыне: новая сям’я прыжылася, з працаўладкаваннем ладзілася: быў ён і таваразнаўцам, і будаўніком, і грузчыкам на цукровым заводзе. Любую працу выконваў сумленна.

Гады бяруць сваё. Калі раней Міхаіл Герасімавіч у Дзень Перамогі заўсёды быў у святочнай калоне ўдзельнікаў, ветэранаў, партызан, тылавікоў вайны, то цяпер хворыя ногі вымушаюць больш сядзець дома, жыць успамінамі, прымаць у госці дзяцей, унукаў, праўнукаў. У свае крыху больш за 88 гадоў ён жыццярадасны, любіць жартаваць і радуецца, што лёс да яго зычлівы.

Людміла КОСЦІНА.

На здымку: Вера Васільеўна Місіюк і тылавік Міхаіл Герасімавіч Герасімаў.

Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro