Подзвіг салдата бессмяротны

Подзвіг салдата бессмяротны

Дзень 9 Мая – адно са святаў, якое збірае да памятных мясцінаў прадстаўнікоў розных пакаленняў, таму што няма ніводнай сям’і ў Беларусі, якую абышла б вайна. Яна была Вялікай Айчыннай і ўсенароднай. Памяць пра яе не павінна знікнуць, згубіцца за іншымі гістарычнымі падзеямі. Тым больш, што з кожным годам усё меншае людзей, якія ўдзельнічалі ў баях ці працавалі ў тыле для Перамогі. Меншае таксама й тых, хто не дачакаўся з фронту сваіх блізкіх, іх пераможнага вяртання дадому. Але памяць пра подзвіг вядомых і безыменных герояў вайны жыве ў сэрцах моладзі, якая пра пакуты і жахі ведае толькі з кінафільмаў і кніжак.

Дарэчы, сёлетняе святкаванне 71-ай гадавіны Вялікай Перамогі ў Жабінцы таму пацвярджэнне. Ніколі так многа, здаецца, не збіралася людзей на мітынг, які традыцыйна праводзіцца ля помніка загінулым воінам і партызанам, дый на іншыя мерапрыемствы святочнага дня. Асабліва многа было моладзі, вучняў, што пацвярджае повязь пакаленняў, жаданне юнакоў і дзяўчат выказаць глыбокую ўдзячнасць за мужны, гераічны воінскі подзвіг, які здзейснілі вы, ветэраны Айчыннай, у імя шчасця іншых людзей, у імя мірнага неба над нашымі галовамі.
Традыцыйна шэсце святочнай калоны пачалося ад райвыканкама. Сёлета ўпершыню ў ёй ішоў “Бессмяротны полк”: каля 40 чалавек неслі партрэты сваіх родзічаў, знаёмых, якіх ужо няма сярод нас. Распытваю некаторых пра тых людзей, што на фотаздымках.
Валерый Зубік прызнаўся, што трымае ў руках партрэт свайго дзядулі Сцяпана Захаравіча, які разам са сваім братам Рыгорам пайшоў на фронт у 1944 годзе. Праз некалькі месяцаў сям’я атрымала паведамленне аб тым, што нараджэнец з Волькі Ляхавіцкага раёна прапаў без вестак ва Усходняй Прусіі. Загінуў і ягоны брат. Валерый Канстанцінавіч дадаў, што з ягонай роднай вёскі з фронту не вярнуліся 70 чалавек, склалі галовы ў барацьбе з фашызмам.
А вось адзін з самых юных удзельнікаў “Бессмяротнага палка” Канстанцін Скрыпка, які расказаў: “Гэта мая прабабуля Гаор Габрыэлаўна Шэлюх. Пад час вайны ёй было 18 гадоў і жыла яна ў Баку. Яе забралі ў армію ў полк аэрастатных агароджаў. Яна разам з іншымі маладымі людзьмі рабіла ўсё для таго, каб фашысты не разбамбілі нафтавыя вышкі.

Тут дзяўчына сустрэла сваё каханне і стала жонкаю такога ж байца, як сама, Мікалая Шэлюха. У 1945 годзе ад гэтага кахання, як расказвала нам бабуля Валянціна, нарадзіўся дзядуля Канстанцін”.
Некалі актыўным няштатным фотакарэспандэнтам раёнкі быў Мікалай Гранік. У калоне ягоны партрэт нёс адзін з вучняў другой гарадской школы. Мікалай Апанасавіч у гады вайны быў байцом і сувязістам, старшыной і падпольшчыкам партызанскага атрада імя Кірава Брэсцкага злучэння. Удзельнічаў у рэйкавай вайне, у аперацыі “Баграціён”. Яго мужнасць у барацьбе з фашызмам адзначана медалямі “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і “Партызану Айчыннай вайны”.
Унук Віталь Лютэнка расказаў мне пра свайго дзядулю Георгія Рыгоравіча, які вызваляў Кёнігсберг, Гданьск, паўночную частку Германіі, перайшоў Одэр і закончыў вайну, калі ягоная часць злучылася з саюзнікамі, у прыватнасці, войскамі ЗША. За баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнамі Славы ІІ і ІІІ ступеняў, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга” і “За вызваленне Варшавы”.
Пазнаваліся на фотапартрэтах і іншыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Вольга Аксенцьеўна Андрасюк, Сяргей Уладзіміравіч Курачкін.., з якімі даводзілася неаднойчы сустракацца на святах, а таксама на працы.
10.30 гадзін раніцы. Мітынг “Подзвіг твой, салдат, бессмяротны” аб’яўляецца адкрытым. Слова для прывітання даецца старшыні райвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму, які віншуе з 71-ай гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, да якой нашы бацькі, дзяды і прадзеды ішлі доўгія чатыры гады. Ён сказаў: “У народнай памяці назаўсёды захаваліся самаадданасць і мужнасць тых, хто вытрымаў цяжкія выпрабаванні і перамог у самай жорсткай вайне мінулага стагоддзя. У кровапралітных баях лета 1941-га пачаўся адлік дням, якія набліжалі свет да будучай перамогі над фашызмам. Ужо ў першых пагранічных баях на беларускай зямлі гітлераўцы сустрэлі супраціўленне, якога не адчулі ні ў адной з ваенных кампаній у Еўропе. Байцы Брэсцкай крэпасці, абаронцы многіх гарадоў і населеных пунктаў паказвалі цуды гераізму. Большасць насельніцтва нашай краіны ўзнялася на барацьбу з ворагам, на франтах змагаліся больш як 1 мільён 300 тысяч беларусаў, у тыле на абарону працавала прыкладна паўтара мільёна эвакуіраваных жыхароў нашай краіны. Пачынаючы з 1942 года і да канчатковага выгнання акупантаў з нашай зямлі, партызанскія атрады сталі суроваю сілаю на шляху ворага.
За мірнае, свабоднае жыццё Беларусь заплаціла страшную цану і пацярпела як ніводная краіна ў свеце. У агні вайны згарэлі жыцці і лёсы кожнага трэцяга беларуса. Больш як 800 тысяч салдат і афіцэраў загінулі на фронце, гітлераўцы знішчылі больш чым 2 мільёны 200 тысяч жыхароў краіны, звыш 380 тысяч выгналі ў рабства. Акупанты разбурылі больш чым 5 тысяч населеных пунктаў, у тым ліку 209 гарадоў і пасёлкаў, 628 вёсак былі спалены разам з жыхарамі. На жаль, гэты трагічны лёс выпаў і на долю вёскі Драмлёва. У нашым раёне за тры гады былі расстраляны, павешаны, замучаны, спалены каля дзвюх тысяч мірных жыхароў”.
З удзячнасцю ў сэрцы мы прыходзім да вечнага агню і помнікаў у дні святаў і ў будні; прыходзім да тых, хто загінуў за вызваленне народа. Прыходзім з тымі, хто застаўся жывым. На жаль, толькі 36 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны пражываюць у нашым раёне. Слова ад іх імя сказала на мітынгу ветэран педагагічнай працы, удзельніца тылу Ганна Давыдоўская. Ганна Пракопаўна адзначыла, што подзвіг салдата-франтавіка, падпольшчыка, партызана ні з чым не параўнальны, але ёсць і яе ўклад: яна працаўніца тылу ў Алтайскім краі, дзе кавалі зброю з металу без сну і адпачынку. А яшчэ яна заклікала моладзь любіць сваю Радзіму, працаваць сумленна, прымнажаць яе багацце, шанаваць памяць пра тых, хто здабыў свабоду і незалежнасць для будучых пакаленняў.
Са словамі ўдзячнасці да ветэранаў звярнулася дзесяцікласніца першай гарадской школы Юлія Галоўчык. Яна адзначыла: “Салдаты падаравалі чыстае неба ўсёй планеце, час бяжыць як вада ў рэках, але памяць застаецца. Свет не павінен забываць былое, страшную трагедыю вайны, якая калечыць жыцці і лёсы людзей”. Дзяўчына таксама запэўніла, што маладое пакаленне ніколі не забудзе гераізм і мужнасць тых, хто застаўся ляжаць на чужыне, склаў галаву за светлую будучыню Беларусі.
Хвілінай маўчання, ускладаннем вянкоў і кветак да мармуровых пліт ад удзячных нашчадкаў, зброевым залпам ушанавалі ўдзельнікі мітынгу памяць сыноў і дачок, бацькоў і дзядоў, братоў і сясцёр, аднапалчан, сяброў, якія не вярнуліся з вайны.
Гучыць гімн Беларусі, мітынг заканчваецца, але святочныя мерапрыемствы пераносяцца ў іншыя мясціны Жабінкі.
У гонар вызваліцеляў і салдат Перамогі адразу пасля мітынгу стартаваў раённы велапрабег па месцах баявой славы Жабінкаўшчыны, ініцыятарам якога выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
А іншых удзельнікаў мітынгу, гасцей горада чакалі фотавыставы, спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты творчых калектываў, музычна-забаўляльныя праграмы і, вядома, святочны салют, якім і закончылася святкаванне Вялікай Перамогі. Дарэчы, сёлета ён сабраў безліч жабінкаўцаў і быў вельмі прыгожым.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

              IMG_1314

_DSC4659

IMG_1331

_DSC5042

_DSC4517

_DSC4468

_DSC4472

_DSC4666

_DSC4901

_DSC5194

IMG_1336

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top