Травы растуць, а касілкі рамантуюцца

Травы растуць, а касілкі рамантуюцца

_DSC2011

На мінулым тыдні на базе ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада з удзелам прадстаўнікоў Міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці, РА “Белаграсервіс”, кіраўнікоў маторарамонтных заводаў і спецыялізаваных прадпрыемстваў, вытворцаў сельгастэхнікі і інш. Абмяркоўвалася галоўнае пытанне – падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі да IMG_0870зялёнага жніва.
Статыстычныя дадзеныя, агучаныя першым намеснікам старшыні абл-выканкама Мікалаем Токарам і першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанідам Марынічам, увялі ў курс спраў прысутных. Прынамсі, адкрываючы першую частку семінара-нарады, Мікалай Васільевіч Токар адзначыў:
– Зімоўка для грамадскага статка выдалася надзвычай складаная, бо летняя спёка не дазволіла аграрыям нарыхтаваць запланаванай колькасці кармоў. Таму гэтае пытанне востра паўстае сёлета. На жаль, нізкія начныя тэмпературы не спрыяюць IMG_0858росту раслін, у тым ліку траў. Вядома, што на трывалай кармавой базе будуецца эканоміка.
У стварэнні яе важная роля адводзіцца не толькі аграрыям, але і механікам, інжынерам. Неабходна, каб уся кормаўборачная тэхніка была падрыхтавана і задзейнічана ў рабоце. На Брэстчыне для абнаўлення яе трэба каля 30 мільярдаў рублёў. А касавіца, між іншым, не за гарамі – масава пачнецца праз тыдзень-паўтара.
Леанід Адамавіч Марыніч дапоўніў выступленне Мікалая Васільевіча несуцяшальнымі лічбамі ўжо рэспубліканскага ўзроўню. Так, па справаздачах упраўленняў, калі Брэсцкая вобласць і Гродзеншчына ў зімні перыяд займаліся рамонтам кормаўборачнай тэхнікі, дык Віцебшчына і Магілёўшчына фактычна не браліся за гэтую работу! Вось і атрымліваецца, што ў цэлым па рэспубліцы кожны другі кормаўборачны камбайн прастаіць у зялёнае жніво ў лепшым выпадку пад павеццю. Чыноўнікі, якіх заклікаў да адказу Леанід Марыніч, разгублена разводзілі рукамі – маўляў, сродкаў на рамонт няма, сітуацыя выйшла з-пад кантролю. А травы, між іншым, растуць. А чым іх убіраць будуць?
Далей семінар меў працяг на мехдвары і ў майстэрнях ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Дарэчы, менавіта гэтае таварыства адзначалася як узор гаспадарлівасці і прадпрымальніцтва на рэспубліканскім узроўні. Калі госці з усёй краіны аглядалі матэрыяльна-тэхнічную базу прадпрыемства, у вачах многіх бачылася жывая зацікаўленасць да арганізацыі тут працы. Дырэктар Уладзімір Дземідзюк паказаў склады і мехмайстэрні, у якіх “кіпела” работа. “Мы да касавіцы і жніва даўно гатовыя”, – запэўніў удзельнікаў семінара Уладзімір Мікалаевіч. Доказам ягоных слоў служылі падрыхтаваныя тры КВК-800, К-Г-6, два КЗС-12-18 і адзін КЗС-10. Госці мелі магчымасць ацаніць у дзвюх майстэрнях шырокі выбар запчастак і рамонтных камплектаў для падрыхтоўкі тэхнікі на суму амаль 6 мільярдаў рублёў.

Сёлета ў сельгастэхніцы супраць пяці запланаваных атрымалі “другое жыццё” 11 адзінак кормаўборачных камбайнаў, з якіх тры КВК-800 паступілі сюды з СВК “Вазнясенскі”, “Маціевічы” і ААТ “Ракітніца”. А ў цэлым на лінейку гатоўнасці жабінкаўскія рамонтнікі паставілі 35 адзінак кормаўборачнай тэхнікі.
– Наш дылерскі тэхнічны цэнтр паспяхова існуе пры сельгастэхніцы на працягу дзесяці гадоў, – расказваў гасцям Уладзімір Мікалаевіч. – Пад кіраўніцтвам вопытнага Ігара Дулевіча 10 майстроў-наладчыкаў абслугоўваюць 52 адзінкі гарантыйнай корма- і зернеўборачнай тэхнікі вытворчасці “Гомсельмаш” (а разам з негарантыйнай іх колькасць павялічваецца да 757 адзінак) у Жабінкаўскім, Камянецкім, Маларыцкім, Кобрынскім і Брэсцкім раёнах. Аналагічныя цэнтры тэхнічнага абслугоўвання ад “Гомсельмаша” на Брэстчыне дзейнічаюць таксама ў Івацэвічах і Пінску. Сёлета ў першым квартале на рамонт кормаўборачнай тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў з абласнога бюджэту жабінкаўскаму тэхцэнтру было выдзелена 320 мільёнаў рублёў, якія паспяхова асвоены. Яшчэ 480 мільёнаў рублёў паступяць у другім квартале.
Жабінкаўская сельгастэхніка, як дылерскі цэнтр “Гомсельмаша”, не толькі рамантуе тэхніку, але яе і прадае. Удзельнікі семінара з цікавасцю агледзелі касілку КПР-9. Гэты агрэгат беларускай вытворчасці некалькі гадоў выкарыстоўваецца на палях краіны і пад час работы атрымаў нямала нараканняў. Прадпрыемства-вытворца пастаралася максімальна выправіць недахопы, і цяпер удасканаленыя касілкі ахвотна набываюць сельгасвытворцы. Уладзімір Мікалаевіч, прынамсі, прывёў лічбу: удалося прадаць 6 адзінак на суму 650 мільёнаў, яшчэ дзве застаецца.
Станоўчыя водгукі з боку Мікалая Васільевіча Токара, які некалькі гадоў узначальваў раён, атрымала наша сельгастэхніка і за тое, што ў няпростых эканамічных умовах змагла ўтрымацца на хвалі рынку і захаваць мехатрад.
– Неабходна ў кожным раёне стварыць мехатрады, – гаварыў ён. – Не ўсе сельгасвытворцы маюць свабодныя сродкі на набыццё таго ж КВК-800 або “Ягуара”, а дапамога мехатрада будзе своечасовая і адчувальная.
Як высветлілася, ён мае “Ягуар”, КВК-800, касілку, прычэп, граблі, 5 прэс-падборшчыкаў. У папярэднія гады корманарыхтоўчы атрад быў запатрабаваны. Сёлета СВК “Маціевічы” і “Шпіталі” ўжо зрабілі заяўку на нарыхтоўку кармоў.
На рэспубліканскай нарадзе гаварылася таксама пра зручнасці выкарыстання беларускай сельгастэхнікі “Гомсельмаша” і аб яшчэ адной навінцы беларускай інжынернай думкі. Так, намеснік генеральнага дырэктара РА “Белаграсервіс” падрабязна спыніўся на рухавіку, аналагу замежнаму, што некалі выпускаўся на “Дэтройдзе” (апошні перастаў ужо існаваць). Новы беларускі матор “выдае” 300 конскіх сіл, мае ўсе параметры і пазіцыі не горшыя, чым у замежных. Па краіне 160 энерганасычаных трактароў стаяць і чакаюць замены “жалезнага сэрца”. Першая ластаўка “паляцела” ў Маларыцкі раён. Там заменены новенькі матор паспяхова працуе ў трактары. Дарэчы, замена яго абышлася ўсяго ў 150 мільёнаў – у разы даражэй каштуе замежны аналаг. Магчыма, пры падтрымцы рэспублікі і астатнія паўтары сотні непрацуючых трактароў выйдуць на палі.
…Пад час пленарнай часткі абмяркоўваліся таксама пытанні забяспечанасці запчасткамі, укаранення электроннага ўліку тэхабслугоўвання гарантыйнай і негарантыйнай тэхнікі, а таксама трымалі справаздачы кіраўнікі камітэтаў сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкамаў. Падвёў вынікі семінара-нарады першы намеснік міністра сельгасхарчу Леанід Марыніч.
Дарэчы, у рабоце яго таксама прыняў удзел старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Святлана КІСЛАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro