Кожны дзень – новыя адкрыцці

Кожны дзень – новыя адкрыцці

IMG_8267Леў Талстой казаў: “Калі ў настаўніку злучаюцца любоў да справы і да вучняў, ён дасканалы настаўнік”. Гэтыя словы з упэўненасцю можна аднесці і да Валянціны Фёдараўны Якімук, настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы №3 г. Жабінка, якая чатыры гады навучае нашых дзяцей. У яе ёсць усё, што адпавядае сапраўднаму педагогу: талент, багатыя веды, эрудыцыя, метадычнае майстэрства, душэўная цеплыня, чуласць, цярпенне і невычэрпная энергія. Мы заўважалі, што дзецям падабаецца вучыцца, ім цікава, бо ўрокі Валянціны Фёдараўны – гэта новыя адкрыцці, незабыўныя ўражанні і незвычайныя падарожжы па краіне ведаў. Агеньчыкі ў вачах нашых “чамучак”, імкненне ўсё своечасова зрабіць, быць лепшымі сведчылі аб гэтым. Заняткі яна будавала так, што ўсе вучні ўдзельнічалі ў іх, ніхто не заставаўся ўбаку, кожны атрымліваў індывідуальнае заданне, паміж дзецьмі і педагогам панавала атмасфера даверу і шчырасці. Яна клапатліва сачыла за развіццём кожнага вучня, умела падбірала ключык, выхоўвала назіральнасць, самастойнасць. Ганарымся, што ў ліку пераможцаў раённых прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый сярод вучняў пачатковых класаў – сённяшнія выхаванцы Валянціны Фёдараўны.
У нашай памяці застануцца шматлікія агульныя справы, цікавыя пазакласныя мерапрыемствы, у якіх актыўны ўдзел прымалі і бацькі. Гэта збор макулатуры і рамонт класа, сумесны паход у асенні лес па грыбы, удзел у школьных спартыўных святах і спартландыях. Прыемнымі былі сюрпрызы на Дзень Маці, калі мамам патрэбна было пазнаць сябе ў дзіцячых партрэтах. А завяршылася мерапрыемства за кубачкам гарбаты са смачным пірагом, які Валянціна Фёдараўна заказала спецыяльна на свята.
Кожны год напярэдадні 9 Мая дзеці разам з Валянцінай Фёдараўнай наведваюць працаўніка тылу Ганну Пракопаўну Давыдоўскую. 4 “А” стаў ініцыятарам у навядзенні парадку ля помніка воінам-вызваліцелям у вёсцы Федзькавічы. Пасля завяршэння работы дзеці ўсклалі да яго кветкі.
Валянціна Фёдараўна сапраўдная класная мама, якая сочыць за дасягненнямі сваіх выхаванцаў не толькі ў вучобе, але і ў спорце, шматлікіх творчых конкурсах, бо яны наведваюць раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, школу мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Бадзёрасць”, зай-маюцца ў танцавальных калектывах, вакальных студыях, спартыўных секцыях, аб’яднаннях па інтарэсах. Яна прысутнічае на іх выступленнях (не застаюцца без увагі і ранейшыя выхаванцы), падтрымлівае, віншуе з перамогамі.
Праз газету хочам выказаць словы ўдзячнасці паважанай Валянціне Фёдараўне за выхаванне дзетак, за трывалыя веды, чуласць, дабрыню, спагаду і пажадаць напярэдадні яе дня нара-джэння творчых поспехаў на педагагічнай сцяжынцы, цікаўных, дапытлівых вучняў, моцнага здароўя і дабрабыту ў сям’і.
Бацькі 4 “А” класа СШ №3 г. Жабінка.
На здымку: В.Ф. Якімук са сваімі выхаванцамі – сёлетнімі выпускнікамі пачатковай школы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro