Адкрываючы сябе

Адкрываючы сябе

IMG_0949Аднойчы, калі прачытаў у “Сельскай праўдзе” паэтычныя радкі Рамана Тармолы-Мірскага: “Адкрыць сябе – таксама адкрыццё, і радавацца ёсць усе прычыны, бо можна доўгае пражыць жыццё і быць сляпым з відушчымі вачыма”, Міхаіл Міронавіч Кузіч зразумеў, што аўтар напісаў і пра яго. Бо ён усё жыццё адкрывае ў сабе нешта новае, цікавае.
У 1962 годзе Міхаіл, скончыўшы Повіцкую сярэднюю школу, што на Кобрыншчыне, як і многія юнакі, адчуў пільную патрэбу ў авалоданні тэхнікай і паступіў у вучылішча механізацыі, а перад службай у арміі, па накіраванні Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), скончыў курсы вадзіцеляў. Служыць выпала ў роднай Беларусі ў мотастралковым палку. Тры гады Міхаіл Кузіч быў вадзіцелем аўтамабіля.
Калі вярнуўся з войска, хлопца паклікала рамантыка на будоўлі ў Сібір. Тут скончыў школу майстроў і завочна паступіў у Магілёўскі будаўнічы тэхнікум. Калі наглытаўся сібірскага паветра (няпроста беларусу ўсё-такі прывыкнуць да доўгай, паўночнай зімы), Кузіч прыехаў у Жабінку. За многія гады выпала працаваць і ў міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, і ў ПМК-19, і ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва (УКБ), і ў камунгасе.
У той час, як працаваў ва УКБ, Міхаіл Міронавіч зразумеў, якую вялікую сілу мае друкаванае слова. Не раз выпадала яму выязджаць з журналістамі ў рэйды. На месцы выяўляліся ўпушчэнні ў будаўніцтве, а ў другі раз, будучы на тым жа аб’екце, бачыў, што многія недахопы пасля публікацыі ў “Сельскай праўдзе” былі ліквідаваны. Але ў самога не хапала часу для таго, каб напісаць у газету. Таму пачаў актыўна супрацоўнічаць з раёнкай толькі тады, як выйшаў на пенсію.
Тэму для першай публікацыі падказаў адзін выпадак. Ехаў Міхаіл Міронавіч на веласіпедзе ў Здзітава, а ля дарогі, прама ў кювет, нейкі недарэка выкінуў мяшок са смеццем. А чаму не завёз на смеццязвалку? Хіба ж можна забруджваць прыроду?! Любіць Кузіч хадзіць у грыбы ды ягады, а ў навакольных лясах колькі рознага бытавога смецця! Не, не там чыста, дзе часта прыбіраюць, а там, дзе не смецяць…
У сталым ужо ўзросце Міхаіл Кузіч выявіў у сабе цягу да мінулага, што было на зямлі задоўга да нас. Ён сабраў шмат матэрыялаў пра малую радзіму – вёску Повіць і яе жыхароў, пра старажытную Здзітаўскую царкву, імкнецца пазнаёміцца з іншымі храмамі Жабінкаўшчыны, каб пасля выкласці ў інтэрнэт. Гэта дазволіць людзям карыстацца тымі знаходкамі, што адкрыў Кузіч пад час пошуку.
Цікавяць Міхаіла Міронавіча і назвы вуліц у горадзе. Добра, што адышлі ў мінулае часы, калі ім давалі імёны Леніна і яго паплечнікаў, калі ў гарадах з’яўляліся вуліцы і завулкі Піянерскія ды Камсамольскія, Камуністычныя ды Сацыялістычныя, Калгасныя ды Саўгасныя. Пахвальна, лічыць няштатны аўтар раёнкі, што для новых падабралі імёны знакамітых землякоў: слаўных военачальнікаў Касцюшкі і Германовіча, удзельнікаў вайны Чарнака, Дзмітрука, Філіпука, паэта Сахарчука…
Міхаіл Міронавіч Кузіч мяркуе і ў далейшым супрацоўнічаць з “Сельскай праўдай”, а для чалавека, не раўнадушнага да навакольнага жыцця, да розных заган, знойдзецца не адна тэма для таго, каб узяць у рукі пяро і павесці праз газету размову з чытачамі.
Расціслаў БЕНЗЯРУК, няшт. кар. “Сельскай праўды”.
На здымку: Міхаіл Міронавіч КУЗІЧ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro