“Вайна зрабіла мяне сіратою”

“Вайна зрабіла мяне сіратою”

IMG_0973

Гавораць, у ліхія часы чалавек раней сталее. Тым, хто прыйшоў на свет сярод вайны, гэта дакладна вядома. Я нарадзілася ў маі 1942-га ў Смольніках Іванаўскага раёна. Век свой дажываю ў Жабінцы. Ніколі не забываю пра няшчасны бацькаў лёс, кожны май гэтыя ўспаміны агортваюць з новай сілай. Вайну-бяду, якая зрабіла мяне сіратою, памятаю не толькі з расказаў матулі Хрысціны Сцяпанаўны, пэўныя карціны ліхалецця яркім сполахам адбіліся і ў маёй, тады яшчэ дзіцячай, памяці.
Вось самая ранняя. Сапраўднай карміліцай і выратавальніцай для сям’і, дзе гадаваліся трое малых дзяцей, была карова. Знак роўнасці можна было паставіць паміж жыццямі нас, дзяцей, і здароўем рагулі. Як толькі пасля сцюдзёнай зімы пачынаў раставаць лёд на блізкім балоце, матуля брала мяне з сабою, каб нарыхтаваць плывун – расліну, што купкамі плавала па вадзе. У час, як нічога іншага не было, і такія кармы станавіліся багаццем. Ды як здабыць расліну? Я была яшчэ такая малюсенькая, лёгенькая, што мама садзіла мяне ў жалезныя начоўкі, прывязвала да іх вяровачку ды пускала гэты “караблік” у “плаванне”. І я сваімі слабенькімі ручкамі рвала зялёныя сцябліны, нарыхтоўвала расліны, каб толькі не сканала рагуля.
Трымацца на свеце сям’і было лягчэй, калі быў бацька. Павел Паўлавіч быў у многіх сялянскіх справах увішны. З мамай яны пражылі ў згодзе восем гадоў, ды шчасце разбурылася ў адно імгненне… Загінуў ён пры не высветленых да канца абставінах, незадоўга да прыходу Чырвонай Арміі. Ужо набліжалася вызваленне. Немцы хапалі па вёсках і хутарах мужчын, што яшчэ заставаліся ў сваіх хатах, не паспеўшы пайсці ў лес да партызан або проста схавацца ад аблаў. Аднойчы і на наш хутар завіталі няпрошаныя госці ў шэрых шынялях. У маёй памяці захаваліся толькі невялічкія ўрыўкі з таго дня, падрабязнасці ведаю з расповедаў маці. Некалькі нямецкіх салдат загадалі бацьку, яго брату Аляксандру Абрамовічу ды яшчэ тром суседзям хутка збірацца. На ўсё пра ўсё – лічаныя хвіліны. Жанчыны загаласілі, думалі, што выпрасяць літасці ў акупантаў для сваіх мужоў і бацькоў. Тым больш, ніякай віны за імі не было. Куды мужчын вядуць і навошта, ніхто не ведаў, а тлумачыць гэта хутаранам не збіраліся. У той самы час падобныя аблавы ўчынілі і ў іншых паселішчах. Усіх гналі на цэнтральную сядзібу ў вёску Журавок.
Наступным днём маці ўзяла мяне, зусім маленькую, якой было не больш за паўтары гады, брата Жэню і пайшла прасіць, каб выпусцілі бацьку. Маліла: “Мо нейкі выкуп можна заплаціць за мужа? Нават карову аддам – толькі вярніце”. Ды немцы непахісна стаялі на сваім, нават смяяліся. Хоць нас не кранулі, але і бацьку не адпусцілі. Адзін ашчэрыўся і сказаў па-польску: “Каб меў галаву, сядзеў бы на халупе”. (Гэта значыць, схаваўся б ад аблавы на гарышчы).
Гэтак бацька пайшоў у нябыт… Шмат гадоў шукала ягоныя сляды. Нават цяпер хочацца ўзяць хоць жменю зямлі, што накрыла ягонае цела. Ды няма ўжо тых, хто падкажа, дзе галаву ён паклаў… Матуля паставіла па мужу сімвалічны помнічак, на якім выбіты словы:
Всю жизнь ты мужа ждала, мать.
Ждала с войны далёкой вести.
И не устало сердце ждать,
Чтоб хоть на миг побыть вам вместе.
Гэты верш напісаў мясцовы журналіст, які даведаўся пра трагічны бацькаў лёс. Як добра, што ёсць такія неабыякавыя людзі. Дзякуючы ім – тым, хто чужы боль перажывае як уласны, – да чарговай гадавіны Вялікай Перамогі ў Адрыжыне (сённяшнім цэнтры сельсавета) аднавілі помнік. Сярод вяскоўцаў, загінулых у вайну, цяпер значыцца і Павел Абрамовіч. Цяжка ад таго, што так доўга вярталася згадка пра яго. Разам з тым радасна мне, бо дажыла да гэтага дня, каб пабачыць на мармуровай пліце бацькава імя.
Надзея АБРАМОВІЧ, г. Жабінка.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro