Раёнку чытаю першай!

Раёнку чытаю першай!

скачанные файлыШтогод у Беларусі 5 мая адзначаецца прафесійнае свята айчынных журналістаў. Нельга ўявіць сённяшні бурлівы свет без таго патоку інфармацыі, якая штодня літаральна навальваецца на чалавека. У такім віры сусветных падзей, як адзначаюць многія нашы чытачы, прыемна мець крынічку інфармацыі пра родны край. Нездарма нярэдка гучыць з вуснаў прыхільнікаў “Сельскай праўды”: “Чытаю раёнку першай!”
Ніжэй публікуем выказванні і прапановы нашых пастаянных чытачоў.

Сумленна магу назваць “Сельскую праўду” сваёй газетай: і таму, што сяброўства з ёю падтрымліваю каля сарака гадоў, і таму, што “сустракаю” на яе старонках шмат аповедаў пра знаёмых. Для мяне раёнка і суразмоўнік, і добры дарадца. Падабаецца многае, нават такая “дробязь”, як публікацыя прагнозу надвор’я. Найперш цікаўлюся інфармацыяй пра святочныя і культурныя мерапрыемствы, што ладзяцца на Жабінкаўшчыне. Радуюся, калі адбываюцца юбілеі, смуткую, калі знаёмыя мне людзі адыходзяць у іншы свет – літаральна пра ўсё можна даведацца ў раёнцы. Мо яшчэ патрэбна завесці рубрыку пра нованароджаных, а то некралогі ў газеце, на жаль, з’яўляюцца перыядычна. А вось пра тое, што ў горадзе і раёне штомесяц не толькі пахаванні, але і нараджаюцца дзеці – а ў іх наш працяг – чамусьці не згадваецца. Думаю, будзе прыемнаю такая інфармацыя ў газеце і маладым бацькам, і бабулям з дзядулямі, і ўсім жабінкаўцам. Жадаю карэспандэнтам новых цікавых тэм і таленту, памножанага ў разы, каб данесці гэтыя тэмы да чытачоў. Няхай дапамагае Бог у іх справах.
Ларыса ШОРАХ,
жыхарка Жабінкі.

***

Гэтак склалася за многія гады: раённую газету чытаю першай. Наша знаёмства працягваецца ўжо шэсць дзясяткаў гадоў, і свайго жыцця без “Сельскай праўды” не ўяўляю. Бо толькі яна шмат расказвае пра знаёмых людзей, пра падзеі на Жабінкаўшчыне. Бывае, пачытаеш – і быццам з родным чалавекам павітаўся. Ёсць повязь паміж чытачом і рэдакцыяй. У выданні мне падабаецца многае: і вялікія артыкулы, прысвечаныя выдатным людзям краю, і лісты ад жыхароў Жабінкі і раёна. (Калі яны звяртаюцца ў рэдакцыю, значыцца, яна насамрэч можа ў нечым дапамагчы). Асобна хочацца сказаць пра тэму Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета – 75 гадоў з дня пачатку таго ліхалецця. Памятаю гэтыя падзеі вельмі добра, бо ў 17 гадоў добраахвотнікам пайшоў на фронт і закончыў вайну ў Празе. Добра, што рэдакцыя з гэтай нагоды абвясціла конкурс “Нязгасная памяць вайны”. Трэба расказваць маладым пра тыя страшныя і гераічныя часы, пра ахвяры, ветэранаў, састарэлых людзей. Яны заслужылі, каб пра іх помнілі і згадвалі не толькі да юбілейных дат. Нас, тых, хто прайшоў праз агнявыя саракавыя, усё ж такі няшмат засталося… Няхай успаміны застануцца на старонках газеты. За гэта вялікая падзяка журналістам. Хутка набліжаецца Дзень Перамогі – свята, як у песні спяваецца, “са слязамі на вачах”. Упэўнены, як заўсёды, “Сельская праўда” адзначыць добрымі матэрыяламі гэты дзень, адзін з найгалоўнейшых у краіне.
Аляксандр ЗАВЯРЖЭНЕЦ, ветэран вайны і працы.

***

“Сельскую праўду” чытаю не толькі таму, што гэта патрэбна для справы – найперш яна неабходная для душы. Адчуваю: гэта мая газета і многіх жыхароў горада і раёна. Цікаўлюся ўсім, што друкуецца на яе старонках, заўважаю змены, што адбываюцца апошнім часам. Аднак хочацца, каб журналісты пісалі больш крытычных матэрыялаў, дапамагаючы грамадзянам вырашаць іх праблемы. Для нас, работнікаў бібліятэкі, раёнка неабходна літаральна як паветра. Чытаю – і самыя значныя матэрыялы на гістарычную тэматыку і пра сённяшні дзень Жабінкаўшчыны нязменна трапляюць у шматлікія папачкі, а таксама ў электронны каталог, які змяшчаецца на афіцыйным сайце ЦБС www.zhabinkalib.by. Інфармацыя пра Жабінкаўшчыну запатрабаваная не толькі ў Беларусі, але нават у Расіі, Украіне, Ізраілі, Казахстане, ЗША і г.д. Як бібліёграф распісваю кожны артыкул са свежых нумароў “Сельскай праўды”. Яны трапляюць у адпаведныя раздзелы краязнаўчай картатэкі. Гэтыя матэрыялы заўсёды запатрабаваныя навучэнцамі школ, студэнтамі, усімі зацікаўленымі.
Хочацца, каб раёнка павялічылася ў памерах, можа (калі гэта магчыма) стала каляровай, а факты, выкладзеныя ў ёй, – больш аператыўнымі. Творцам, якія рупяцца над стварэннем раённага выдання, жадаю аптымізму і паболей цікавых суразмоўнікаў.
Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф
Жабінкаўскай ЦБС.

***

Скажу шчыра (не толькі дзеля свята друку, якое на падыходзе): “Сельская праўда” – газета цікавая і карысная, паколькі дае шырокую інфармацыю пра жыццё на Жабінкаўшчыне.
Што прапанаваць журналістам, каб газета стала яшчэ больш прывабнай? Не абыходзьце вострыя тэмы, якіх хапае ў жыцці. Для прыкладу – пра аплату працы вясцоўцаў. Магчыма, трэба на старонках раёнкі часцей абагульняць вопыт работы сельвыканкамаў. І што вельмі важна, больш пісаць пра асобных людзей, бо менавіта партрэты нашых сучаснікаў, створаныя майстрамі пяра, застаюцца ў памяці і выклікаюць цікавасць. Вельмі карыснымі бываюць матэрыялы на гістарычную тэматыку. Адкрываючы свет мінулага, чытачы абагачаюцца. Усё ж гэта вельмі прыцягальна – адчуваць сябе часткай вялікай гісторыі. Не думайце, што былое знікла назаўсёды, яно выклікае жывое захапленне і сёння. Памятаю, які сапраўдны ажыятаж выклікаў нумар раёнкі ад 27 студзеня гэтага года, прысвечаны 500-годдзю нашых Азят. Нават тыя, хто даўно не жыве ў аграгарадку, тэлефанавалі, пыталіся, дзе дастаць нумар газеты, які распавядаў пра такую значную падзею ў жыцці роднага паселішча?! Цяпер у раёне ідзе падрыхтоўка да вялікага свята з нагоды юбілею Азят, што будзе праводзіцца 22 мая. Дзеля гэтага, на мой погляд, карысна ў кожным наступным нумары газеты змяшчаць хоць невялічкія артыкулы з расказамі пра гісторыю паселішча-юбіляра.
Напрыканцы хочацца пажадаць журналістам здароўя, плённай працы і поспехаў ва ўсіх іх пачынаннях.
Ларыса ХАРС, старшыня Азяцкага сельвыканкама.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top