Сартаванне рубель беражэ

Сартаванне рубель беражэ

IMG_0673Рух “Мэта 99” аб’ядноўвае жыхароў Беларусі вакол агульнай ідэі: “Ад кожнага чалавека залежыць сітуацыя з бытавымі адходамі ў краіне. Хочаш, каб стала лепш навокал – рабі простую рэч: збірай бытавыя адходы паасобна”.

Многія не сартыруюць бытавыя адходы нават пры наяўнасці спецыяльных кантэйнераў. Чаму? Сумняваюцца ў мэтазгоднасці сваіх дзеянняў або не задумваюцца, што потым адбываецца з адсартаванымі паперкамі, шклом і пластыкам? Ці ў гэтым вінавата нізкая культура і нежаданне абцяжарваць сябе IMG_0670паасобным зборам смецця?
Спецыяльна для руху “Мэта 99”, які падтрымлівае такі збор бытавых адходаў, дзяржаўная ўстанова “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” зняла міні-фільмы. Яны паказваюць, што адбываецца з адходамі пасля таго, як іх выкінулі ў кантэйнеры для раздзельнага збору, і даказваюць, што перапрацоўка другаснай сыравіны ў Беларусі існуе.
Летась жыхары нашай краіны сабралі амаль 600 тысяч тон адходаў паперы, шкла, пластыку, тэкстылю, зношаных шын. Пасля неабходнай апрацоўкі іх можна выкарыстоўваць паўторна – у якасці сыравіны ў вытворчасці новай прадукцыі з таго ж матэрыялу (адходаў шкла для новай шкляной тары і г.д.).
Узровень выкарыстання камунальных адходаў у Беларусі летась дасягнуў 15,6%. Для параўнання, пяць гадоў назад у краіне перапрацоўваліся толькі 9%.
Гэтая тэма зацікавіла карэспандэнтаў раёнкі, і яны наведаліся на новы палігон Жабінкаўскай ЖКГ ва ўрочышчы “Бары”, што ля вёскі Вялюнь Брэсцкага раёна. Тут з 30 кастрычніка мінулага года працуе лінія сартыроўкі магутнасцю 5 тысяч кубаметраў у год, коштам 1 мільярд рублёў.
Майстар лініі сартыроўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў Жабінкаўскай ЖКГ Уладзімір Мейлах расказвае, што пад яго кіраўніцтвам працуюць пяць чалавек. Адходы, якія сюды прывозяцца з усяго раёна, падымаюцца з дапамогай транспарцёра наверх, на лінію сартавання, дзе сартавальнікі ўручную адбіраюць паасобна поліэтыленавую плёнку, цвёрды пластык, бутэлькі з-пад малака і гэтак далей. Потым гэтыя другасныя матэрыяльныя рэсурсы прэсуюцца і накіроўваюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Пластык, напрыклад, атрымлівае другое жыццё ў Магілёве.
– Разумееце, ёсць людзі добрасумленныя, свядомыя і тыя, хто яшчэ не прыйшоў да ўсведамлення, што смецце трэба сартаваць і выкідваць паасобку, – кажа Уладзімір Валянцінавіч.
Падзялілася набалелым і начальнік участка саначысткі і добраўпарадкавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Наруш:
– Паасобным зборам смецця наша прадпрыемства займаецца каля 10 гадоў. Штогод нам даводзяцца планы. Напрыклад, сёлета трэба нарыхтаваць 200 тон
шкла, 160 – макулатуры, 40 – пластыку. Летась здалі на перапрацоўку 18 тон ПЭТ-бутэлек, 75 – макулатуры, 100 – шкла. На Жабінкаўшчыне ўсталяваны 83 кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў (42 у райцэнтры, астатнія пераважна ў аграгарадках). Аднак хачу сказаць, што людзі ў большасці сваёй не выкідваюць смецце ў паасобных пакетах, а скідваюць у адзін і паперу, і пластык, і харчовыя адходы. У сельскай мясцовасці насельніцтва, на мой погляд, больш дысцыплінавана і адказна падыходзіць да паасобнага збору адходаў. Чаго не скажаш, напрыклад, пра жыхароў шматпавярховак з вуліц Ф. Скарыны, 2Б, Кірава, 111 і Цэнтральнай, 32 у Жабінцы. Раніцай работнікі ЖКГ апустошваюць кантэйнеры, увечары тыя зноў запоўненыя пакетамі з харчовымі і бытавымі адходамі. Як дастукацца да людзей? Як прымусіць іх кідаць пластык да пластыку, шкло да шкла і г.д.?
Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі лічаць, што займаюцца вельмі патрэбнай справай на карысць прыродзе, людзям і краіне ў цэлым. Працаваць сартавальнікамі адходаў нясорамна, сорамна засмечваць навакольнае асяроддзе – дом, дзе мы жывём.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top