Успаміналі не толькі словамі, але і сэрцам

Успаміналі не толькі словамі, але і сэрцам

26 красавіка ў зале гарадскога Дома культуры сабраліся сем’і ліквідатараў, перасяленцаў, сябры грамадскага аб’яднання “Чарнобыль і дзеці” і проста гараджане, каб ушанаваць 30-ую гадавіну з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да пачатку мерапрыемства можна было азнаёміцца з выставамі кніг, фотаздымкаў і малюнкаў, што прысвячаліся самай буйной тэхнагеннай катастрофе ХХ стагоддзя. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 23% тэрыторыі Беларусі былі забруджаны радыенуклідамі, на ёй у 1986 годзе пражывала 2,2 мільёна чалавека. Пасля распаду Савецкага Саюза наша краіна засталася сам-насам з маштабнымі чарнобыльскімі праблемамі, рашэнне якіх стала важнейшай дзяржаўнай задачай. Пра гэта гаварыў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі. IMG_0905“ДЛЯ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАЛІТЫКІ ў адносінах да пацярпелага насельніцтва і тэрыторый існуюць праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. На іх рэалізацыю з рэспубліканскага бюджэту выдзелены сродкі, эквівалентныя 22 млрд. долараў ЗША, – гаварыў Дзмітрый Мікалаевіч. – Сёння пад спецыяльным медыцынскім наглядам у рэспубліцы знаходзяцца больш за паўтара мільёна чалавек, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку 262 тысячы дзяцей і падлеткаў. На ўліку ў Жабінкаўскай ЦРБ – 299 чалавек. Адным з важнейшых накірункаў па ліквідацыі наступстваў аварыі з’яўляецца санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне насельніцтва. За перыяд з 2011 па 2015 год за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту прайшлі лячэнне ў санаторыях і аздаравіліся 495 тысяч чалавек, у тым ліку 452 тысячы дзяцей”. Падкрэсліў старшыня райвыканкама, што на працягу 30 гадоў развіццю забруджаных раёнаў надавалася вялікая ўвага. Тут будавалася жыллё, бальніцы, школы, дзіцячыя сады, ішла газіфікацыя населеных пунктаў, іх водазабеспячэнне і многае іншае. Пад пільнай увагай знаходзілася лячэнне, аздараўленне насельніцтва, бясплатнае харчаванне школьнікаў. Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў: “У рамках міжнароднага супрацоўніцтва за апошнія пяць гадоў за кошт замежнай бязвыплатнай дапамогі і дабрачынных фондаў выехала на аздараўленне за мяжу больш за 130 тысяч беларускіх дзяцей, у іх ліку і юныя жабінкаўцы (амаль 700 чалавек). Дзяцей з найбольш пацярпелых раёнаў Беларусі запрашалі на адпачынак Аўстрыя, Бельгія, Германія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург і іншыя краіны”. Ён выказаў словы шчырай удзячнасці прадстаўнікам Бельгійскай дабрачыннай арганізацыі “Салідарнасць і надзея Чарнобыля” за аздараўленне дзяцей нашага раёна і аказанне гуманітарнай дапамогі. За гэту дзейнасць яе прэзідэнт Жан-П’ер Апельдорн быў узнагароджаны граматай Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта. Старшыня райвыканкама адзначыў, што такое міжнароднае супрацоўніцтва стала магчымым, дзякуючы дзейнасці грамадскага аб’яднання “Чарнобыль і дзеці”, якое амаль два дзесяцігоддзі існуе ў нашым раёне. У ЛІКВІДАЦЫІ НАСТУПСТВАЎ АВАРЫІ ПРЫМАЛІ ЎДЗЕЛ прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку людзі ў пагонах. Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі Фёдар Балейка расказаў, што літаральна на наступны дзень пасля трагедыі ва ўпраўленні быў створаны зводны атрад для ліквідацыі наступстваў аварыі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Пятра Еўтуховіча. На працягу года пасля катастрофы службу ў чарнобыльскай зоне прайшлі больш за тысячу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Фёдар Фёдаравіч падзякаваў ветэранам-чарнобыльцам за мужнасць, вернасць абавязку і адзначыў, што сярод ліквідатараў былі і прадстаўнікі жабінкаўскай міліцыі. Граматы ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, умелыя прафесійна-граматныя дзеянні, праяўленыя пры выкананні задач, якія стаялі перад органамі ўнутраных спраў у перыяд аховы грамадскага правапарадку ў зоне ліквідацыі IMG_0832наступстваў на Чарнобыльскай АЭС, з рук генерала-маёра міліцыі Фёдара Балейкі атрымалі былыя супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі Фёдар Вашчула і Уладзімір Грачанік. ПОБАЧ З ЛЮДЗЬМІ Ў ПАГОНАХ плячо ў плячо ў зоне знаходзіліся вадзіцелі, медыкі, будаўнікі. Яны ахвяравалі ўласным жыццём, здароўем дзеля выратавання іншых. З хваляваннем у голасе ўспамінаў падзеі 1986 года ліквідатар наступстваў аварыі, інвалід Чарнобыля Аляксандр Гетманенка. IMG_7430“4 мая з тэрыторый адсялення мы вывозілі жывёлу. Ніхто не даваў ніякай інфармацыі аб тым, што на самой справе адбываецца ў краіне, ніхто не інструктаваў, як сябе паводзіць у такіх умовах, усё ўтойвалася. У зоне мы адчулі салодкасць у роце, было вялікае слінааддзяленне. Калі вывозілі людзей – жыхароў 10-кіламетровай зоны – ім гаварылі, што патрэбна ўзяць неабходныя рэчы і дакументы, што гэта толькі на дзесяць дзён, атрымалася – на ўсё жыццё. Жыхароў 20-кіламетровай зоны пачалі высяляць у чэрвені, 30-кіламетровай – у верасні. Найбольш было балюча, калі вывозілі дзетак: да трохгадовага ўзросту з мамамі, старэй трох гадоў – саміх, без бацькоў. У такія хвіліны слёзы наварочваліся, шчымела ў грудзях. Калі ў мяне выявілі анкалогію, далі медыцынскае заключэнне, што захворванне звязана з аварыяй на ЧАЭС, тады ж атрымаў эвакуацыйнае пасведчанне з абавязковым адсяленнем. Так з Гомельшчыны пераехаў у Жабінку. Набліжаецца Радаўніца – свята, якое чарнобыльцы-перасяленцы чакаюць з нецярпеннем. Надыходзіць час наведаць сваю малую радзіму – зону адчужэння без пропуску, пастаяць ля магілак продкаў і сустрэцца з родзічамі і сябрамі”. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя ў зале ахвяраў чарнобыльскай аварыі. Пад удары метранома ў людзей на вачах блішчэлі слёзы, кожны ў гэтую хвіліну думаў, каб такая трагедыя ніколі зноў не паўтарылася. 30 ГАДОЎ ТАМУ ЖЫЦЦЁ МНОГІХ БЕЛАРУСКІХ СЕМ’ЯЎ карэнным чынам змянілася: чарнобыльская бяда прымусіла іх пакінуць родныя мясціны, усё, што нажывалі гадамі. На Жабінкаўшчыне ў выніку абавязковага і свабоднага адсялення апынулася 188 сем’яў (усяго 670 чалавек). Аб тым, як прыжываліся жыхары Нараўлянскага раёна ў Азятах, расказала перасяленка, сябра ГА “Чарнобыль і дзеці” Ніна Казачэнка. IMG_7436“Нам, жыхарам 30-кіламетровай зоны, было дадзена права выбіраць месца перасялення. Многа раёнаў праехалі, але спыніліся на Жабінкаўшчыне. У 1992 годзе 13 сем’яў з Нараўлянскага раёна пачалі жыць у Азятах. Тут было добраўпарадкаванае жыллё з выгодамі, усім прапаноўвалі работу. Дзяцей добра прынялі ў школе, хутка яны сталі “сваімі” ў вучнёўскіх калектывах. Словы падзякі хачу выказаць тагачаснай раённай уладзе, кіраўніцтву калгасу “Беларусь”, старшыні сельскага Савета за тыя ўмовы, якія былі створаны для нас, за дапамогу, клопат і ўвагу. Дзякуючы ўсебаковай падтрымцы, мы тут прыжыліся, дзеці стварылі сем’і, з’явіліся ўнукі, якія будуць лічыць цяпер сваёй малой радзімай вёску Азяты”. Калі Ніна Ярасаўна знаходзілася на пасадзе дырэктара Азяцкай сярэдняй школы, установа трымала сувязь з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй з Вялікабрытаніі “Жыццё для дзяцей Чарнобыля”. Дзеці з Азят, Ракітніцы, Старога Сяла ездзілі на аздараўленне ў далёкую краіну. Арганізацыя аказвала таксама матэрыяльную дапамогу школе ў набыцці мэблі і тэхнічных сродкаў навучання. НА ПРАЦЯГУ 20 ГАДОЎ з жабінкаўскімі сем’ямі-перасяленцамі паспяхова ўзаемадзейнічае грамадскае аб’яднанне “Чарнобыль і дзеці”.IMG_0842 Старшыня Іна Дарошка расказала аб яго рабоце. “У снежні 1996 года было ўтворана аб’яднанне. Зараз у яго ўваходзіць 105 сем’яў. Галоўная наша задача – аздараўленне дзяцей. За час існавання аб’яднання больш чым 500 хлопчыкаў і дзяўчынак пабывалі і адпачылі ў Галандыі, Англіі, Ірландыі, Бельгіі, Даніі, Паўночнай Ірландыі, а таксама палепшылі сваё здароўе ў лагерах адпачынку Адэскай вобласці на Чорным моры, у дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Жамчужынка”, што ў Кобрынскім раёне, Высокаўскай санаторнай школе-інтэрнаце. Ад замежных сяброў мы атрымліваем гуманітарную дапамогу. Гэта адзенне, абутак, мэбля, прадметы хатняга ўжытку. За час існавання аб’яднання ў наш адрас было дастаўлена 43 грузы. Самыя вялікія партыі паступалі з Ірландыі і Даніі. Гуманітарку атрымліваюць не толькі сябры нашага аб’яднання, але і малазабяспечаныя, сацыяльна-неабароненыя сем’і горада і раёна, пенсіянеры, людзі, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Частка дапамогі перадаецца бюджэтным арганізацыям раёна. Мэбля, фарба, канцылярскія тавары, дзіцячыя цацкі – установам адукацыі, прадметы медыцынскага прызначэння – Жабінкаўскай ЦРБ, а таксама раённай арганізацыі “БелТІЗ”, таварыству інвалідаў. Прывозяць замежныя партнёры і імянныя пасылкі, а таксама лекавыя сродкі для інвалідаў. У рамках культурнай праграмы “Беларусь да і пасля Чарнобыля” наша аб’яднанне сумесна з Бельгійскай арганізацыяй “Салідарнасць і надзея Чарнобыля” змаглі наладзіць выступленні калектываў клуба цукровага завода ў Бельгіі пяць гадоў запар. Сродкі, атрыманыя ад канцэртаў, былі накіраваны на аздараўленне беларускіх дзяцей у Бельгіі. Пад час культурнай праграмы, якую арганізавалі для юных жабінкаўскіх артыстаў нашы замежныя партнёры, дзеці пабывалі ў Дзіснэйлэндзе ў Францыі, у гарадах Люксембурга, Германіі, дзе пазнаёміліся са славутымі мясцінамі”. СЛОВА ТРЫМАЎ І ГОСЦЬ З ДАЛЁКАЙ БЕЛЬГІІ – прэзідэнт дабрачыннай арганізацыі “Салідарнасць і надзея Чарнобыля” – Жан-П’ер Апельдорн. Выступоўца ўзгадаў тых людзей, хто ўпершыню сустрэўся з Чарнобылем: пажарных, міліцыянераў, ваенных. На момант аварыі ён сам быў паліцэйскім і разумеў, як небяспечна быць там, у зоне, прадстаўнікам гэтых прафесій, але гэта іх абавязак, і яны яго выконвалі. Многія аддалі сваё жыццё і збераглі наша. Калі ў Бельгію сталі прыязджаць на аздараўленне дзеці з пацярпелых раёнаў Беларусі, Апельдорны вырашылі ўзяць у сваю сям’ю таксама каго-небудзь. Гэта быў хлопчык. Яны ўступілі ў арганізацыю. З цягам часу работа ў ёй захапіла Жан-П’ера, ён стаў суправаджаць да нас грузы гуманітарнай дапамогі. Пад час такіх падарожжаў адкрыў для сябе Беларусь. Многа чаму навучыўся ў нас і ўбачыў шмат агульнага паміж беларусамі і бельгійцамі. Госць з Бельгіі выказаў надзею і на далейшае супрацоўніцтва. Жан-П’ер Апельдорн атрымаў Пісьмы падзякі за ўклад у справу дабрачыннасці і добраахвотніцтва па арганізацыі аздараўлення дзяцей і аказання гуманітарнай дапамогі ад грамадскага аб’яднання “Чарнобыль і дзеці” і ад дырэкцыі Жабінкаўскага цукровага завода за творчае супрацоўніцтва. Выступленні гасцей вечара памяці перамяжоўваліся песнямі, вершамі і танцавальнымі нумарамі ў выкананні Аляксандра Чарнушыча, Ірыны Рынчук, Андрэя Войнаша, Вячаслава Фядотава, народнага вакальнага ансамбля “Каларыт”, дзіцячага вакальнага ансамбля “Карамелькі” і ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”.IMG_0827 Алёна НІКАНЧУК. На здымках: Д.М. Гарадзецкі; А.І. Гетманенка; генерал-маёр Ф.Ф. Балейка з уганараванымі У.У. Грачанікам і Ф.М. Вашчулам; старшыня ГА “Чарнобыль і дзеці” І.А. Дарошка (у цэнтры) і перакладчык А.М. Дамасевіч (злева) з бельгійскай дэлегацыяй; Н.Я. Казачэнка; выступае ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”. Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro