Натхнёная і творчая ў працы, патрабавальная ў жыцці

Натхнёная і творчая ў працы, патрабавальная ў жыцці

Пра адных мы кажам: “Дзе нарадзілася – там і згадзілся”, пра іншых – “Яе другой радзімай стала зямля…” Менавіта апошняе выказванне суадносна лёсу абаяльнай, так скажа пра яе той, хто хоць аднойчы сустракаўся; ініцыятыўнай і патрабавальнай, калі пэўны час з ёю працаваў; энергічнай і настойлівай, калі ёй даводзілася браць чарговую прыступку ў кар’ернай лесвіцы. Гэтыя паважлівыя словы пра дырэктара раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіну Іванаўну Іванову, якая сакавіцкім днём адзначыла свой паўвекавы юбілей.
ивановаРадзінны куточак Галіны Івановай – вёсачка Гайнін, што ў Ляхавіцкім раёне. Тут дзяўчына выхоўвалася працавітымі, мудрымі бацькамі, якія сфарміравалі ў характары дачкі любоў да роднай зямлі, да людзей, якія на ёй жывуць, да народнай творчасці. Прафесію выбірала і розумам, і сэрцам. Калі ў 1986 годзе закончыла Гро-дзенскае культурна-асветніцкае вучылішча з “чырвоным” дыпломам, яе размеркавалі ў Жабінкаўскі аддзел культуры райвыканкама, які ўзначальваў Алег Іванавіч Храмцоў. Ён і прыняў самы непасрэдны ўдзел у працаўладкаванні маладога спецыяліста – накіраваў у Хмелеўскі сельскі Дом культуры. На дарогу ў прафесію сказаў: “Па ўсім бачна, што веды вы атрымалі ў вучылішчы грунтоўныя, спецыяльнасць “кіраўнік тэатральнага калектыву і клубны работнік” акурат падыходзіць, бо на хмелеўскай зямлі жывуць творчыя людзі, якія сябруюць з народнай спадчынай, шануюць яе, захоўваюць традыцыі продкаў. Поле дзейнасці для вас шырокае і цікавае”.
Спеўны і незвычайны куточак зямлі жабінкаўскай сустрэў дзяўчыну ветліва, з разуменнем, найперш таму, што гаспадыняй у мясцовым Доме культуры была добрай і шчырай душы чалавек – Рэгіна Альбінаўна Муха, якую паважалі не толькі ў вёсцы, але і ў раёне, яе пазнавалі і дзякавалі за ўмененне бачыць талент у людзях, гуртаваць вакол сябе моладзь. Галіна ўзялася за справу, сумаваць не было часу. Праўда, калі-нікалі ўспаміны “пераносілі” яе ў мілую сэрцу вёску дзяцінства і суседскую Савейкі, дзе яна разам з сяброўкамі бегала па брукаванцы, якую пабудавалі да прыезду расійскай царыцы Кацярыны Першай, і адпачывала, весялілася ў ліпавай алеі, што высадзілі таксама да гэтай падзеі. У Савейках, дарэчы, знаходзілася раней сядзіба паноў Навіцкіх, з ансамблевай культурай, паркавымі сажалкамі, цікавымі дрэвамі, стрыжанымі кустамі, дзе цяпер размяшчаецца санаторый “Савейкі”, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Сустрэчы з цікавымі людзьмі Жабінкаўшчыны, паразуменне ў калектыве хмелеўскіх культработнікаў, захопленасць мастацтвам – і маладога спецыяліста заўважылі ў раёне. Літаральна праз паўгода прапанавалі быць мастацкім кіраўніком па рабоце з дзецьмі ў гарадскім Доме культуры. З той пары, хоць і ў Хмелеве кантактавала і захапляла творчасцю юнае пакаленне, Галіна Іванаўна працуе з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, далучае іх да мастацтва, прапагандуе чалавечую чысціню. Дзеці цягнуліся да яе, добра памятае сваіх першых юных лялечнікаў Аксану Бравенка, Таццяну Зялевіч, Ліяну Плечка, Ірыну Клочка, Вольгу Курылюк, Святлану Данілюк. Некаторыя з іх пазней прыводзілі сваіх сыноў ці дочак у гурткі цяперашняга цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Але на імгненне вернемся ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя, калі Галіна Іванаўна “пратоптвала” працоўную сцяжынку ў гарадскім Доме культуры. Калегі Васіліса Паўлаўна Каралец, Ніна Аляксееўна Зялевіч, Галіна Пятроўна Карабан уважліва, чула сустрэлі дзяўчыну, падтрымлівалі, дапамагалі ўладкавацца ў быце. Зусім нямнога пажыла на прыватнай кватэры, потым атрымала інтэрнат, пад які была адведзена кватэра ў цэнтры горада, з’явіліся сябры, новымі творчымі знаходкамі папаўняліся працоўныя набыткі. А колькі было ў яе сцэнічных і канцэртных пляцовак! Вось яна выступае ў ролі вядучай на прафесійным свяце работнікаў міліцыі ці ў райспажыўтаварыстве, назаўтра сустракаем на Рудкаўскай ферме, дзе спявае ў мастацкай самадзейнасці, а вось чытае маналог са сцэны ГДК. Яе сябры, успамінаючы той час, гаварылі: “Калі Галіна імправізавала гумарыстычныя творы, то слухачы так захапляліся і смяяліся, нібыта на сцэне сама Алена Сцепаненка”.
Працуючы з людзьмі, разумела, што не хапае ведаў, трэба абавязкова вучыцца, дый калегі падштурхоўвалі да гэтага, асабліва Алег Іванавіч Храмцоў. Яна выбірае Мінскі інстытут культуры, здае адзіны экзамен на “5”, і яе залічваюць на завочную форму навучання. Першы год вучобы праляцеў непрыкметна, а ў яе жыцці адбыліся значныя змены: пабраліся шлюбам з Віктарам Івановым, чакалі немаўлятка. Але здраднікі-гады надзялілі маладую жанчыну складанасцямі: адышлі ў іншы свет свякроўка і тата, а тут і сынок Сярожка з’явіўся, захвалявалася Галіна-мама і кінула вучобу. Пад час нашай сустрэчы з болем гаварыла, што перажыла б усе нягоды, змагла б закончыць інстытут, дапамаглі б родныя, але разгубілася ад усяго, што навалілася. Потым падсумавала: “Вучоба мне давалася лёгка. З пункту гледжання пражытых гадоў прыйшла да высновы: часцей губляеш тое, на што траціш мала сіл, часу, нерваў. Так здарылася, Бог з ім. Пазней я зноўку стала студэнткай-завочніцай, але ўжо Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і атрымала спецыяльнасць “сацыяльны педагог”. Дарэчы, сярод моладзі было вельмі прыемна і цікава знаходзіцца. Ад зносін з імі і сама маладзела душою”.
Паспрабавала заўважыць, што яна па-ранейшаму выглядае цудоўна, таму што ў пастаянным творчым пошуку, настойлівая ў дасягненні мэтаў, да чаго яе падштурхоўваюць цікаўныя, гарэзлівыя дзеткі, з якімі неразлучная ўжо тры дзясяткі гадоў. Асабліва такое сяброўства завязалася, як Галіна Іванова перайшла на працу ў раённы Дом піянераў (мужу не падабаліся частыя і познія яе паездкі ў складзе мастацкай самадзейнасці). Уліцца ў новы калектыў дапамагалі дырэктар Ніна Дзмітрыеўна Куніцкая, шчырыя адносіны склаліся з педагогамі ўстановы Наталляй Сцепанюк, Наталляй Уласюк, Галінай Ступчык, Ірынай Кашчэва, іншымі. Яе выхаванцы (вяла заняткі ў тэатральным гуртку) ігралі лялечныя спектаклі, выступалі на абласной сцэне, удзельнічалі ў розных конкурсах, прывозілі з іх узнагароды.
2011 год для Галіны Івановай быў чарговай прыступкай у кар’ернай лесвіцы. Хоць не адразу, але яна дала згоду былой начальніцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлане Мікалаеўне Янусік узначаліць раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер для яе стала галоўным наладзіць работу цэнтра такім чынам, каб прыемна было працаваць педагогам, каб дзеці з карысцю праводзілі свой вольны час, тым болей што ўстанове быў прысвоены новы статус – “дадатковай адукацыі”, увялі плату за заняткі дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. “Плата не страшыць бацькоў, – расказвае дырэктар РЦТДМ Галіна Іванова. – Цяпер яго наведваюць каля 900 чалавек, што амаль у два разы больш у параўнанні з 2011 годам. У гэтым заслуга нашага калектыву. У ім працуюць цікавыя, захопленыя творчасцю педагогі. Без перабольшвання – у іх залатыя рукі, яны майстры з вялікай літары, пастаянна ўдасканальваюцца ў прафесіі. Алена Мікалаеўна Філіповіч цудоўна малюе, таму прапануем ёй сёлета паўдзельнічаць у абласным конкурсе “Педагог года дадатковай адукацыі”, які, дарэчы, даўно не праводзіўся”.
Галіна Іванова цікавы суразмоўца. Яна захоплена распавядала пра тое, чым займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі на занятках з педагогамі, колькі задаволенасці і іскрынак радасці ў вачанятках, калі яны бачаць плён свайго старання. Іх падтрымліваюць бацькі, асабліва ў падрыхтоўцы да творчых выстаў, конкурсаў, адкуль юныя аматары дэкаратыўна-прыкладной творчасці абавязкова прывозяць дыпломы, граматы, каштоўныя падарункі, пуцёўкі на адпачынак у лагер “Зубраня”. Ёсць узнагароды Міністэрства адукацыі Беларусі, абласнога ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму, райвыканкама і райсавета, іншыя. У гэтым, вядома, ёсць доля працы і кіраўніка калектыву, якая ўмела арганізоўвае адукацыйны працэс. Прызналася, што запазычыла метады і формы работы ад сваіх папярэднікаў
Н.Д. Куніцкай, Н.М. Урбан, І.М. Кашчэва, іншых. Праўда, час іх удасканальвае, нешта прыносіць новае. Самы галоўны складнік творчага плёну – руплівасць кожнага  педагога, бо яны не ўмеюць перакладваць цяжкасці на плечы іншых, а самі з імі спраўляюцца.
І апошні штрых да партрэта кіраўніка, творцы Галіны Івановай. Сям’я для яе – галоўны праект жыцця. Крэатыўная жанчына любіць сваіх родных, паважае іх, у кожнага свая справа. Муж і сын працуюць, а дачушка вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Любяць у сям’і падарожжы, прагулкі, ствараць вакол сябе прыгажосць. Усё гэта дапамагае набрацца сіл і натхнення для працы, рабіць жыццё яркім, напоўніць яго радасцю.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top